У рабоце камісій патрэбна канкрэтнасць

Нумары Пракурорскі нагляд

Пракуратурай раёна ў маі бягучага года праведзена праверка ў ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

У ходзе праверкі выканання заканадаўства, накіраванага на барацьбу з карупцыяй, устаноўлена, што ў дзейнасці ўстановы маюць месца парушэнні. Загадам галоўнага ўрача  ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» ўтворана камісія па супрацьдзеянні карупцыі. Аднак пры выяўленні пратаколаў пасяджэнняў камісіі, праведзеных у 2014 – мінулым перыядзе 2016 года ўстаноўлена, што на яе пасяджэннях разглядаюцца пытанні, якія не адносяцца да асноўных задач камісіі – супрацьдзеянне карупцыі, ухіленне прычын і ўмоў, што яе выклікаюць. Пратаколы складаюцца фармальна, рашэнні сведчаць аб прыняцці інфармацыі да ведама, не ўтрымліваюць канкрэтных мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне і выяўленне карупцыйных праяў. Планы работы камісіі не распрацоўваліся, на пасяджэннях не зацвярджаліся.

У парушэнне патрабаванняў заканадаўства не наладжана ўзаемадзеянне камісіі з дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, з грамадскімі аб’яднаннямі  і іншымі арганізацыямі па пытаннях супрацьдзеяння карупцыі. Прадстаўнікі праваахоўных і  іншых органаў для прыняцця ўдзелу ў пасяджэннях камісіі не запрашаюцца.

У ходзе праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства па афармленні пісьмовых абавязацельстваў дзяржаўных службовых асоб па захаванні антыкарупцыйных абмежаванняў устаноўлена, што адказнай асобай па кадравых пытаннях установы дапускаюцца выпадкі нясвоечасовага афармлення ўказаных абавязацельстваў. Так, загадам галоўнага ўрача ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» ад 05.01.2015 М. прынята на пасаду ўрача-бактэрыёлага. Нягледзячы на тое, што М. з указанай даты з’яўляецца дзяржаўнай службовай асобай, пісьмовае абавязацельства па захаванні антыкарупцыйных абмежаванняў адказным работнікам установы па кадравых пытаннях прадстаўлена ёй для падпісання толькі 21.01.2016, г. зн. больш чым праз год з моманту працаўладкавання.

У ходзе праверкі матэрыялаў спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях устаноўлена, што ў дзейнасці ўстановы маюць месца парушэнні патрабаванняў дзеючага заканадаўства. Дапускаецца  непрыняцце ўсіх прадугледжаных законам мер па ўсебаковым, поўным і аб’ектыўным даследаванні абставін, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння справы. Адзначана неналежнае захаванне правоў фізічных асоб, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, пры правядзенні апытання апошніх. Мае месца разгляд спраў аб адміністрацыйных  правапарушэннях у адносінах юрыдычных асоб пры адсутнасці іх прадстаўнікоў, непрыняцце мер па апавяшчэнні іх аб  неабходнасці яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны працэс. А таксама вядзенне адміністрацыйнага працэсу ў адносінах да юрыдычнай асобы, абарона правоў і законных інтарэсаў якой ажыццяўляецца фізічнай асобай, не пацвердзіўшай ва ўстаноўленым парадку адпаведныя паўнамоцтвы.

Спецыялістамі ўстановы дапускаецца неналежны разгляд пісьмовых зваротаў грамадзян, непрыняцце неабходных мер для ўхілення выяўленых парушэнняў санітарных норм і правілаў, а таксама прыцягнення вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці.

Акрамя таго, у рамках праверкі выяўлены парушэнні патрабаванняў Інструкцыі аб парадку разгляду і вядзенні справаводства па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі», у асноўным адносна рэгістрацыі электронных зваротаў.

Па выніках праверкі галоўнаму ўрачу ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» ўнесены тры прадстаўленні, у тым ліку аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць.

Аляксей КУТАС,

памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *