Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай Ураджай-2016

image_pdfimage_print

СТАЎКУ ЗРАБІЛІНА ЯКАСЦЬ

Працаўнікі ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ў ліку першых прыступілі да ўборкі азімага рапсу. Пасевы неабходна было абмалаціць на 165 гектарах, і камбайнеры, нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, справіліся з гэтай работай у сціслы тэрмін.

 – Рапсу пасеялі мінулай восенню 200 гектараў, але 35 гектараў не перазімавалі, – расказвае галоўны аграном Аляксей Чандакоў. – Пасевы, да таго ж, прысушыла, таму чаканага ўраджаю не атрымалі. Аднак для сёлетняга года вынік аказаўся неблагі – намалацілі 19,2 цэнтнера на круг. Стаўку зрабілі на якасць і прадугледзелі матэрыяльны стымул. Камбайнеры выканалі пастаўленую задачу – абмалацілі насенне без страт.  

Высявалі беларускі сорт «капітал». Насенне набылі ў элітгасе «Агранёманскі».

Аляксей Аляксандравіч падкрэслівае, што і пазалетась аддалі перавагу гэтаму сорту. Умовы надвор’я былі больш спрыяльнымі, таму кожны гектар аддзячыў даволі высокай ураджайнасцю.

На рапсавых палетках за вёскай Белькаўшчына працавалі тры экіпажы камбайнераў: два сямейныя – у складзе Юрыя і Генадзя Масель, Генадзяў Янскіх, і  двух Уладзіміраў – Пяўца і Ермаковіча. З раніцы і практычна да поўдня камбайнеры чакалі пакуль пасевы падсушыць пасля начнога дажджу і затым усе дружна рушылі на поле. Павольна, на невысокай хуткасці яны вялі свае «стэпавыя караблі», напаўняючы насеннем бункеры. Усе машыны аснашчаны рапсавымі сталамі, і ўборка вялася прамым камбайнаваннем. Гэты спосаб найбольш эканамічны, і яму аддаецца перавага. Справа ў тым, што і затрат дадатковых не патрабуецца на скошванне рапсу ў валкі, і насенне вымалачваецца спаўна, а гэта садзейнічае павелічэнню ўраджайнасці.

–  Меншая хуткасць – менш страт, – сказаў вопытны камбайнер Уладзімір Пявец. – У гэтым і заключаецца асаблівасць уборкі насення рапсу. Мы зрабілі неабходныя рэгуліроўкі і разам з памочнікам пастаянна кантралюем работу механізмаў камбайна.

На адвозцы насення рапсу ад камбайнаў былі задзейнічаны вадзіцелі Эдуард і Генадзь Рымашэўскія, Іосіф Шпакоўскі і механізатар Мікалай Гушча.

Насенне рапсу ў гаспадарцы дасушваюць, бо вільготнасць яго вагаецца ў межах дваццаці працэнтаў. Кругласутачна задзейнічаны збожжасушыльны комплекс у Любкаўшчыне. Працуюць машыністы Уладзімір Каралец і два Мікалаі – Хромчык і Папоў. Таварыства першым  пачало продаж насення рапсу дзяржаве, аўтамашыны бяруць накірунак на Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў.

Рапсавую салому ў гаспадарцы здрабняюць і адвозяць на жывёлагадоўчыя фермы. Яна выкарыстоўваецца на падсцёл жывёле. Гэта звязана з тым, што збожжавы клін сёлета зменшаны, і на вызваленых больш як 200 гектарах плошчаў пасеяны травы. І, зразумела, саломы збяруць менш. На камбайне працуе Валерый Цвірка.

На дзень наведвання таварыства адначасова з уборкай  рыхтаваліся  палеткі пад сяўбу азімых культур. Праводзілася лушчэнне ржышча і ворыва. Заняты на гэтай тэхналагічнай аперацыі механізатар Яўген Чэмка.

Па словах галоўнага агранома, на гэтым тыдні хлебаробы прыступяць і  да масавай ўборкі збожжавых. На жніве задзейнічаюць восем камбайнаў. Па-сутнасці, уборка ўжо пачалася. Участкі, якія падгарэлі, а гэта 140 гектараў азімых, што раслі на лёгкіх супяшчаных глебах, зжалі на збожжасянаж. Перавялі ў кармавую групу і скармілі жывёле зернебабовыя, якія скасілі на 100 гектарах.

– Рабіць папярэднія прагнозы – справа няўдзячная, і асабліва сёлета, бо надвор’е ўжо не паспрыяла збожжавым і зернебабовым, – сказаў Аляксей Аляксандравіч, – і якім яно будзе ў далейшым – таксама невядома. Пастараемся сабраць вырашчаны ўраджай па максімуме, а чакаецца ён у межах 35 – 37 цэнтнераў.

Дажджлівы мінулы тыдзень, аднак, не мог і не парадаваць. Узяліся ў рост цукровыя буракі і кукуруза. І яравым збожжавым дожджык не пашкодзіць.

На здымках: (злева направа) 1. Галоўны аграном Аляксей Чандакоў і брыгадзір участка  Артур Русак правяраюць вільготнасць рапсу; 2. Вадзіцелі Генадзь і Эдуард Рымашэўскія; 3. Сямейны экіпаж камбайнераў у складзе Генадзя і Юрыя Масель; 4. Вядзецца ўборка рапсу.

 

УНОСЯЦЦА ГЛІФАСАТЫ

Для барацьбы са шматгадовым пустазеллем на культурных раслінах прымяняюцца гліфасатутрымліваючыя прэпараты. Гаспадаркам раёна сёлета неабходна апрацаваць імі каля 16 тысяч гектараў пасеваў. Работа вядзецца з вясны і працягнецца да самай восені. Зараз ў полі зроку аграномаў прапашная група. Уносіліся гербіцыды і пад люцэрну. Каштуюць яны нятанна, таму набываюцца праз мясакамбінат і малочныя заводы ў растэрміноўку плацяжу на чатыры месяцы. Выкарыстоўваюцца пераважна айчынныя прэпараты. На большых плошчах гэта работа выканана ў ААТ «Шашкі», «Налібакі Агра», «Радзіма Дзяржынскага», «Дзераўное», «Рочавічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

 

ДАПАМОГУЦЬ МІКРАЭЛЕМЕНТЫ

Цукровыя буракі – важная тэхнічная культура. Яна размясцілася ў дзевяці гаспадарках раёна на 3100 гектарах. Завершана яе пазакаранёвая падкормка мікраэлементамі, якую неабходна праводзіць як мінімум два разы. Робіцца гэта з мэтай павялічыць ураджайнасць і палепшыць якасць караняплодаў. Ва ўсіх буракасеючых сельгаставарыствах стараюцца выконваць гэты агратэхнічны прыём. Прайшлі дажджы, і зараз буракі набіраюць вагу. Як засведчылі ў аддзеле раслінаводства райсельгасхарчу, ёсць карані, якія  ўжо важаць звыш 300 грамаў, а значыць, ёсць спадзяванні на неблагі ўраджай.

 

ДАЎГУНЕЦІ КУДРАШ

Лён-даўгунец у нашым раёне вырошчваецца на 450 гектарах у трох сельгаставарыствах. Самую вялікую плошчу гэтая тэхнічная культура займае ў ААТ «Рочавічы» – 200 гектараў,  у «Шашках» і «Дзераўное» яна размясцілася адпаведна на 150 і 100 гектарах. Гэтымі днямі льнаводы прыступаюць да цераблення «паўночнага шоўку». У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» больш як на ста гектарах вырошчваюць лён-кудраш на масланасенне, на прадпрыемстве ёсць спецыяльная ўстаноўка для вытворчасці льнянога алею. Пасеяна 38 гектараў кудрашу і ў «Шашках».

 

ПАПОЎНІЛІ ВЕДЫ

Напярэдадні ўборачнай кампаніі ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама цэнтралізавана, за кошт бюджэтных сродкаў, навучалася група аператараў збожжасушыльных комплексаў з сямі сельгаспрадпрыемстваў раёна. Накіравалі сваіх працаўнікоў на вучобу ААТ «Жацерава», «Рубяжэвічы», «Агранёманскі», «Радзіма Якуба Коласа», «Каганец», «Рочавічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Папоўнілі веды і здалі экзамены 27 чалавек. Усе яны працуюць на комплексах, дзе ў якасці паліва выкарыстоўваецца прыродны газ. Правялі абучэнне сваіх работнікаў ва ўстановах адукацыі іншых раёнаў кіраўніцтвы ААТ «Вялікі Двор» і «Вішнявецкі-агра». Варта дадаць, што атэстацыя машыністаў збожжасушыльных комплексаў на веданне імі правілаў эксплуатацыі абсталявання і аховы працы праводзіцца кожны год.

 

ВАПНУЮЦЦА КІСЛЫЯ ГЛЕБЫ

Вапнаванне глебы – адзін з тэхналагічных прыёмаў, які дазваляе не толькі нейтралізаваць кіслыя землі, а і адначасова палепшыць іх прыродныя ўласцівасці, спрыяе павелічэнню ўраджайнасці сельгаскультур. У залежнасці ад саставу глебы, вапнаванне праводзіцца кожныя тры – шэсць гадоў. Падставай для гэтага з’яўляецца праводзімае агратэхнічнае абследаванне зямель. У гаспадарках раёна вапнаванне сёлета неабходна правесці на 2600 гектарах. Выконваюць гэту аперацыю механізатары райаграсэрвіса. Выкарыстоўваюцца даламітавая мука і дэфекат – натуральныя адходы цукровых камбінатаў пры вытворчасці цукру. На палове плошчаў работа выканана, а завершана ў ААТ «Шашкі», «Каганец» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

 

ВЫВОЗІЦЦА НА ПАЛЕТКІ АРГАНІКА

Пад азімую сяўбу ў сельгаставарыствах назапашваюцца арганічныя ўгнаенні. Гэта самае даступнае, натуральнае і таннае ўгнаенне, якое не ўтрымлівае хімічных рэчываў і прыносіць максімум карысці раслінам. У гаспадарках праведзена вялікая работа па ачыстцы фермаў ад гною. Нарыхтавана каля 160 тысяч тон кампостаў і практычна ўсе яны вывезены на палеткі. Унесена ў глебу пятая частка ад агульнай колькасці, у тым ліку і пад сяўбу люцэрны. Добра працуюць з арганікай ў ААТ «Шашкі» і «Дзераўное», дзе перавыкананы планы па яе нарыхтоўцы і палова ад дастаўленых на палі «вітамінаў урадлівасці» заарана, а таксама ААТ «Рубяжэвічы».

 

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 

АХОЎНАЯ ЗОНА ЖНІВА

Завяршаюцца праверкі гатоўнасці збожжасушыльных комплексаў раёна да работы ў перыяд уборкі ўраджаю. 

Сваю падрыхтаванасць засведчылі ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Дзераўное». Аднак практычна ўсе гаспадаркі не ўкамплектаваны выпрабаванымі ахоўнымі сродкамі. У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і ААТ «Рочавічы» адсутнічае электратэхнічны персанал, у «Рочавічах», да таго ж, няма і адказнага за электрагаспадарку. Неабходна праводзіць электрафізічныя вымярэнні электраабсталявання, якія ажыццяўляе, згодна з графікам, Стаўбцоўскае аграпрамэнерга.

Падчас праверак былі праведзены інструктажы са спецыялістамі, раздадзены памяткі. У кожную гаспадарку накіраваны пісьмы-прадпісанні.  Нельга забываць, што ў нашым раёне многія палеткі перасякаюцца паветранымі лініямі электраперадач. Штогод з механізатарамі, задзейнічанымі ва ўборачнай, праводзяцца гутаркі і інструктажы па электрабяспецы, каб не дапусціць выпадкаў электратраўматызму.

Акрамя таго, энерганагляд прадпісвае кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў правесці перад уборачнай інструктажы з механізатарамі па ахове працы і электрабяспецы падчас работы пад лініямі электраперадач, а таксама вывесіць на лесвіцах пад’ёму на бункер збожжаўборачнага камбайна плакат, які нагадвае пра забарону ўзнімацца на бункер пры праходжанні камбайна пад высакавольтнай лініяй.

Звяртаю ўвагу, што ахоўная зона для ВЛ-10кВ складае10 м  па абодва бакі лініі ад крайніх правадоў.У ахоўнай зоне, без пісьмовай згоды электрасетак, забаронена весці пагрузачна-разгрузачныя, землечарпальныя і меліярацыйныя работы, ажыццяўляць пасадку і высечку дрэў і кустоў, устройваць загоны для жывёлы. Забаронены праезд машын і механізмаў, якія маюць агульную вышыню ад паверхні дарогі больш за 4,5 м. Адказнасць за парушэнне ахоўных ліній электраперадач прадугледжваецца артыкулам 20.3 КоАП з накладаннем штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.

Вадзім ХАЛОПІЦА,

інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *