Прафілактыка

Кантроль, бяспека Нумары

СТАЦЬ НА ШЛЯХ ВЫПРАЎЛЕННЯ

За ўчыненыя крымінальныя злачынствы грамадзяне прыцягваюцца да розных відаў пакарання: штрафаў, грамадскіх, папраўчых работ, абмежавання і пазбаўлення волі. Па заканчэнні тэрміну пакарання, у залежнасці ад цяжкасці злачынства, яны знаходзяцца на розных прафілактычных уліках у РАУС па месцы жыхарства.

Найбольш кантралюемая катэгорыя раней судзімых – асобы, якія  фармальна трапляюць пад дзеянне прэвентыўнага нагляду. Гэта грамадзяне, якія адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або асуджаныя да пазбаўлення волі два і больш разы. За тры адміністрацыйныя правапарушэнні, учыненыя дадзенай катэгорыяй раней судзімых, па якіх праудгледжаны адміністрацыйны арышт, у адносінах іх судом можа быць устаноўлены на тэрмін ад 6-ці месяцаў да 2-х гадоў прэвентыўны нагляд. За парушэнні ці  ўхіленне ад апошняга названых грамадзян чакае пакаранне ў выглядзе двух гадаў пазбаўлення волі. Пры ўчыненні злачынства ў перыяд незнятай і непагашанай судзімасці ўзнікае рэцыдыў, і пакаранне за новае злачынства ўстанаўліваецца больш суровае.

На жаль, адбыццё пакарання ў папраўчых установах, крымінальна-папраўчых інспекцыях, уплата штрафаў не заўсёды стрымліваюць чалавека ад паўторных злачынстваў. Некаторыя з такіх асоб маюць па тры і больш судзімасцяў, а асабліва «адметныя» – нават па 10 і больш. Так, жыхар в. Зуберава, раней судзімы 6 разоў, апошні раз у лютым 2015 года за крадзяжы, і прыгавораны да 4 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі, пасля адбыцця пакарання зноў у стане алкагольнага ап’янення учыніў злачынства.

З мэтай зніжэння ўзроўню рэцыдыўнай злачыннасці супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў ажыццяўляюць штомесячны кантроль за ладам жыцця раней судзімых асоб па месцы іх жыхарства і работы, праводзяць з імі і членамі іх сем’яў папераджальна-прафілактычныя мерапрыемствы. У крымінальна-папраўчай інспекцыі вядуцца асабістыя і прафілактычныя справы, у якіх канцэнтруюцца штомесячныя рапарты ўчастковых інспектараў міліцыі па праверках і кантролі за характарам жыцця асуджаных і раней судзімых грамадзян, якія падпадаюць пад дзеянне прэвентыўнага нагляду.

З мэтай забеспячэння работай раней судзімых асоб на тэрыторыі раёна праведзена акцыя «Работа для вас». У крымінальна-папраўчую інспекцыю РАУС былі выкліканы ўсе асобы, асуджаныя да абмежавання волі, а таксама тыя з іх, якія фармальна трапляюць пад дзеянне прэвентыўнага нагляду. З імі праведзены гутаркі прафілактычнага і выхаваўчага характару. Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама непрацуючым выдадзены накіраванні для працаўладкавання. У адносінах да грамадзян, якія сістэматычна парушаюць парадак і ўмовы адбыцця пакарання, прафілактычнага кантролю, пракурорам раёна вынесены чатыры афіцыйныя папярэджанні аб крымінальнай адказнасці ў выпадку далейшага парушэння ўстаноўленых абмежаванняў.

Для таго, каб чалавек змог стаць на шлях выпраўлення, «завязаць» са злачынным жыццём, неабходны намаганні не толькі праваахоўных органаў, але і грамадскасці, калег па рабоце, сваякоў, членаў сям’і. Толькі сумесныя дзеянні ўсіх зацікаўленых бакоў дапамогуць знізіць узровень рэцыдыўнай злачыннасці, вярнуць грамадству добрапрыстойнага грамадзяніна, а сям’і – клапатлівага мужа.

Уладзімір КУХАРЧЫК, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС

БОЛЬШ ЗА 100 ВАДЗІЦЕЛЯЎ  БЫЛІ НЕЦВЯРОЗЫМІ

З 21 па 25 ліпеня на дарогах раёна і Мінскай вобласці праходзіць прафілактычная акцыя – «Цвярозы вадзіцель».

Падчас акцыі арганізаваны дадатковыя рэйдавыя групы з ліку супрацоўнікаў ДАІ і іншых службаў міліцыі грамадскай бяспекі, нясенне службы нарадамі міліцыі набліжана да месцаў размяшчэння аб’ектаў гандлю, масавага адпачынку. Актывізавана работа перасоўных наркалагічных пунктаў.  

За шэсць месяцаў бягучага года на аўтадарогах Мінскай вобласці па віне нецвярозых вадзіцеляў учынена 27 дарожна-транспартных здарэнняў, у іх пяць чалавек загінулі і восем – паранены. На дарогах раёна зафіксавана восем ДТЗ, у іх адзін чалавек загінуў і восем – траўміраваны, прычым адно ДТЗ адбылося па віне нецвярозага вадзіцеля.

Кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення – адно з самых сур’ёзных парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Цяжкасць наступстваў такіх ДТЗ значна вышэйшая ў параўнанні з іншымі аварыямі – у паўтара раза больш смяротных выпадкаў і цяжкіх траўмаў у пацярпелых.

Яскравым прыкладам можа служыць дарожна-транспартнае здарэнне  26.06.2016 года каля 14.30 на аўтадарозе Пятрылавічы – Рудня Пільнянская: вадзіцель М., які не мае права на кіраванне транспартным сродкам, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, падчас руху на матацыкле Іж-6114 няправільна выбраў бяспечную хуткасць, не справіўся з кіраваннем і дапусціў перакульванне матацыкла. Вадзіцель атрымаў цялесныя траўмы.

У памяці жыхароў раёна і леташняя трагедыя на мосце праз раку Нёман паблізу Мікалаеўшчыны, дзе нецвярозы вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген» выехаў на паласу сустрэчнага руху, заехаў на бардзюрны камень і ўчыніў наезд на дзвюх дзяўчат-пешаходаў, абедзве – 1993 года нараджэння. Адна з іх загінула на месцы здарэння, другая атрымала цяжкія траўмы. Пасля ДТЗ вадзіцель і яго пасажырка ўцяклі, пакінуўшы пацярпелых і аўтамабіль на месцы аварыі.

За шэсць месяцаў бягучага года супрацоўнікамі аддзела ДАІ райаддзела міліцыі затрыманы 101 вадзіцель, які кіраваў транспартным сродкам у стане ап’янення. Трое вадзіцеляў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за паўторнае на працягу года знаходжанне за рулём у стане ап’янення. Транспартныя сродкі, якімі яны кіравалі, – канфіскаваны, незалежна ад таго, каму яны належалі.

ДАІ нагадвае, што за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, або за перадачу кіравання асобе, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, а таксама за адмову ад праходжання агляду прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе пазбаўлення права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на тры гады і штраф у памеры ад 50 да 100 базавых велічынь.

Заклікаем грамадзян не заставацца абыякавымі да праблемы п’янства за рулём. Калі вы бачыце або ведаеце, што транспартным сродкам кіруе вадзіцель у стане алкагольнага ап’янення, паведаміце ў дзяжурную часць па тэлефоне 102.

Сяргей КАЛОМЕНСКІ, 

старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

ПРЫШПІЛІСЯ ДА БЯСПЕКІ

На дарогах раёна прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам – «Прышпіліся да бяспекі!», з 13 па 17 ліпеня быў аб’яўлены комплекс прафілактычных мерапрыемстваў пад умоўнай  назвай «Прышпіліся!» і «Дзеці-пасажыры». 

Той, хто думае пра бяспеку ўласную і сваіх блізкіх, няўхільна выконвае Правілы дарожнага руху і, як толькі сеў за руль, аўтаматычна прышпільвае сябе і просіць зрабіць гэта ўсіх пасажыраў у салоне (малалетнія дзеці перавозяцца ў спецыяльных дзіцячых утрымліваючых устройствах).

Статыстыка ДТЗ сведчыць, што 80 працэнтаў вадзіцеляў і пасажыраў, якія карысталіся рамянямі бяспекі, пры пападанні ў дарожную аварыю не атрымліваюць ніякіх раненняў. Фірмы-вытворцы аўтамабіляў, абсталяваных падушкамі бяспекі, папярэджваюць, што дадзеныя ўстройствы эфектыўныя толькі пры выкарыстанні вадзіцелем і пасажырамі рамянёў бяспекі.

За невыкарыстанне рамянёў бяспекі вадзіцелем і пасажырамі прадугледжаны штраф у памеры да адной базавай велічыні або папярэджанне, за парушэнне правіл перавозкі дзяцей – папярэджанне або штраф у памеры да чатырох базавых велічынь.

Іван НЯКРАСАЎ,

інспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *