Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне дзевяць шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 12 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Яна Бялова, Ягор Астрэйка, Максім Крамко, Кацярына Захарэўская, Максім Бурко, Аліса Кудравец, Мілана Маляўка, Аліса Кураева, Мікіта Дубатоўка, Арцём Крупко, Захар Корань і Варвара Мікшута.

Зямны шлях закончыўся для 12-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі чатыры вогненныя здарэнні. У Сопкаўшчыне агнём знішчаны гараж. У Стоўбцах  на вуліцы Багушэвіча пацярпела прыватная лазня, а на вуліцы Зарэчнай – хлеў, які застаўся без даху, знішчана і дашчатая прыбудова да яго. Прычыны гэтых пажараў высвятляюцца. У Ждановічах адбылося загаранне ў нежылым доме, папярэдне – ад удару маланкі.

Міліцыяй зарэгістравана 131 паведамленне аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны дзве крымінальныя справы, у абедзвюх устаноўлены падазраваемыя. Трое грамадзян выкралі з гаража, размешчанага на ўчастку будуемага дома па вуліцы Пераможцаў у Стоўбцах, інструмент агульным коштам амаль 200 дэнамінаваных рублёў.

Суд арыштаваў на два месяцы 44-гадовага жыхара Коласава, які ўхіляўся ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. На паўгода абмежавана ў волі 45-гадовая жыхарка Скамарошак, якая разам са сваім знаёмым, раней судзімым, трапіла ў дом састарэлай, выкрала бутэльку спіртнога і на месцы распіла яго. На 252 рублі (дэнамінаваныя) аштрафавана жыхарка пасёлка Нёман, уладальніца сабакі, які забег на чужы агарод і папсаваў спанбонд.     

ДАІ выявіла 287 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 15 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і 11 нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх – паўторна на працягу года, за што яму пагражае крымінальная адказнасць і канфіскацыя транспартнага сродку), 24 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксавана пяць дарожных аварый. Ніхто не пацярпеў. З 21 па 25 ліпеня на дарогах раёна аб’яўлена прафілактычная акцыя – «Цвярозы вадзіцель».  

Санітарнай службай зняты з рэалізацыі ў гандлёвым аб’екце ТДА «Зіма Плюс» (кафэ-маркет, вуліца Цэнтральная) два кілаграмы харчовай прадукцыі ў сувязі з адсутнасцю неабходнай для спажыўца інфармацыі.

«Хуткая» выязджала 224 разы, у прыватнасці сем выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем. Былі тэлефонныя звароты аб укусах насякомых ад тых, хто любіць збіраць у лесе ягады. У бальніцу пад нагляд медыкаў быў змешчаны дачнік з Бярозаўкі, на якога накінуліся шэршні.

Падрыхтавала

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *