З нагоды

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

ТРЫНАЦЦАЦЬ –ЧЫСЛО РАТАВАЛЬНАЕ

На тэрыторыі раёна знаходзяцца чатыры аварыйна-выратавальныя пасты, адзін з іх – у Дзераўной. Гэты пост пад нумарам 13 адрозніваецца ад іншых. Самы аддалены ад райцэнтра, з найбольшым ахопам тэрыторыі (на карце раёна яна займае трэцюю частку, адносіцца да трох сельсаветаў – Дзераўнянскага, Налібацкага і Літвенскага). І гараж для пажарных аўтамабіляў тут не на адзін, як звычайна, а на два хады. Але самае галоўнае – маладзёжны састаў паста, які істотна абнавіўся за апошнія некалькі гадоў.

– Калектыў дзераўнянскага паста перспектыўны і спартыўны, станоўчы ва ўсіх адносінах, – падкрэслівае намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Герасіменка.

Знайсці ў Дзераўной аварыйна-выратавальны пост няцяжка — ён суседнічае з машынна-трактарным дваром ААТ «Дзераўное» і здалёку відаць, як над ім развяваюцца два сцягі: Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, які нагадвае пра дэвіз выратавальнікаў-пажарных – «Прафесіяналізм. Адвага. Гонар».

На пасту № 13 знаёмімся з перспектыўнай моладдзю. Камандзір аддзялення Аляксей Рослік працягнуў дынастыю пажарных – яго бацька, Леанід Міхайлавіч, выйшаў на заслужаны адпачынак, праслужыўшы на гэтым пасту больш за два дзясяткі гадоў. Сын адслужыў у арміі і вярнуўся дадому, каб стаць, як і бацька, пажарным. Вярнуўся на сваю малую радзіму, да бацькоў, і Андрэй Кутас. Ён закончыў машынабудаўнічы каледж, крыху папрацаваў на Мінскім трактарным заводзе. Служыць ужо амаль два гады – задаволены сам і ім задаволена кіраўніцтва. Браты-блізняты з Ніўнага Часлаў і Станіслаў Бурдукевічы прыйшлі на пост пасля Дзяржынскага вучылішча, дзе атрымалі спецыяльнасць вадзіцеля міжнародных перавозак. На пасту яны таксама служаць вадзіцелямі аўтамабіля «Урал», які знаходзіцца ў баявым разліку. Адзін з братоў, Станіслаў, не так даўно ажаніўся. Маладая пара мяркуе будаваць сваё сумеснае жыццё на Стаўбцоўшчыне. З камандзірам аддзялення Віталем Сенькам знаёмства было завочным, таму што ён акурат пацвярджаў спартыўную славу свайго паста ў фінале абласных спаборніцтваў па настольнаму тэнісу. Сярод моладзі, між іншым, ёсць жадаючыя паступаць у профільныя ВНУ – гэта перспектыва атрымаць у будучым афіцэрскае званне. 

Разам з моладдзю ў калектыве дзераўнянскага паста служаць і тыя, хто забяспечвае пераемнасць традыцый. Настаўнікі для маладых калегаў – Міхаіл Рушанян, у апошні час ён камандзір аддзялення і падменны вадзіцель (таму пра яго гавораць – універсальны пажарны), вадзіцель Андрэй Сенька, а таксама непасрэдна начальнік паста Валерый Самец. У кожнага з іх выслуга вылічваецца больш чым 20 гадамі. А цяперашні начальнік паста пачынаў тут камандзірам аддзялення з дня яго адкрыцця.

– Моладзі трэба дапамагаць, уцягваць яе ў нашу службу. Правільней назваць яе не работай, а жыццём, – лічыць Валерый Самец. – На пасту мы праводзім трэцюю частку свайго жыцця, таму важна не «адбываць» яе, а жыць цікава. Тут мы ўсё ствараем сваімі рукамі.

Менавіта такім чынам зроблены душавая і ўнутраны туалет, турнік і вулічны спартыўны гарадок для падтрымання сваёй фізічнай формы. Штодзённая ўборка памяшканняў і тэрыторыі – пра гэта, бадай, і гаварыць не варта. Для паляпшэння ўмоў службы, якая носіць кругласутачны характар,  нядаўна былі закуплены новыя ложкі.

Дзяжурства зменнага каравула пачынаецца са знаёмства з аператыўнай зводкай, заняткаў па баявой і фізічнай падрыхтоўцы. Пост аснашчаны ўсім неабходным для тушэння пажараў, аказання дапамогі пры даставанні пацярпелых у ДТЗ, ліквідацыі аварыйных дрэў і інш. Большасць пажарных валодае і сумежнымі спецыяльнасцямі: вальшчыка лесу, трактарыста і т. п.

– Наша асноўная задача заключаецца ў прафілактыцы пажараў і іншых надзвычайных здарэнняў, – тлумачыць Валерый Самец. – Цесна супрацоўнічаем з сельвыканкамамі і сельгаставарыствамі, школамі і дзіцячымі садкамі. Праводзім абследаванні жылога сектара, сельскія сходы. Тлумачым неабходнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, магчымасць аб’яднання іх у сетку з вывадам сігналу на фасад будынку і т. п.  У пажаранебяспечны сезон робім аб’езд тарфянікаў, падчас жніва дзяжурым у полі, дзе працуюць камбайны. 

У зоне ахопу паста пражывае шэсць тысяч  жыхароў, 54 шматдзетныя сям’і, каля дзясятка сем’яў, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. У цэлым колькасць пажараў змяншаецца. Работнікамі дзераўнянскага паста ў першым паўгоддзі зафіксавана 15 выездаў. Гарэлі хлявы, лазні, дачы. І, на жаль, на нядаўнім пажары ў Цеснавой не ўдалося пазбегнуць трагедыі. А колькі людзей і маёмасці было выратавана членамі аварыйна-выратавальнага паста № 13?!.

Пажарныя прыходзяць на дапамогу першымі і самаахвярна, не раздумваючы, уваходзяць у палаючыя дамы. Важна і кожнаму з нас стварыць вакол сябе бяспечнае асяроддзе, не рабіць бяздумных памылак, здольных выклікаць вогненную стыхію і бяду, у якой лік ідзе не на мінуты – на секунды.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

НА ЗДЫМКАХ: старажылы пажарнай справы – начальнік дзераўнянскага паста Валерый Самец (злева) і камандзір аддзялення Міхаіл Рушанян; Станіслаў Бурдукевіч (злева) і Аляксей Рослік удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў стыхіі; Андрэй Кутас (злева) і Часлаў Бурдукевіч служаць каля двух гадоў.

 

ПРАФІЛАКТЫКА БЕЗ ПРАТАКОЛАЎ

– Сёлета падчас прафілактычных праверак жылога сектара ў адносінах да грамадзян не было складзена ніводнага пратакола. Стараемся больш працаваць з людзьмі метадам пераканання, а не адміністрацыйнага ўздзеяння. Выключэнне складаюць толькі тыя парушальнікі, якія займаліся веснавымі паламі. Ім штраф быў выпісаны і, як правіла, далёка не ў мінімальных памерах, – падкрэслівае вынік работы ў гэтым годзе начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый ІЛЮШЫН.

Па словах Валерыя Ілюшына, адміністрацыйныя «лейцы» адпушчаны ў гэтым годзе свядома, а прафілактычная работа, наадварот, узмоцнена. Вядзецца яна ва ўсіх працоўных калектывах, на аб’ектах адукацыі, сельскай гаспадаркі і т. п. з дапамогай нагляднай агітацыі і інфармацыйнага матэрыялу, шляхам навучання. Асаблівая ўвага ўдзелена рабоце з дзецьмі, пачынаючы з дзіцячых садкоў.

І агульны вынік прафілактычнай работы не пакінуў сябе чакаць – колькасць пажараў застаецца на леташнім узроўні, пры тым, што за апошнія месяцы зафіксавана не менш як пяць пажараў па прычыне сезоннага прыроднага фактара — навальнічнай актыўнасці. У цэлым, дзякуючы сістэмнай прафілактычнай рабоце, з пачатку 2000-х гадоў колькасць пажараў у раёне «ўпала» на 50 працэнтаў. Турбуе рост колькасці загінуўшых на пажарах . Асноўная прычына трагедый – неасцярожнасць з агнём, часцей за ўсё – пры курэнні.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях папоўніўся сёлета двума легкавымі аўтамабілямі маркі «Geely», якія служаць у тым ліку і тэхнічным падспор’ем для эфектыўнай прафілактычнай работы. Наш райаддзел па выніках першага квартала бягучага года ўвайшоў у чацвёрку лепшых падраздзяленняў Мінскай вобласці. У яго ёсць узаемадзеянне і падтрымка раённага выканаўчага камітэта, наладжана супрацоўніцтва з усімі суб’ектамі прафілактыкі, цесная сувязь – са сваёй ветэранскай арганізацыяй, якую ўзначальвае Васіль Карповіч. Напярэдадні прафесійнага свята Валерый Ілюшын звяртаецца да калектыву і ветэранаў пажарнай службы:

– Вялікі дзякуй за ваш уклад у справу пажарнай бяспекі, за нялёгкую і рызыкоўную прафесію. Святочнага настрою вам, моцнага здароўя. Няхай шчасце і дабрабыт поўняць вашыя дамы, саграваюць вашыя сем’і.

Запрашаем ветэранаў пажарнай службы і ўсіх жадаючых на святочны канцэрт, які адбудзецца 25 ліпеня ў 16.00 у раённым Цэнтры культуры.

Пр

 

ПАДВОР’Е З ДЗЕРАЎНОЙ

Другі год запар маладзёжная дэлегацыя раёна бярэ ўдзел у Дні моладзі, які праводзіцца ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Сёлета фестываль быў юбілейны, 25-ты.

– Моладзь Стаўбцоўшчыны мела магчымасць прайсці разам з Арт-парадам «БелаРусь у Сэрцы Маім», – расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – На свяце была таксама арганізавана выстаўка падвор’яў пераможцаў абласных этапаў сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла», які праводзіцца пад эгідай БРСМ.

Сям’я Аляксандра і Марыі Руч’ёвых з аграгарадка Дзераўная летась стала пераможцай гэтага конкурсу на Міншчыне. За апошні час сям’я папоўнілася – тры месяцы таму ў яе нарадзілася доўгачаканая дачушка, чацвёртае дзіця. «Фестываліць» з немаўляткам цяжкавата, таму паўдзельнічаць у выстаўцы было прапанавана сям’і Міхаіла і Вольгі Антанюкоў – такой жа шматдзетнай, з чатырма дзеткамі, і з таго ж аграгарадка Дзераўная. У падрыхтоўцы да выстаўкі падвор’яў сям’і Антанюкоў дапамаглі ААТ «Вішнявецкі-агра», спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Жацерава» Людміла Калішэвіч, дырэктар Горкаўскага сельскага дома культуры Зоя Аўласіна. Паездка ў Віцебск спадабалася і дзецям, і дарослым – яны і фестывальны горад паглядзелі, і сябе паказалі.       

 

НЕ ПАГАСНЕ СВЕЧКА

У Стоўбцах прайшла раённая акцыя – «Свечка памяці», прыўрочаная да Міжнароднага дня памяці людзей, памерлых ад СНІДу.

Сімвалічная свечка памяці была запалена вечарам падчас тэматычнай дыскатэкі на танцпляцоўцы «Вербачка». У парку Дружбы народаў і на вуліцы Ленінскай жыхарам і гасцям горада валанцёры раздавалі каляндарыкі «Захоўваючы вернасць – захоўваеш будучае». У храмах горада прайшла памінальная служба аб памерлых ад СНІДу. 

– Пра гэта варта гаварыць і нагадваць, асабліва ў маладзёжным асяроддзі, дзе захоўваецца высокая рызыка інфіцыравання, – заўважае валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская. – Сёння на Стаўбцоўшчыне зарэгістравана 30 ВІЧ-інфіцыраваных, і адзін з іх – памёр. 40 працэнтаў заражэнняў – праз ін’екцыйнае ўвядзенне наркотыкаў, 60 працэнтаў адбываецца палавым шляхам. 

Акцыя «Свечка памяці» і мерапрыемствы ў яе рамках даюць магчымасць фарміраваць у грамадстве адэкватныя адносіны да праблемы ВІЧ/СНІД, павышаць узровень ведаў па пытаннях прафілактыкі ВІЧ і, безумоўна, дэманстраваць салідарнасць з людзьмі, якія жывуць з гэтым дыягназам. Тэхнічную і іншую падтрымку пры правядзенні акцыі аказалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, раённы камітэт БРСМ і раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *