Усё мяняецца з гадамі

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

Сябры дзяцінства – думак адзінства. Некалі так яно і было. Жылі амаль па суседству ў нашыя малыя, маладыя гады ў значна больш населенай і ажыўленай тады вёсцы Ячнае. І на веласіпедах у тыя далёкія вераснёўскія раніцы спяшаліся амаль за дзясятак кіламетраў у Стоўбцы, у восьмы клас гарадской школы. Бліжэй да зімы бацькі знайшлі нам кватэры. Коля звычайна прыходзіў да мяне, бо тут гаспадыня больш памяркоўна глядзела на нашы гульні. Не, калі Мацвееўна была дома, то ціхенька рабілі ўрокі ці падказвалі адзін аднаму, як лепш аформіць самаробныя часопісы. У школьных сшытках стараліся прадэманстраваць сваю творчасць – складзеныя вершыкі, малюнкі. Калі ж заставаліся адны, то ў большым пакоі «ганялі ў міні-футбол» ці «хакей». Справа няхітрая: вароты — перавернутае крэсла, куды з азартам стараліся забіць мячык ці карабок ад запалак –»шайбу».

Колькі зімаў – колькі летаў! Ужо не Коля, а мужны Мікалай Васільевіч па-сяброўску ляпае мяне па плячы. Ён уважліва глядзіць на мяне, а я стараюся пазнаць тую ж добрую, гарэзлівую ўсмешку.

Як вядзецца, зрабілі па кілішку. І весялей ідзе нетаропкі аповед аб жыцці-быцці праз дзесяцігоддзі. У мяне, відаць, значна прасцей: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. А Мікалай пабачыў свету. Дзесяцігодку заканчваў далёка ад Стоўбцаў і нават не ў Беларусі. Бацькі яго пераехалі ў Казахстан. У Расіі ён закончыў ваеннае вучылішча, а далей – лёс афіцэра служыць там, куды Радзіма пашле, прастора ж – шостая частка свету, неабдымны тады Савецкі Саюз.

Не можам не гаварыць аб падзеях на Украіне. Мікалай служыў і ў Луганску, болем адгукнуліся яму трагедыі і гэтага горада, і Данецка, і рабочых пасёлкаў, многія з якіх вядомы яму не па геаграфічнай карце. Разважаем і пра больш прыемнае – аб непарушных братэрскіх сувязях Беларусі, Расіі, Казахстана. Ці думалі калі, што, каб паехаць на тую Украіну ці ў Прыбалтыку, трэба будзе афармляць візу, бо ўжо замежжа. А тут з Падмаскоўя, дзе жыве, у сталіцу – электрычкай, далей жа прамы маршрут экспрэсам Масква-Брэст.

З прыпынкам у Стоўбцах. На радзіму Мікалай прыязджаў і раней, але, выходзіць, ужо даволі даўно – гады бягуць, імчацца. Спачатку паспяшаўся ў роднае Ячнае. Там, хаця і далёкія, ды засталіся сваякі. А ў горадзе найперш завітаў да мяне. Моцныя, трывалыя, хвалюючыя ўспаміны. Як было і што змянілася? Каб ацаніць, прагуляемся па Стоўбцах.

Пацягнула сябра найперш да Нёмана. Машыну паставілі на крыху аддаленай ад берага стаянцы. «Цывілізавана!» – ухвальвае сябар. І крыты павільёнчык на пляжы спадабаўся, шкада толькі, што халаднавата, людзей амаль і няма. Усё ж прапанаваў асвяжыцца – наша лета.

Сквер на плошчы Леніна і той, і не той. Помнік правадыру пралетарыяту, як і было. А вось замест цяністых ліпаў, дзе можна было ў засені на лавачцы пасядзець, з’есці марожанае, – нізкарослыя насаджэнні. «І танцпляцоўкі няма?» – азіраецца Мікалай.

Кіруемся далей па вуліцы Ленінскай да парка, дзе месціцца пляцоўка адпачынку «Вербачка». «І вечарамі тут таксама моладзі столькі, што не прабіцца?» – настальгічнае пытанне, пэўна, з успамінам, што ў тыя часы да касы за білецікам «на танцы» стаяла чарга. Дыпламатычна гавару нешта неканкрэтнае. Не даводзіць жа госцю, што праблема арганізацыі адпачынку моладзі ўсё ж існуе. Мікалай сам ужо не жадае паглыбляцца ў тэму. Бо хоча аглядзець стадыён, які побач. Усё тут выглядае прыстойна: і зялёны дыван футбольнага поля, і трыбуны, якія абнаўляюцца (і гэта бачна), і пляцоўкі для гульні ў валейбол і для трэніроўкі футбалістаў. Як тут не пахваліцца госцю новым ФАКам – сапраўдным мясцовым палацам спорту. Для таго каб паплаваць у басейне ці займацца на трэнажоры, патрэбны і час, і адпаведная экіпіроўка. «Іншым разам, калі паспею», – абяцае Мікалай. Бачу ў яго вачах захапленне.

Падабаюцца яму і асартымент, і абслугоўванне, і цэны ў «Еўраопце». «Вось у вас і сапраўды акрэсліваецца сучасны горад, няхай пакуль і ў мікрараёнах», – каменціруе ён, калі скіроўваем на вуліцы Міру, Цэнтральную. Даводжу, што ёсць планы па перабудове вуліцы Ленінскай, таксама цэнтральнай у горадзе.

 «Мой родны кут, як ты мне мілы», – дэкламуе Мікалай і задае пытанне: «А ці ёсць у Стоўбцах помнік Якубу Коласу?» Пра музеі ў Акінчыцах, Альбуці, Мікалаеўшчыне не варта яму даводзіць: наведвалі яшчэ тады, экскурсіяй з класам. «Хутка будзе, – гавару ўпэўнена, – прыязджай, убачыш».

У тым жа духу нацыянальных традыцый працягваецца гутарка і дома. Запрашаю Мікалая наведаць якое са святаў вёсак, што ладзяцца ў раёне:

–             Там і песень народных, і пачастункаў багата, і прыгожа прыбраныя двары і хаты. І майстры дэманструюць сваё ўменне своеасаблівымі выставамі вырабаў ткацтва, вышыўкі, разьбы па дрэве.

«Свята будзе і ў суседняй з нашай Ячнай Ячонцы?» «Шкада, не паспею, трэба ехаць». І зноў пытанне: «Чаму па-беларуску мала хто гаворыць?» Да тых, хто хоча падкрэсліць сваю адметнасць «чыстай» гаворкай, знойдуцца аргументы. Найперш, што трэба паважаць субяседніка, які да цябе – на адной мове, а ты – на іншай. Што ў нас у Беларусі афіцыйнае двухмоўе. А на беларускай мове? «Падару табе колькі беларускіх кніг, парадуеш унукаў. Вазьмі во і нашу газету «Прамень», пераважна беларускамоўную. Знойдзеш час, завітаеш і ў нашу школу, цяпер гарадскую гімназію. Пачуеш, што і прывітаюць, і гаварыць з табою будуць па-беларуску».

«У школе цяпер канікулы, іншым разам…» З тым і развітваемся.

Вось такі экскурс атрымаўся па нашым горадзе з чалавекам, які памятае, якім ён быў і як ён мяняецца. Мяняецца ў лепшы бок, можа, не так хутка, як хацелася б, але ж… Ціхі наш гарадок над Нёманам сніцца многім землякам, якім лёсам наканавана жыць далёка ад Стоўбцаў і якія з радасцю вяртаюцца да памятных мясцін дзяцінства.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *