Выбары-2016

Нумары

ПАЧАЛОСЯ ВЫЛУЧЭННЕ КАНДЫДАТАЎ У СЕНАТАРЫ

Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пачалося 21 ліпеня і прадоўжыцца па 19 жніўня ўключна.

Вылучаць кандыдатаў будуць прэзідыумы мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведныя выканкамы, а ў Мінску — прэзідыум Мінгарсавета і Мінгарвыканкама. Кандыдаты ў члены Савета Рэспублікі рэгіструюцца ў ЦВК з 20 па 24 жніўня.

Непасрэдна самі выбары сенатараў пройдуць з 25 жніўня па 13 верасня на пасяджэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню абласцей, дэпутатаў Мінгарсавета. Перад выбраннем членаў Савета Рэспублікі ЦВК дае заключэнне аб правамоцнасці іх вылучэння. Вынікі выбараў павінны быць канчаткова падведзены не пазней за 30 верасня.

Савет Рэспублікі – адна з дзвюх палат парламента Беларусі. У яе ўваходзяць 64 чалавекі, і яна лічыцца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Пры гэтым 56 чалавек выбіраюцца, а яшчэ 8 назначае Прэзідэнт Беларусі.

Членам Савета Рэспублікі можа стаць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 30 гадоў і пражывае на тэрыторыі адпаведнай вобласці або Мінска не менш за пяць гадоў.

Вылучацца ў сенатары не могуць тыя, хто мае судзімасць. Таксама адзін і той жа чалавек не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат парламента. Нельга быць адначасова і членам Савета Рэспублікі, і членам урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў сенатара з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі.

 

ПАДРЫХТОЎКА – НА КАМП’ЮТАРНЫХ ТРЭНАЖОРАХ

Арганізатары выбараў у Беларусі на камп’ютарным трэнажоры прайшлі ўсе этапы выбарчай кампаніі. Аб гэтым журналістам паведаміў першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Аляксандр Іваноўскі, перадае карэспандэнт БелТА. У Акадэміі кіравання прайшоў навукова-практычны семінар па арганізацыі і правядзенні выбарчай кампаніі. Прадстаўнікі мясцовых улад адпрацоўвалі ўсе яе этапы на спецыяльным камп’ютарным трэнажоры ў ходзе дзелавой гульні.

Аляксандр Іваноўскі растлумачыў, што размова ў гэтым выпадку ідзе аб матэрыяльна-тэхнічных, арганізацыйных пытаннях, аб забеспячэнні бяспекі. У час дзелавой гульні прапрацоўваюцца розныя сітуацыі, у базе іх больш за 500, з якімі арганізатары выбараў сутыкаліся ў мінулыя гады на выбарчых участках. Першы прарэктар Акадэміі кіравання адзначыў, што такія навучальныя семінары для арганізатараў выбараў праводзіліся і раней, аднак тады мадэляваліся толькі асобныя этапы выбарчага працэсу. У цяперашнім выглядзе, калі адпрацоўваецца ўся выбарчая кампанія, трэнажор – навінка. «Ён дапаможа забяспечыць больш дакладнае і правільнае правядзенне працэсу ў строгай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам», – сказаў Аляксандр Іваноўскі. Ён звярнуў увагу, што людзі, якія адказваюць за непасрэдную арганізацыю выбарчага працэсу, не маюць спецыяльнай адукацыі, многія ўдзельнічаюць у ім упершыню, «таму неабходна адпрацаваць дзеянні, каб яны былі ўзгодненымі». Такія ж камп’ютарныя трэнажоры ўжо ёсць у рэгіёнах, і ўдзельнікі семінара ў Акадэміі кіравання ў далейшым змогуць на месцах выступіць мадэратарамі на падобных навучальных мерапрыемствах.

(http://blr.belta)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *