Палескія прыгоды

Нумары Раённыя навіны Спорт

Згоднаса спартыўным календаром, у дзясятым туры першынства Беларусі па футболе ў другой лізе камандзе «Нёман-Агра» выпала выехаць у Гомель. З якім жа настроем вярнуліся стаўбчане з далёкай камандзіроўкі?

На першы погляд, сапернік нашай дружыны не выклікаў асаблівых апасенняў. Каманда, назва якой «ДЮСШ-ДСК», указвае на тое, што ў гульнях задзейнічаны і юныя футбалісты, выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. І задача яе, відаць, найперш рыхтаваць змену для больш вопытных калектываў, якія прадстаўляюць абласны цэнтр у першай лізе беларускага футбола – ФК «Гомель» і «Гомельчыгунтранс». Аднак ёсць і зваротная сувязь – «старэйшыя па званні» пры неабходнасці дзеляцца кадрамі з калектывам другой лігі. Аднак пра тое, што сёлета перад «ДЮСШ-ДСК» не ставіцца сур’ёзных задач, сведчыць ачковы багаж. На рахунку гэтай каманды ўсяго 5 набраных ачкоў, і яна займае ў турнірнай табліцы перадапошняе, дванаццатае, месца.

Нашы пачалі сустрэчу даволі ўпэўнена. На 30-й хвіліне Дзмітрый Даўбейка адкрыў лік. Гульня перайшла ў больш спакойнае русла. Тэрытарыяльная перавага была ў стаўбчан, але і гаспадары поля адказвалі небяспечнымі атакамі. Здавалася, сустрэча закончыцца з мінімальным лікам 1:0 на карысць нёманцаў. Аднак не ўсё было так проста. Пайшла ўжо апошняя дзесяцімінутка матча, калі трапны ўдар удаўся нападаючаму каманды Гомеля – 1:1. Яшчэ дзве хвіліны, і абаронцы і варатар стаўбчан разгублена разводзяць рукамі – мяч зноў у сетцы нашых варот. Мы ўжо прайграём – 1:2.

Добра, што знайшліся сілы для новага націску. Ішоў ужо дабаўлены да асноўнага час гульні, калі Дзмітрый Даўбейка выйшаў на ўдарную пазіцыю, дакладна прабіў па варотах. Лік стаў 2:2, і прагучаў фінальны свісток. Вось з такімі прыгодамі стаўбчане хутчэй згубілі два ачкі, чым знайшлі адно.

А далей – належыць зноў ехаць на Палессе. На гэты раз у Пінск, дзе базіруецца абсалютны лідар турніру. На рахунку пінскай «Хвалі» 25 набраных пасля 9 матчаў ачкоў. У «Нёмана-Агра» ачкоў 16, і наша каманда займае цяпер шостае месца.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *