Саванёў не пазнаць – такія прыгожыя!

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

Тут мой пасаг – не золата да столі,

А мары юнака, спачын радні…

Мае вы любыя і родныя Савоні,

Такія ў свеце ёсць адны!

Андрэй Жыбуль

Адзіныя ў свеце Савані — гэта невялікая вёсачка, першыя збудаванні ў якой з’явіліся побач з рэчкай Жацераўкай 400 гадоў таму. Яна памятае асаднікаў, салдат польскай арміі, узнагароджаных за добрую службу надзеламі зямлі, і якія пазней былі высланы у Сібір. У Вялікую Айчынную вёску акружалі два нямецкія бліндажы. У хаты вяскоўцаў заяўляліся немцы, паліцаі, партызаны. А людзям трэба было неяк «лавіраваць», выжываць. Прыкладна 40 гадоў таму жыхары Саванёў былі самай значнай працоўнай сілай тагачаснага калгаса «Чырвоны сцяг». Яго старшыня на працягу 30 гадоў Мар’ян Карніцкі (з ім у гэту мясцовасць прыйшлі газіфікацыя і асфальтаваныя дарогі) таксама быў запрошаны на свята і вельмі трапна заўважыў: «Народ тут годны, пражыты, варты глыбокай павагі. Я падлічыў – каля ста працаўнікоў ужо няма з намі… Уяўляеце, якія гэта былі моцныя дынастыі! І вельмі прыемна, што мы ўшаноўваем жывых, узнімаем іх настрой і жадаем духоўнай сілы».       

Пасля такога прызнання нельга не назваць шаноўных ветэранаў гаспадаркі. Гэта Антаніна Камароўская, Марыя Пятроўская, Канстанцін Галоўка, Марыя Малянчук, Алена Гоцкая, Вера Кійко, Таісія Сянько, Лідзія Маскалёва, Зінаіда Гоцкая, Галіна Рыбаковіч, Ніна Ярмак, Мікалай Лябедзька, Валянціна Лябедзька, Соф’я Булаш, Леакадзія Васілеўская, Мікалай Чыркун, Зоя Чыркун, Ніна Галубец, Валянціна Кніга. На плячах гэтых і іншых людзей стваралася моц калгаса «Чырвоны сцяг» (цяперашняга ААТ «Жацерава»), які аб’ядноўвае ў адзіную сям’ю чатыры суседнія вёскі – Савані, Раёўшчыну, Горкі і Жацерава. Летась свята вёскі прыйшло ў Раёўшчыну, эстафету ад яе прынялі Савані. 

Сабралася вялікая колькасць удзельнікаў свята і гасцей. Багата было ля дамоў святочных сталоў-пачастункаў (аж 20), якія падрыхтавалі шчырыя і ўвішныя жыхары Саванёў. Кожны з накрытых сталоў – адзін лепшы за другі, аформлены з густам і выдумкай гаспадароў. Былі тут дамашнія мясныя і салодкія далікатэсы, а сям’я старасты вёскі Алены Гоцкай частавала тварожнымі сырамі ўласнага вырабу пад жартоўным брэндам – сырная кампанія «Гоцкая і К».

Святочнае шэсце пад гукі духавога аркестра пачалося з вуліцы Калгаснай, дзе, адпаведна з назвай, жыве шмат заслужаных калгасных працаўнікоў. У гэты летні дзень тыя, хто змог, выйшлі з дамоў на вуліцу, прыселі на лавачку. Ля кожнага з іх вялікае шэсце абавязкова спыняла свой ход – разам з віншаваннямі, у тым ліку і музычнымі – ад вакальнага калектыву «Дольніца» (на канцэрце — і ад народнага хору народнай песні «Панямонь»), ім уручалі падарунак ад ААТ «Жацерава». І сімвалічна, што рабілі гэта два старшыні – Мар’ян Карніцкі, старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ «Жацерава», і дырэктар ААТ «Жацерава» Іван Краўчук – разам.

А адна са шчырых працаўніц, Галіна Рыбаковіч, не толькі выказала жаданне накрыць стол і прадставіць, не горш за маладзейшых вяскоўцаў, сваю сядзібу (балазе, некалі любіла вышываць, з той пары засталіся дзясяткі вышытых карцін), а і сустракала гасцей уласнаручна выпечаным караваем на ручніку. Прыемна было, што многія жыхары Саванёў сустракалі гасцей ўласна выпечанымі караваямі. Вось яна, непадробная саванёўская шчодрасць, уяўленне пра гасціннасць і павагу да людзей. У гэтай земляробчай вёсцы і сёння адчуваецца патрыярхальны, родавы дух – сем’і жывуць разам са старэнькімі бацькамі ў бацькоўскіх хатах, разбудаваных і адрамантаваных на сучасны лад, на заглядзенне. Аднаму з дамоў, у якім пражывае сям’я  Аляксандра і Святланы Ганчарэнкаў,  нададзены статус «Дома ўзорнага парадку».    

Старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Ніна Гурыновіч, адкрываючы свята вёскі, падкрэсліла:

– Адна з мэтаў падобных святаў – прывядзенне населеных пунктаў у належны санітарны стан. І намі гэта мэта дасягнута, дзякуючы, у першую чаргу, ААТ «Жацерава», з якім мы пачалі падрыхтоўку да свята фактычна ў кастрычніку мінулага года, а таксама ўдзелу ДРБУ № 135 і, канешне, водгуку жыхароў вёскі, іх дзяцей і ўнукаў, якія навялі парадак на падворках, прыбралі свае сядзібы. Неацэнную дапамогу аказала спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Жацерава» Людміла Калішэвіч. Нездарма сёння чуваць: Саванёў не пазнаць! У вёсцы не засталося ніводнага пустога або закінутага дома. Усе зямельныя ўчасткі, якія раней не выкарыстоўваліся, уведзены ў абарот. Прыведзены ў парадак могілкі.         

Удзячнасць жыхарам вёскі і віншаванні са святам перадаў ад імя раённага выканаўчага камітэта старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі: «Традыцыя святаў вёсак на Стаўбцоўшчыне працягваецца трэці год, і, наведаўшы Савані, можна сцвярджаць, што вёска ваша маладзее і прыгажэе».

Галоўнай адметнасцю вёскі з’яўляюцца яе людзі – суседзі, аднавяскоўцы, землякі. На свяце сказалі сваё слова паважаныя выхадцы з Саванёў: Іосіф Меляшкевіч, у нядаўнім мінулым – старшыня ААТ «Агранёманскі»; супрацоўніца Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Алена Анісім; выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і ГДР Канстанцін Булаш; воін-інтэрнацыяналіст, які дзе радзіўся, там і прыгадзіўся, Уладзімір Аўласін. Андрэй Жыбуль перадаў праз сваіх блізкіх вершаванае прысвячэнне Саваням. Ушанаваць жыхароў вёскі, сваіх былых работнікаў, прыехалі на свята з райспажыўтаварыства, аддзела адукацыі, спорту і турызму, тэрытарыяльнага цэнтра. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко ўручыла падарунак адзінай у вёсцы шматдзетнай сям’і – Аляксандра і Таццяны Гілейша.

Свята завяршылася дыскатэкай, якая была аплачана сродкамі жыхароў вёскі Савані і сабрала жыхароў усіх чатырох вёсак гаспадаркі, а сапраўдным сюрпрызам стаў феерверк над Саванямі. Асноўны спонсар свята – ААТ «Жацерава». Адгукнуліся і індывідуальныя прадпрымальнікі С. І. Жарнак, М. М. Гілейша. І, безумоўна, свята не адбылося б без работнікаў і самадзейных калектываў Горкаўскага сельскага Дома культуры, Навасвержанскага Дома культуры, старасты вёскі Алены Гоцкай. Жыхары Саванёў не забылі нагадаць пра сваю просьбу-мару: каб у іх «прычыгуначнай» вёсцы нарэшце з’явіўся прыпынак чыгуначнага транспарту. Мерапрыемства атрымалася цудоўнае, а дырэктар сельгаставарыства Іван Краўчук дадаў да яго і працоўнай радасці: напярэдадні, у гонар свята вёскі, гаспадарка закончыла ўборку рапсу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,

фота аўтара 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *