Рамёстваў карагод

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

У актавай зале тэрытарыяльнага цэнтра адкрылася выстаўка-кірмаш творчых работ – «Рамёстваў нашых карагод». Адметнасць яе ў тым, што ўсе вырабы зроблены рукамі бабуляў, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Ёсць і жадаючыя набыць гэтыя вырабы.

Разнастайныя шкатулкі, вазы, кошыкі, дэкаратыўныя чайны домік і ветракі – усё гэта прадстаўлена на выстаўцы. Зусім нядаўна рэалізавана і цалкам новая для цэнтра ідэя – лялькі. Усе вырабы да адзінага зроблены з так званых газетных трубачак, а з дапамогай фарбы ім нададзена шматколернасць. Дапаўняюць выставачны рад мыла ручной работы, ручнікі. Гэта прадукцыя зроблена маладымі людзьмі з інваліднасцю ў майстэрнях, якія дзейнічаюць пры тэрытарыяльным цэнтры. 

– Усе гэтыя вырабы могуць быць цудоўным сувенірам, падарункам на дзень нараджэння, – падкрэслівае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс. Балазе, плануецца «выезд» выстаўкі-продажу ў раённы Цэнтр культуры, на вуліцы нашага горада падчас масавых мерапрыемстваў. За сродкі, атрыманыя ад продажу, у тэрытарыяльнага цэнтра з’явіцца магчымасць набываць неабходныя для творчасці матэрыялы.  

Дарэчы, пра творчасць. Знаёмства з выстаўкай-продажам адбылося акурат падчас аднаго з мерапрыемстваў – творчай сустрэчы членаў клуба «Гады – не бяда», прысвечанай Дню Незалежнасці. Канцэртную праграму «Квітней, мой край, пад небам жураўліным» падрыхтавалі ўдзельнікі хору «Родны кут» (мастацкі кіраўнік Міхаіл Міткевіч). Пасля за кубкам чаю яны па-сяброўску праводзілі час і, у тым ліку, дзяліліся сакрэтамі стварэння маленькіх «шэдэўраў», прадстаўленых на выстаўцы. Між іншым, ніколі не скажаш, што яны зроблены рукамі аматараў.

– Відавочны працэс станаўлення майстэрства нашых актыўных рукадзельніц, – акцэнтуе ўвагу Сяргей Есіс.

А, калі ёсць жадаючыя заплаціць за вырабы грошы, значыць, справа гэта карысная для ўсіх.                  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *