Як выконваюцца патрабаванні

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» і № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва», выканання патрабаванняў заканадаўства аб захаванасці ўласнасці, аб барацьбе з карупцыяй, а таксама аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб ва ўстанове аховы здароўя «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бальніца».

Устаноўлена, што ў дзейнасці ўстановы маюць месца парушэнні як антыкарупцыйнага, так і рэгулюючага іншыя праваадносіны заканадаўства.

Загадам галоўнага ўрача Стаўбцоўскай ЦРБ створана камісія па папярэджанні карупцыйных праяў ва ўстанове аховы здароўя. Пры вывучэнні пратаколаў пасяджэнняў камісіі, праведзеных у 2014 – першым квартале 2016 года, устаноўлена, што ў рабоце камісіі маюць месца факты разгляду на яе пасяджэннях пытанняў, якія не адносяцца да асноўных задач камісіі, – супрацьдзеянне карупцыі, ухіленне прычын і ўмоў, што яе выклікаюць. Складаюцца фармальныя пратаколы, у адпаведнасці з якімі прынятыя рашэнні ўтрымліваюць інфармацыю да ведама, а не ўказваюцца канкрэтныя мерапрыемствы, прапановы, накіраваныя на прадухіленне і выяўленне карупцыйных праяў.

У парушэнне патрабаванняў заканадаўства не наладжана ўзаемадзеянне ўказанай камісіі з дзяржаўнымі органамі, што ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, з грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі арганізацыямі па пытаннях супрацьдзеяння карупцыі. Прадстаўнікі праваахоўных і іншых органаў для ўдзелу ў пасяджэннях камісіі не запрашаюцца.

У ходзе праверкі выяўлены факты прадастаўлення неабгрунтаваных ільгот работнікам УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», што знайшло выражэнне ва ўказанні ў табелях рабочага часу скажоных звестак аб адпрацаваным рабочым часе. У выніку работнікам неабгрунтавана налічвалася і выплачвалася заработная плата.

Згодна са звесткамі, што ўтрымліваюцца ў аўтаматызаванай сістэме «Пасажырапаток», работнік УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» у 06.31 гадзіну 06.03.2014 г. выбыла за межы Беларусі на тэрыторыю Польшчы. Вяртанне адбылося ў той жа дзень у 22.02 гадзіны. Пры такіх абставінах яна ў гэты дзень не магла знаходзіцца на рабочым месцы. Разам з тым, у табелі ўліку адзначаны  адпрацаваны рабочы дзень як па асноўным месцы работы, так і па сумяшчальніцтве.

Аналагічным чынам на працягу 2014 года дапускалася ўказанне ў табелях уліку скажоных звестак аб адпрацаваным рабочым часе яшчэ траіх работнікаў ЦРБ, якія ў рабочы час знаходзіліся за межамі Беларусі. У выніку дзеянняў асоб, якія склалі і падпісалі ўказаныя табелі ўліку рабочага часу, у парушэнне патрабаванняў працоўнага заканадаўства чатыром работнікам установы незаконна былі прадастаўлены прывілеі, а менавіта налічана заработная плата за неадпрацаваны час, у сувязі з чым УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» прычынены матэрыяльны ўрон. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй», прадастаўленне дзяржаўнымі службовымі асобамі неабгрунтаваных ільгот і прывілей фізічным асобам з’яўляецца правапарушэннем, што стварае ўмовы для карупцыі.

У ходзе праверкі выканання УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» заканадаўства аб закупках тавараў (работ, паслуг) выяўлены недахопы ў арганізацыі работы камісіі для ажыццяўлення закупак лекавых сродкаў, медыцынскай тэхнікі, вырабаў медыцынскага прызначэння і расходных матэрыялаў. Не праводзіцца штогадовая замена адной трэці саставу гэтай камісіі і яе старшыні.

Па выніках праверкі выканання УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, заканадаўства аб закупках тавараў (работ, паслуг) пракуратурай раёна галоўнаму ўрачу ўстановы ўнесена прадстаўленне, па выніках разгляду якога 9 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 4 – да матэрыяльнай. Прычынены УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» матэрыяльны ўрон спагнаны ў поўным аб’ёме з вінаватых асоб.

У рамках праверкі выканання УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 і № 2 устаноўлена, што ў дзейнасці ўстановы маюць месца парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама аб захаванасці ўласнасці, парушэнні правілаў аховы працы і пажарнай бяспекі.

У прыватнасці, спецыялістамі ўстановы дапускаецца неналежны разгляд электронных зваротаў грамадзян, не ва ўсіх выпадках заяўнікам растлумачваецца, у якую арганізацыю і ў якім парадку належыць звяртацца для вырашэння пытанняў, што не адносяцца да кампетэнцыі УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ». Маюць месца факты нерастлумачэння парадку абскарджвання прынятых установай рашэнняў аб поўнай ці частковай адмове ў задавальненні патрабаванняў заяўніка.

Пры наведванні тэрыторыі аўтамабільнага двара ўстаноўлена, што, у парушэнне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3, на адкрытай пляцоўцы дапускаецца працяглае захоўванне трактара ЮМЗ, абсталяванага экскаватарам і прыгоднага для эксплуатацыі. Пры гэтым дадзеная пляцоўка для ўказанай мэты не прызначана, належная ахова тэхнікі ад уздзеяння атмасферных ападкаў ва ўмовах павышанай вільготнасці паветра і нізкай тэмпературы навакольнага асяроддзя не забяспечана, што выклікае страту карысных якасцяў механізмаў, вузлоў і агрэгатаў, прывядзенне трактара ў непрыгоднасць.

Па ўказаных пытаннях пракуратурай раёна галоўнаму ўрачу ўстановы ўнесена прадстаўленне, па выніках разгляду якога 7 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Тэхніка, што доўгі час прастойвала, уведзена ў гаспадарчы абарот.

              Аляксей КУТАС,

памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *