Мы не мантажнікі-высотнікі?

Нумары Спорт

Пэўна, не ўсе, хто стараецца не прапускаць матчаў з удзелам каманды «Нёман-Агра», прыйшлі ў той вечар на стадыён «Юнацтва». Сустрэчы першынства Беларусі ў другой лізе звычайна прызначаюцца на суботу, а гэта была серада. Перанос гульні загадзя не планаваўся, а проста стаўбчане вымушана збіліся з каляндарнага рытму,  паколькі паспрабавалі шчасця ў другім важным турніры – Кубку Беларусі. У «Прамені» было ўжо не надта прыемнае паведамленне, што нашы ўступілі ў кубкавай сустрэчы з лікам 0:5 гродзенскаму «Нёману».

Серада – не субота. Каманду ў мацнейшым саставе цяжэй сабраць: камусьці не ўдалося выйсці на поле, бо быў заняты на рабоце. Але ж такая праблема стаяла і перад футбольным клубам «Мантажнік», якому давялося яшчэ рабіць няблізкае падарожжа ў Стоўбцы з Мазыра.

У Мазыры з яго статысячным насельніцтвам «Мантажнік» не адзіны футбольны калектыў. Больш знакамітая ўдзелам у вышэйшай лізе нацыянальнага чэмпіяната «Славія». Дарэчы, у саставе «Славіі» выдатна гуляе наш зямляк – стаўбчанін Вадзім Жук, які забіў пераможны гол у кубкавай сустрэчы мазыран з ФК «Мінск».

Згаданы ж паядынак «Нёман-Агра» – «Мантажнік» прайшоў, як і чакалася, з перавагай нашай каманды. Нашы мелі выгадныя моманты для ўзяцця варот сапернікаў, толькі іх не скарысталі. У выніку «сухая» нічыя – 0:0.

Зірнем цяпер на турнірную табліцу. «Нёман-Агра» дзеліць чацвёртае і пятае месцы з камандай «Вертыкаль» (Калінкавічы). У абодвух каманд пасля васьмі тураў па 15 ачкоў. Вышэй толькі пінская «Хваля», ФК «Клецк» і «Асіповічы», адпаведна – па 22, 18 і 16 ачкоў. Унізе той жа «Мантажнік», які пакуль не апраўдвае сваю назву як высотніка – 9 ачкоў. У «ДЮСШ-ДСК» з Гомеля толькі 4 ачкі. У Гомель на сустрэчу з гэты калектывам – чарговы выезд стаўбчан.

У мінулую нядзелю заўзятары футбола сабраліся на стадыёне «Юнацтва», каб «хварэць» за сваіх у матчы розыгрышу Кубка ветэранаў Мінскай вобласці. Ветэран у спорце – паняцце адноснае, і калі ўдзельнікам каля сарака ці больш таго, то ўменне гуляць у футбол застаецца. А ў камандах Стаўбцоўскага і Дзяржынскага раёнаў былі задзейнічаны футбалісты, якія ў свой час выступалі ў спаборніцтвах і абласнога, і рэспубліканскага турніраў.

У першым тайме і стаўбчане, і дзяржынцы ўпусцілі некалькі рэальных магчымасцяў адкрыць лік. А ў другой палове сустрэчы пашанцавала гасцям. З лікам 1:0 перамагла каманда Дзяржынскага раёна, якая і працягне далейшую барацьбу за Кубак Міншчыны.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *