100 гадоў – узрост, годны пашаны

Нумары Соцыум

У супрацоўнікаў Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёсць вельмі добрая традыцыя – урачыста віншаваць жыхароў раёна, якія дасягнулі шаноўнага ўзросту.

На гэты раз загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Валянціна Дубіцкая, інспектар аддзялення Таццяна Місюкевіч разам са старшынёй Старасвержанскага сельскага Савета Марынай Таяноўскай завіталі да жыхаркі вёскі Падлессе Марыі Фёдараўны Шыманскай, якой днямі споўнілася 100 гадоў.

Разам з пажаданнямі моцнага здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця Марыі Фёдараўне былі ўручаны букеты кветак і каштоўныя падарункі.

Расчуленая імянінніца сардэчна дзякавала за такую ўвагу і падарункі.

А на пытанне падзяліцца сакрэтамі доўгажыхарства Марыя Фёдараўна сціпла адказала, што і сама не ведае, чаму Бог даў ёй такое доўгае жыццё і пры тым амаль без хваробаў. Праўда, у апошнія гады пачалі пабольваць ногі, прыходзіцца карыстацца кіёчкам, ды і сэрца крыху барахліць. Але тым не менш Марыя Фёдараўна, як кажуць, на сваіх нагах і не цураецца лёгкай хатняй работы. Хаця гэтага ёй рабіць не дазваляе дачка Людміла, якая летам адвозіць маці з зімовай кватэры ў Мінску на радзіму ў Падлессе.

Як распавядае Марыя Фёдараўна, самымі шчаслівымі і памятнымі падзеямі ў жыцці былі нараджэнне першынца сына (а ў яе ёсць яшчэ і дзве дачкі) і вяртанне з Вялікай Айчыннай вайны мужа.

–             Калі муж зайшоў у хату, я ад нечаканасці абамлела, – успамінае Марыя Фёдараўна. – Я з ім у згодзе і шчасці пражыла 65 гадоў. Працавалі цяжка, я – на паляводстве ў калгасе, а муж – у будаўнічай брыгадзе. Можа, цяжкая фізічная праца і дапамагла мне дажыць да 100 гадоў, – дадае Марыя Фёдараўна. – Ну, а цяпер радуюся кожнаму пражытаму дню. Вельмі ўдзячна сацыяльнаму работніку, якая абслугоўвае мяне, Ірыне Печанавай. Залатая жанчына. Што не папросіш – усё выканае.

Рэдакцыя «Праменя» таксама жадае Марыі Фёдараўне моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Лёнгін Ваяводскі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *