Каб не балелі зубы

Медыцына Нумары

Цуды сучаснай стаматалогіі уражваюць: зуб можна зрабіць на корані, і яго не адрозніш ад сапраўднага. Імплантацыя і пратэзіраванне рухаюцца сямімільнымі крокамі, аднак усё роўна ў модзе свае здаровыя зубы, няхай яны і без асляпляльнай белізны.

Есці правільна

Старое добрае правіла  харчавання на першы погляд выглядае сумна. Але варта задумацца – яно дазваляе не толькі захаваць здаровымі зубы, а і фігуру –вытанчанай, прывабнай.

Усе ведаюць, што ласункі – ворагі здароўя зубоў. У краінах, дзе ласункі прынята есці не часцей чым некалькі дзён у тыдзень, захворванні зубоў вельмі рэдкія. Як, дарэчы, і дыябет. Ды і «сардэчнікаў» там значна менш Хаця, што датычыць здароўя зубоў, ёсць адна «хітрасць». Калі пачысціць зубы адразу пасля ўжывання салодкага, можна ўхіліць усю шкоднасць дрэннай ежы для зубоў. А вось чысціць зубы семачкамі, як і разгрызаць арэхі і разжоўваць цвёрдыя карамелькі нельга ні пры якіх умовах. Гародніну, ягады, садавіну трэба есці як мага больш, асабліва ў сезон. У такім выпадку будуць прыгожымі не толькі зубы, а і валасы, пазногці. Малочныя прадукты павінны быць на стале ў дастатковай колькасці, яны – «пастаўшчыкі» натуральнага кальцыю.

«Сакрэтная» працэдура

А цяпер пра працэдуру, якая дапаможа ў літаральным сэнсе нейтралізаваць наступствы любові да ласункаў. Далёка не ўсе ўмеюць чысціць зубы тэхнічна правільна. Часцей за ўсё сустракаюцца няправільныя рухі і недастатковая працягласць працэдуры. Сакрэты яе наступныя: рухі павінны быць не адвольнымі, а «вымятаючымі» ўсё непатрэбнае з усіх паверхняў зубоў. Паверхню кожнага сектара, які складаецца з трох зубоў, варта прачысціць не менш за 10 разоў. На практыцы гэта займае не менш за тры мінуты. Чыстка зубоў – не фармальная працэдура, а праяўленне вашай увагі да свайго цела.

Адкладзенае – зняць

Размова ідзе не аб зняцці грошай з банкаўскага рахунку, а аб налёце на зубах. У тых, хто дрэнна чысціць зубы, налёт становіцца прыкметным. У старанных людзей яго амаль няма, аднак не заўсёды можна ўбачыць налёт без спецыяльных стаматалагічных прыстасаванняў. На перыядычным аглядзе (раз у шэсць месяцаў) стаматолаг можа яго зняць. Дарэчы, многім рэчыва, якое выкарыстоўваюць пры зняцці налёту, падабаецца на смак. А некаторыя нават маюць залежнасць ад працэдуры зняцця налёту. Але зубы чысціць трэба, нават калі вы ходзіце да стаматолага штотыднёва.

Абарона з фтору

Лішняя колькасць фтору шкодная, але ў Беларусі фтору з ліхвою не бывае. Таму смела купляйце зубную пасту з фторам, і яшчэ- няхай стаматолаг пакрые вам зубы злучэннямі з фтору. Так вам не прыйдзецца лячыцца – будзеце хадзіць да стаматолага толькі для прафілактыкі. І будзеце ўставаць з крэсла задаволенымі, таму што бормашына не спатрэбіцца.

Герметызацыя фісур

На зубах, якія размяшчаюцца ў глыбіні і прызначаны для жавання, ёсць вузкія бароздкі – фісуры. Ачысціць іх да канца зубной шчоткай амаль немагчыма – дабрацца да іх можна толькі з дапамогай інструменту стаматолага. Аднак іх можна «запячатаць» спецыяльным рэчывам, у выніку чаго жавальныя зубы будуць здаровымі пры мінімальных намаганнях.

Як бачна, клапаціцца пра зубы не так і складана, тым больш, што і ўрач-стаматолаг вам у гэтым дапаможа. Вам трэба не ленавацца якасна чысціць зубы і, безумоўна, своечасова прыходзіць да доктара.

Эдвард СТАНКЕВІЧ,

загадчык стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *