Да ўвагі

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

ПРЫГЛЕДЗІМСЯ ДА АГАРОДАЎ

У чэрвені на тэрыторыі раёна выяўлена 10 фактаў вырошчвання забароненых раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы. У адносінах да сямі грамадзян складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Ім пагражае за пасеў або вырошчванне без мэты збыту наркаўтрымліваючых раслін згодна з артыкулам 16.1 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь штраф у памеры да 20 базавых велічынь. Нагадаю, што згодна з артыкулам 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за пасеў, вырошчванне з мэтай збыту або вырабу наркатычных сродаў, псіхатропных рэчываў, забароненых да вырошчвання раслін і грыбоў прадугледжана крымінальная адказнасць. Яна можа быць у выглядзе штрафу або арышту на тэрмін да шасці месяцаў, абмежавання волі тэрмінам да трох гадоў або пазбаўлення волі на такі ж тэрмін.  

Спецыяльная праграма «Мак» будзе працягвацца да 15-га верасня. Супрацоўнікі міліцыі працягнуць абследаванне і агляд прысядзібных участкаў, дачаў, палёў з мэтай выяўлення забароненых да культывавання раслін. Заклікаем грамадзян самастойна прымаць меры па знішчэнні наркаўтрымліваючых раслін, паведамляць аб месцах іх вырошчвання,  інфармаваць аб асобах, якія збываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх аналагі. Ваша паведамленне дапаможа выратаваць жыццё і здароўе маладым людзям.

Міхаіл МІГУРА,

першы намеснік

начальніка РАУС – начальнік крымінальнай міліцыі

 

«НЕ» – НЕЛЕГАЛАМ!

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскім раёне інфармуе аб тым, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадпрымальніцкая дзейнасць, якая здзяйсняецца без дзяржаўнай рэгістрацыі ці без дзяржаўнай рэгістрацыі і спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), калі такі спецдазвол (ліцэнзія) абавязковы, а ў гэтым дзеянні няма складу злачынства, цягне накладанне штрафу да ста базавых велічынь з канфіскацыяй прадметаў адміністрацыйнага правапарушэння і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, ці без канфіскацыі.

Асобы, якія здзяйсняюць нелегальныя перавозкі пасажыраў, часта не прытрымліваюцца элементарных правілаў дарожнага руху. Іх транспартныя сродкі ў адрозненні ад аўтапарка легальных перавозчыкаў звычайна знаходзяцца ў тэхнічна няспраўным стане, што не дазваляе забяспечыць бяспеку пасажыраў, а таксама камфорт пры паездцы на далёкія адлегласці, бо нелегалы стараюцца зарабіць як мага больш грошай, не трацячы пры гэтым на рамонт транспартнага сродку.

Як паказвае практыка, кошт праезду ў нелегалаў нязначна адрозніваецца ад кошту праезду ў афіцыйных перавозчыкаў, але пры гэтым афіцыйныя перавозчыкі з атрыманага прыбытку выплачваюць у бюджэт падаткі і зборы.

Адначасова звяртаемся да грамадзян: калі вы валодаеце інфармацыяй аб асобах, якія здзяйсняюць нелегальныя пасажыраперавозкі, вы можаце паведаміць дадзеную інфармацыю па тэлефонах: 7-33-92, 7-33-94, 5-10-47.

Аддзел кантролю

за падаткаабкладаннем індывідуальных прадпрымальнікаў

і фізічных асоб

 

НЕ ТАКІЯ ДЫМАХОДЫ

Інспектарамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях завершаны планавыя праверкі аб’ектаў на тэрыторыі раёна. Вынікі сведчаць, што далёка не ўсюды створаны ўмовы для бяспячнай дзейнасці.

У парушэнне патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пажарнай бяспецы» не ў поўнай меры арганізавана пажарная бяспека і супрацьпажарны рэжым на філіяле «Аўтамабільны парк № 17 г. Стоўбцы» ААТ «Мінаблаўтатранс». Да прыкладу, у памяшканні зварачнага паста цеплагенерыруючы апарат на цвёрдым паліве – незаводскага вырабу, дапускаецца курэнне і т. п. У адносінах да ААТ «Стаўбцоўскі цагельны завод» прыходзіцца гаварыць пра адсутнасць  кантролю за якасным і своечасовым абслугоўваннем пажарнай сігналізацыі. У ААТ «ТБЗ Нёман» – парушэнні рэжымнага характару (адсутнасць ахоўных плафонаў на свяцільніках, эксплуатацыя часовых электрычных сетак і інш., ухіленне якіх не патрабуе значных матэрыяльных выдаткаў), а таксама нерабочы стан аўтаматычнай сістэмы пажарнай сігналізацыі і сістэмы апавяшчэння.       

Недахопы, звязаныя з правіламі мантажу і функцыянавання аўтаматычнай сістэмы пажарнай сігналізацыі, выяўлены і ў СФГ «Панскі маёнтак». Акрамя таго, парушэнні звязаны з устройствам пячнога ацяплення, дымаходамі.

У ходзе аналізу прадпісання органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду, выдадзенага Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы, устаноўлена, што ўсе выяўленыя парушэнні норм і правілаў пажарнай бяспекі фактычна ўхілены. Аднак узніклі прэтэнзіі да персаналу, які слаба валодае навыкамі карыстання пярвічнымі сродкамі пажаратушэння. Ва ўстанове аховы здароўя не ўся аўтамабільная тэхніка аснашчана нарматыўнай колькасцю пярвічных сродкаў пажаратушэння.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,

інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

З-ЗА НЕДАГЛЯДУ ДАРОСЛЫХ

У апошні час у рэспубліцы пачасціліся выпадкі гібелі малалетніх дзяцей па прычыне выпадзення з акон шматпавярховых дамоў.

Следчым камітэтам прааналізавана практыка правядзення даследчых праверак па фактах гібелі дзяцей у выніку выпадзення з акон.

Так, у бягучым годзе пры падобных абставінах загінулі пяць дзяцей. 26 сакавіка ў Магілёве з акна кватэры, размешчанай на пятым паверсе дома, выпаў двухгадовы хлопчык, які ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр. 23 мая ў Брэсце з акна кватэры, размешчанай на восьмым паверсе дома, выпаў трохгадовы хлопчык. Нягледзячы на прадпрынятыя медыкамі меры, ён у той жа дзень вечарам ад атрыманых траўмаў памёр у бальніцы. Гродзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка па факце гібелі пяцігадовай дзяўчынкі, якая выпала з акна кватэры на пятым паверсе. Упраўленнем Следчага камітэта па г. Мінску праводзіцца праверка па факту смерці трохгадовага хлопчыка, чыё цела без прыкмет жыцця было знойдзена 2-га ліпеня каля жылога дома на праспекце Любімава. Па папярэдніх дадзеных, дзіця выпадкова выпала з балкона на дзявятым паверсе. Вечарам 4-га ліпеня ў Лоеве пасля падзення з акна чацвёртага паверха памерла двухгадовая дзяўчынка…

Аналіз абставін названых выпадкаў дазваляе зрабіць выснову аб тым, што трагедыі адбыліся ў той ці іншай ступені па віне дарослых, а менавіта з-за іх недагляду за малалетнімі дзецьмі або празмернай бяспечнасці. Асабліва актуальная гэта праблема цяпер, у сезон «адкрытых вокнаў».

Адным са сродкаў прафілактыкі выпадзення дзяцей з акон можа разглядацца абсталяванне акон запорнымі ўстройствамі, блакіратарамі, здольнымі перашкаджаць дзіцяці самастойна адкрыць акно. Вытворцы акон прапануюць разнастайныя практычныя рашэнні, якія могуць выкарыстоўвацца не толькі ў кватэрах і прыватных дамах, але і ў школах, дзіцячых садках, іншых установах адукацыі. Гэта спецыяльныя сістэмы фурнітуры, замкі на вокны ад дзяцей, а таксама ручкі з ключом. Перавагай двух апошніх рашэнняў з’яўляецца магчымасць іх прымянення на сучасныя вокны ПВХ.

Бацькам варта прыслухацца і зрабіць усё магчымае, каб іх малалетнія дзеці былі жывыя і здаровыя.  

Мікалай СКРЫГАН,

начальнік раённага аддзела Следчага камітэта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *