Пасля стыхіі

Нумары

ПА-НОВАМУ АДСЫПАЛІ ЗАВУЛАК

Паўсюдна па раёне ў паласе адводу аўтамабільных дарог мясцовага значэння стыхіяй былі павалены 67 дрэў. Пад заваламі аказаліся і некаторыя ўчасткі дарог (як, напрыклад, участак дарогі Дзяўгі–Васілеўшчына), да якіх ушчыльную падступаюць лясныя насаджэнні.

Аднак асноўная бяда – размыў ліўневымі водамі гравійных дарог і вуліц у асобных сельскіх населеных пунктах. Падобных фактаў набралася нямала.

– Звычайна размывае абочыну, і гэта, па меншай меры, не ўплывае на бяспеку дарожнага руху. Але калі размывае саму праезджую частку, то становіцца небяспечным праезд па ёй, – адзначае кіраўнік ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі. – На гэтых аб’ектах цяпер працуе наша тэхніка. Майстры аб’ехалі, зафіксавалі стан дарог пасля стыхіі. Рухаемся па прынцыпу – ад горшага да лепшага. Гэта значыць, ухіляем у першую чаргу тое, што ўяўляе небяспеку.

Бадай, самая ўражлівая карціна сярод сельскіх вуліц адкрылася на завулку Горкага ў Ячнай, дзе дарожнікам прыйшлося фактычна па-новаму адсыпаць дарогу гравіем, пяском ды гранулятам.

Па стане на 19 ліпеня ўжо не засталося мясцовых дарог, па якіх не быў бы забяспечаны праезд.  

Матэрыялы падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ДАПАМОЖАМ У ЛІКВІДАЦЫІ НАСТУПСТВАЎ СТЫХІІ

Аб’яўлены абласны суботнік ў дапамогу ліквідацыі наступстваў стыхіі.

«Прыняць удзел у абласным суботніку – праявіць салідарнасць з тымі, у каго сёння бяда. Мы павінны мабілізаваць людзей», – акрэсліў пазіцыю старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра.

У першую чаргу неабходна дапамога ў навядзенні парадку найбольш пацярпелым ад стыхіі раёнам – Бярэзінскаму, Дзяржынскаму, Мінскаму, Смалявіцкаму і Чэрвеньскаму.

Як падкрэсліў губернатар, аднаўленчыя работы будуць поўнасцю праведзены за кошт рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэтаў. 

 

СІТУАЦЫЯНА ПАГОДНЫХ «ФРАНТАХ»

Па тэрыторыі нашай рэспублікі 11–13 ліпеня прайшлі навальнічныя франты. Выпала ў сярэднім 42 мм ападкаў пры месячнай норме 85–90 мм, а парывы ветру дасягалі 25 м/с. Пацярпела 578 населеных пунктаў у 42 раёнах рэспублікі. Найбольшаму ўздзеянню падвергліся г. Мінск, Мінская, Віцебская і Магілёўская вобласці. Пашкоджанымі аказаліся дахі больш чым тысячы жылых дамоў (адноўлены 654), 25 аб’ектаў сацкультбыту (адноўлены 20), 18 вытворчых і 278 сельскагаспадарчых будынкаў (адноўлены 12 і 135 адпаведна). За медыцынскай дапамагой звярнуліся 40 чалавек, з іх 11 былі шпіталізаваны (па стане на 18 ліпеня ва ўстановах аховы здароўя заставаліся шэсць чалавек).

Па стане на 18 ліпеня працягваліся работы (у тым ліку выдзеленымі ад арганізацый аварыйнымі брыгадамі) па аднаўленні пашкоджаных дахаў 357 жылых дамоў, пяці аб’ектаў сацкультбыту, шасці вытворчых і 143 сельскагаспадарчых пабудоў (у тым ліку 56 ферм). Вядзецца ачыстка тэрыторый ад дрэў, што ўпалі, і будаўнічага смецця. Усяго ў рэспубліцы органамі дзяржаўнага кіравання, арганізацыямі для ліквідацыі наступстваў неспрыяльных пагодных умоў прыцягнуты 6 140 чалавек і 925 адзінак тэхнікі.

Навальнічны фронт з сілай ветру да 20 м/с быў зафіксаваны і 17 ліпеня, у выніку чаго было абясточана 766 населеных пунктаў (адноўлена 382), 108 сельскагаспадарчых пабудоў (адноўлена 61).   

У Мінскай вобласці пацярпелі 500 населеных пунктаў, 11 чалавек, 680 жылых дамоў, 28 гаспадарчых пабудоў, 14 аб’ектаў сацкультбыту, 7 вытворчых будынкаў, 175 сельскагаспадарчых будынкаў (у тым ліку 46 фермаў), 2 трансфарматарныя падстанцыі і 8 426 га лесанасаджэнняў. Парушана электразабеспячэнне 567 населеных пунктаў, дзвюх бальніц, шасці дашкольных устаноў, 11 школ, трох вытворчых будынкаў,  77 фермаў, 1728 трансфарматарных падстанцый.  

Для ліквідацыі наступстваў стыхіі прыцягваліся 442 адзінкі тэхнікі, было задзейнічана 1757 чалавек.

Папярэднія страты, нанесеныя стыхіяй, ацэньваюцца ў 1 032 109 рублёў (дэнамінаваных).

Якая паслястыхійная абстаноўка ў нашым раёне? Як працуюць арганізацыі і службы па ліквідацыі наступстваў непагадзі? Аб гэтым чытайце ў прапанаваных матэрыялах.

 

СВЯТЛО ВЕРНУТА ЎСІМ СПАЖЫЎЦАМ

Стаўбцоўскія электрасеткі аператыўна перанакіроўвалі свае сілы і сродкі, каб ліквідаваць разбурэнні ліній электраперадачы.

Нагадаем, што гэта прадпрыемства абслугоўвае пяць раёнаў: Дзяржынскі, Нясвіжскі, Клецкі, Уздзенскі і Стаўбцоўскі, таму аднаўленчых работ у яго работнікаў было ўдвая, а то і ўтрая больш, чым у якіх іншых арганізацый. Стыхія 12 ліпеня прынесла значныя разбурэнні ў Дзяржынскім раёне, а 13 ліпеня прыкладна ў 15.00 закранула і Стаўбцоўскі (наваколле вёскі Літва).

– Каб ліквідаваць пашкоджанні, нашы работнікі працавалі ўвесь светлавы дзень. Аднесліся да гэтага вельмі адказна, з разуменнем. У пяць раніцы ўжо былі гатовы прыступіць да работы. На дапамогу Дзяржынскаму РЭС былі накіраваны брыгады з Клецкага і Нясвіжскага РЭС. Каб забяспечыць тэхналагічныя працэсы, на філіял «Фалько-Агра» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» па даручэнні губернатара была накіравана дызельная электрастанцыя 240 кВт. Гэты варыянт аказаўся страховачным, таму што нам удалося аднавіць электразабеспячэнне фермы па нармальнай схеме. У Стаўбцоўскім раёне справіўся з ліквідацыяй наступстваў стыхіі Стаўбцоўскі РЭС, у прыватнасці рубяжэвіцкі ўчастак на чале з майстрам Станіславам Ламака, – падвёў вынікі дырэктар філіяла РУП «Мінскэнерга» Стаўбцоўскія электрычныя сеткі Уладзімір Рублеўскі.        

Да 21 гадзіны 15 ліпеня ва ўсіх спажыўцоў было адноўлена электразабеспячэнне. Разам з тым, рабочай была аб’яўлена на прадпрыемстве і субота, 16 ліпеня, — вялося ўхіленне дэфектаў, якія маглі б прывесці да адключэння электрычнасці. У выхадныя дні аператыўны персанал займаўся зборам інфармацыі. Па папярэдніх падліках, страты прадпрыемства склалі каля 50 мільёнаў рублёў (дэнамінаваных).  

Брыгада службы ліній электраперадачы на чале з майстрам Дзмітрыем Мядынскім прыцягвалася за межы зоны дзеяння прадпрыемства – на ліквідацыю пашкоджання лініі 110 кВ у іншых, найбольш пацярпелых раёнах Мінскай вобласці.

Усе работнікі Стаўбцоўскіх электрасетак, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў стыхіі, па даручэнні кіраўніцтва РУП «Мінскэнерга» будуць заахвочаны матэрыяльна.

 

 

ДЗЕЛАВАЯ ДРАЎНІНА – ЗА ПАЎЦАНЫ

Усе сілы Стаўбцоўскага лясгаса кінуты на распрацоўку ветравальна-бураломнай драўніны. Як вядома, на Стаўбцоўшчыне лес пацярпеў на 120 гектарах, і асноўны ўдар стыхіі прыйшоўся на Рубяжэвіцкае лясніцтва.

Міністэрствам лясной гаспадаркі рэспублікі, а таксама кіраўніцтвам Мінскага аблвыканкама пастаўлена перад лясгасамі стратэгічная задача – прыбраць бураломы да 1-га лістапада бягучага года, каб ужо восенню або з наступнай вясны пасадзіць на пацярпелых дзялянках новыя лясныя культуры.

– Тэрміны вызначаны вельмі сціслыя, таму да распрацоўкі ветравальна-бураломнай драўніны запрашаем усіх жадаючых — суб’екты гаспадарання, грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў, – звяртае ўвагу намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. – З бураломнай драўніны метадам саманарыхтоўкі можна запасціся дзелавой драўнінай, не кажучы пра тэхсыравіну, балансы, дровы, і кошт яе будзе таннейшы, чым той, што нарыхтавана на звычайных дзялянках. Акрамя таго, спрошчана і афармленне дакументаў для правядзення саманарыхтоўкі, – падкрэсліў Аляксандр Шарапа. 

Каб атрымаць дазвол на нарыхтоўку бураломнай драўніны, неабходна звяртацца да дырэкцыі лясгаса (тэлефоны: лесагаспадарчага аддзела лясгаса – 7-88-33, Рубяжэвіцкага лясніцтва, дзе вядуцца нарыхтоўкі бураломнай драўніны, – 3-54-71).   

 

КАМУ КАМПЕНСУЮЦЬ СТРАТЫ

Па апошніх дадзеных, страхаўшчыкам раёна паступіла каля 100 заяў ад страхавацеляў, якія пацярпелі ад стыхіі.

У большасці з іх сарваны на жылых дамах шыфер, сайдынг. У некалькіх выпадках пацярпела ў дамах і аддзелка, столь, сцены.

– Згодна з дагаворам аб абавязковым страхаванні жылых дамоў, пацярпелыя домаўладальнікі могуць разлічваць на пакрыццё 50 працэнтаў нанесеных страт. У выпадку, калі заключаны яшчэ і дагавор добраахвотнага страхавання жылога дома, то страты будуць пакрыты поўнасцю, – патлумачыла намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Стаўбцоўскім раёне Кацярына Канавал.

Неабходна заўважыць, што пашкоджанні гаражоў, гаспадарчых пабудоў, а таксама платоў, бытавых электрапрыбораў (ад удару маланкі) падлягаюць кампенсацыі толькі ў выпадку іх добраахвотнага страхавання.

Страхавыя арганізацыі прапануюць сёння каля 100 відаў добраахвотнага страхавання пабудоў, жылых памяшканняў, маёмасці і т. п. Ёсць комплексны від страхавання, калі ў адным полісе страхуецца кватэра, маёмасць і грамадзянская адказнасць перад суседзямі. Што датычыць аўтамабіляў (у рэспубліцы ў апошні час зафіксаваны выпадкі пашкоджання іх градам, дрэвамі, што ўпалі), то страхавыя выплаты ажыццяўляюцца толькі ў тым выпадку, калі заключаны дагавор добраахвотнага страхавання «Аўтакаска». Па ўсіх пытаннях страхавання можна звяртацца ў прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Стаўбцоўскім раёне (тэл. для даведак – 7-82-70, 5-10-13).        



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *