У добры шлях, жніво!

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай-2016

У мінулую пятніцу ў нашым раёне адбылося адно з самых важных і адметных для  работнікаў сельскай гаспадаркі працоўных гадавых святаў – «Зажынкі». Працяглае спякотнае надвор’е наблізіла сёлета самую гарачую пару. Жніво… Хлеб… Яны выклікаюць у кожнага ўзвышаныя, хвалюючыя пачуцці. І да хлебаробаў сёння асаблівыя адносіны, бо гэта яны песцяць кожнае зярнятка, любоўю і ласкай ахінаюць кожны каласок. Нездарма ў народзе кажуць: хлеб усяму галава. З мінулай восені і да сённяшняга дня работнікі раслінаводчай галіны сельгаспрадпрыемстваў шчыра працавалі на палетках для таго, каб вырасціць дастойны ўраджай. І хлебная ніва гатова аддзячыць руплівым. У чаканні камбайнаў яна ўстала шчыльнай сцяной. Лёгкага хлеба не бывае ніколі. І кожнае жніво – надзвычай напружаная і адказная пара, нялёгкае выпрабаванне. Пэўна ж, не стане выключэннем і сёлетняя ўборка. Аднак хлебаробы Стаўбцоўшчыны гатовы да гэтага, а свае рупнасць і ўменне яны ўжо даказвалі не раз.

Урачыстае мерапрыемства праходзіла на палетках ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Раздзяліць радасць хвалюючага моманту да аграрыяў раёна прыехалі госці, нашы шэфы – кіраўнікі сталічных арганізацый Кастрычніцкага раёна. Прадстаўнічую дэлегацыю сустракалі хлебам-соллю.

На зжатым і ўпрыгожаным рознакаляровымі сцягамі жытнёвым пятачку ў рад выстраіліся  камбайны, якія задзейнічаны на жніве, а побач з імі ў шарэнгу  – экіпажы з чырвонымі стужкамі «Жніво-2016», аўтамашыны і вадзіцелі, якія будуць адвозіць збожжа ад камбайнаў, а таксама іншая сучасная айчынная і імпартная сельскагаспадарчая тэхніка, што прымянялася падчас вырошчвання ўраджаю. Кіраўніцтва раёна  разам з гасцямі і дырэктарамі сельгаспрадпрыемстваў абышлі строй машын і моцна паціснулі мазолістыя рукі людзей, якія будуць убіраць хлеб. Вялікая пашана на свяце хлебаробам, чыёй напружанай працай ствараецца дабрабыт дзяржавы. Пачэснае права падняць сцяг жніва было прадастаўлена пераможцу мінулагодняга раённага і абласнога спаборніцтваў Расціславу Васілевічу.

Шчыра прывітаў усіх удзельнікаў свята старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.

– Для хлебаробаў наступіла самая адказная і нялёгкая пара — жніво, – сказаў Юрый Мікалаевіч. – Многа было зроблена для таго, каб атрымаць высокі ўраджай. У прыватнасці, добра заправілі глебу мінеральнымі ўгнаеннямі, своечасова і надзейна падрыхтаваны камбайнавы парк. У гаспадарках раёна стаіць на карані ўраджай не горшы за мінулагодні, і трэба ўбраць яго ў тэрмін і без страт. Напярэдадні механізатары шчыра парупіліся на сенажацях, нарыхтоўваючы кармы, і корманарыхтоўчыкі будуць шчыраваць да самай восені. Стаўка сёлета зроблена на травяныя кармы, і з гэтай мэтай зменшаны на тры тысячы гектараў збожжавы клін, аднак гэта эканамічна апраўдана. З сённяшняга дня пачынаецца вялікая ўборачная кампанія, бо на чарзе ўборка бульбы, цукровых буракоў, кукурузы, ільну і іншых культур. Адначасова будзе закладвацца і падмурак будучага ўраджаю. Прыемна, што павіншаваць са святам зажынак і падтрымаць нас прыехалі сталічныя шэфы, з якімі на працягу доўгага часу цесна супрацоўнічаем і надалей будзем працягваць сябраваць.

Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што на жніве будуць задзейнічаны 99 камбайнаў. Сярод вопытных камбайнераў і маладыя людзі – сёлета іх трыццаць два. Моладзь паказвае сябе з самага лепшага боку і працуе на роўных са старэйшымі, у якіх пераймае іх багаты вопыт.

– У нашым раёне ёсць яскравыя прыклады самаадданасці пачэснай хлебаробскай  справе, – дадаў Юрый Горлаў. – Летась старшы камбайнер ААТ «Агранёманскі» Генадзь Цвірка, які займае ў таварыстве пасаду брыгадзіра вытворчага ўчастка, а на перыяд жніва садзіцца на камбайн і ўбірае хлеб, правёў сваё пяцідзясятае жніво. Гэта адзіны ў рэспубліцы чалавек, які столькі гадоў адпрацаваў на камбайне. У 2015 годзе Генадзій Адамавіч атрымаў з рук Прэзідэнта краіны заслужаную ўзнагароду.

Затым слова прадаставілі кіраўніку адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Мінска Анатолію Жукоўскаму:

– У хлебаробаў пачынаюцца самыя гарачыя дні, і наперадзе іх чакае няпростая справа: убраць вырашчаны ўраджай без страт, і выканаць пастаўленую галоўную задачу – забяспечыць харчовую бяспеку нашай краіны. Мінулы год быў адным з лепшых у гісторыі раёна, быў перавышаны статысячны намалот збожжа. І сёлета жадаю вясковым працаўнікам дасягнення высокіх паказчыкаў. Мы прыехалі вялікай камандай для таго, каб вызначыцца, якую дапамогу неабходна аказаць аграрыям для таго, каб без страт зжаць хлеб. Пастараемся дапамагчы тэхнікай і людзьмі па максімуме, каб аператыўна справіцца са жнівом.

Начальнік Мінскай абласной інспекцыі дзяржтэхнагляду Валерый Злотнік падкрэсліў, што ўборачная кампанія – гэта справа ўсенародная і хлеб трэба ўбраць да самага апошняга каласка. А камбайнавы парк інжынерная служба сёлета падрыхтавала проста выдатна. І ў пацвярджэнне сваіх слоў Валерый Яфімавіч ўручыў старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву заслужаную ўзнагароду – дыплом пераможцы абласнога агляду-конкурсу гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы па падрыхтоўцы тэхнікі да палявых работ 2016 года. Асаблівую ўвагу куратар раёна засяродзіў на ахове працы – бо жыццё чалавека бясцэннае – і выказаў упэўненасць, што ўборачная кампанія пройдзе на ўзроўні і без праблем.

Пажадаў лёгкай уборачнай сваім работнікам і ўсім хлебаробам дырэктар ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Сяргей Савіцкі.

Спрадвеку ў такой важнай справе, як уборка хлеба, сяляне прасілі Божай дапамогі, бо не ўсё ў сілах чалавечых. Малітвай і святой вадой асвяціў пачатак уборкі збожжавых у раёне благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык. Дзяўчынкі, вучаніцы Дзераўнянскай сярэдняй школы, уручылі камбайнерам кветкі і прачыталі вершы. Затым урачыста, з песняй, былі зажаты першыя снапы і ўручаны кіраўніцтву раёна, гасцям і гаспадару свята. Усё гэта дзейства адбывалася пад абрадавыя песні ў выкананні самадзейных калектываў Горкаўскага сельскага Дома культуры і Дзераўнянскага цэнтра культуры.

«З Богам. Па машынах! Паехалі!» – даў каманду камбайнерам першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Дзяніс Колясень. Хвалюючы момант: загулі камбайны, беражліва апусцілі жняяркі ў залацістую збажыну і пад гукі марша рушылі ў поле за новым багатым ураджаем. Свята завяршылася, пачаліся няпростыя рабочыя будні хлебаробаў, якія будуць змагацца за вялікі хлеб.

Надзея Баталка,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *