Выбары-2016

Нумары

ВЫЛУЧЭННЕ КАНДЫДАТАЎ У ЧЛЕНЫ САВЕТА РЭСПУБЛІКІ ПАЧЫНАЕЦЦА З 21 ЛІПЕНЯ

Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пачнецца з 21 ліпеня. Аб гэтым праінфармавала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, размешчаным 14 ліпеня на інтэрнэт-партале Выбары-2016.

Вылучаць кандыдатаў у члены верхняй палаты парламента будуць прэзідыумы раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветаў дэпутатаў і раённыя, гарадскія выканаўчыя камітэты, прэзідыум Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Выбіраць членаў Савета Рэспублікі будуць дэпутаты мясцовых Саветаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і Мінскага гарадскога Савета.

Згодна з каляндарным планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у верхнюю палату парламента, вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі будзе прадаўжацца па 19 жніўня ўключна.

 

На адно месца – 4,5 прэтэндэнта

На адно месца ў беларускі парламент прэтэндуюць 4,5 чалавека. Гэту лічбу агучыла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эксклюзіўным інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1». Подпісы цяпер збіраюць 445 каманд патэнцыяльных кандыдатаў.

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, што Цэнтрвыбаркам завяршыў серыю семінараў ва ўсіх абласцях і ў Мінску, якія былі праведзены з кіраўніцтвам акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісій. «Перад намі пастаўлены глабальныя задачы, упор пастаянна рабіўся на выкананне рэкамендацый АБСЕ, дадзеных нам пасля прэзідэнцкіх выбараў», – падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Парламенцкая кампанія ў Беларусі праходзіць пад пільным грамадскім кантролем. Такое меркаванне выказала Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, размешчаным на інтэрнэт-партале Выбары-2016. Старшыня Цэнтрвыбаркама адзначыла актыўнасць нацыянальных назіральнікаў. Яны зарэгістраваны ва ўсіх акруговых выбарчых камісіях.

 

 

Кампартыя вылучыла 59 кандыдатаў

Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 59 кандыдатаў на дэпутацкія крэслы ў парламент рэспублікі. Вылучэнне кандыдатаў адбылося ў Мінску на  ХІІ з’ездзе партыі, у рабоце якога прынялі ўдзел 102 дэлегаты. Сярод выбраных кандыдатаў многа маладых людзей ад 22 да 30 гадоў, занятых ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, навукі, аховы здароўя, адукацыі, прамысловасці.

Члены КПБ таксама абмеркавалі задачы партыі ў выбарчай кампаніі, зацвердзілі падрабязны план мерапрыемстваў і прынялі перадвыбарную платформу. «У ходзе выбарчай кампаніі асабліва праяўляецца ўзровень аўтарытэту сярод суайчыннікаў і ступень даверу выбаршчыкаў да праграмных палажэнняў любой партыі. Выбары пашыраюць магчымасці для набыцця палітычнага вопыту канкрэтнымі кандыдатамі і партыйнымі структурамі. Гэта найбольш прадуктыўны перыяд для пазіцыяніравання ў цэлым палітычнай арганізацыі ва ўмовах сучасных сацыяльна-эканамічных і грамадзянска-палітычных працэсаў у грамадстве і дзяржаве», – падкрэсліў першы сакратар Цэнтральнага камітэта КПБ Ігар Карпенка.

У тэрытарыяльных выбарчых камісіях у КПБ сем прадстаўнікоў, у акруговых выбаркамах – 77, зарэгістравана 21 ініцыятыўная група па вылучэнні грамадзян у кандыдаты шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. У якасці назіральнікаў КПБ плануе накіраваць на выбарчыя ўчасткі рэспублікі да тысячы сваіх членаў.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *