Хто жыве ў «Церамку»?

Нумары Соцыум

Бацькоўскі дзень ладзіцца ў «Церамку» ў другую суботу кожнай змены. У гэты дзень Мінскі маторны завод, якому належыць аздараўленчы лагер, аплачвае праезд бацькам ад аўтастанцыі Стоўбцы да лагера, а таксама зваротную дарогу. Наведаць сваіх дзяцей едуць цэлымі сем’ямі, таму фактычна ў гэты дзень лагернае «насельніцтва» павялічваецца ўдвая і больш. Цікава, што адчування скучанасці, таўкатні не ўзнікае. Спрыяе гэтаму яго аб’ёмная тэрыторыя, плошчай у 14,2 га, а найбольш – цікавая праграма бацькоўскага дня са шматлікімі конкурсамі, якія не могуць не прыцягваць.

На кірмашы «Гарадок» было столькі спакусаў. Дзейнічала фотазона, запрашалі салоны татуіроўкі і прыгажосці, аказвала паслугі жартоўнае таксі. А яшчэ – адкрыўся свой «рэстаран», дзе дзеці маглі набыць салодкасці. Заробак – цукеркамі – атрымалі і тыя дзеці, якія працавалі ў салонах. Праўда, дырэктар летніка Таццяна Трацяк прызналася ў некаторай хітрасці – «церамкоўскім мільёнам» яна можа ўзнагародзіць каго-небудзь з самых маленькіх (тут адпачываюць дзеці з шасцігадовага ўзросту), не такіх разваротлівых, як старэйшыя дзеці, да якіх раптам не прыехалі бацькі, каб і яны маглі атаварыцца ў «рэстаране».

У чэрвені гэтага года “Церамку» споўнілася 50. Яго аўтаномію і, адначасова, багацце традыцый падкрэсліваюць уласныя гімн, казка «Беласнежка і сем маторабудаўнікоў», прыдуманая ўсімі разам, дзе ролі знайшліся не толькі дзецям, а і важатым, старшаму выхавацелю, начальніку лагера. Дарэчы, гэта сучасная казка летась стала візітнай карткай «Церамка», які прымаў удзельнікаў міжлагернага фестывалю Партызанскага раёна г. Мінска.  

– У нас свая кацельня, адкуль кругласутачна падаецца гарачая вада. Пры неабходнасці ўключаем ацяпленне. На тэрыторыі лагера круглыя суткі нясуць дзяжурства электрык, сантэхнік, медыцынскія работнікі, ахова, у тым ліку работнік міліцыі, – пералічвае прыкметы аўтаномнай дзейнасці Таццяна Трацяк.

Акрамя бюджэтных сродкаў г. Мінска, у падрыхтоўцы лагера да сезона (а яна пачынаецца са студзеня), падтрыманні яго матэрыяльна-тэхнічнай базы вялікую дапамогу аказваюць прадпрыемствы-шэфы – Мінскі маторны завод і філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. За сезон тут адпачываюць і аздараўліваюцца 600 і больш дзяцей іх работнікаў. Упершыню ў «Церамку» размяшчаўся ў гэтым годзе палатачны лагер. Для кожнай змены прадпрыемствы-шэфы дораць феерверкі. 

За паказчыкамі аздараўлення дзяцей сочаць у лагеры ўрач-педыятр, дзве медсястры, дыетсястра. Медпункт аснашчаны як кваліфікаваным персаналам, так і ўсім неабходным, у тым ліку масажорамі для аздараўлення. Летась калектыў лагера па выніках работы заняў першае месца сярод аднатыпных аздараўленчых лагераў рэспублікі па медыцынскім абслугоўванні.

– У нашых дзяцей ёсць усе магчымасці для паўнацэннага аздараўлення –  свежае паветра, рака Нёман, басейны для малодшых дзяцей. Праўда, у нас асфальтаваныя валейбольная, баскетбольная пляцоўкі, таму бываюць збітыя калені, локці, – расказвае ўрач-педыятр Аксана Волчак. – А ў цэлым дзеці нашыя здаровыя, якіх-небудзь іншых скаргаў у іх няма. У лагеры збалансаванае пяціразовае харчаванне. Жыццё ў іх актыўнае, таму некаторым удаецца нават пахудзець. Дзеці радуюцца, калі скінулі за змену 300-400 грамаў. Сочым за санітарным станам карпусоў. Калі ў першыя дні нехта не ўмее запраўляць ложак, то ўжо праз 3-4 дні яму не патрэбна дапамога важатых, ён усё ўмее рабіць сам.  

Многія з работнікаў, у тым ліку і педагогі, важатыя, прыязджаюць працаваць у «Церамок» не першы год.

Сярод такіх – педагог-арганізатар Анастасія Самохіна. У лагеры яна працуе сёмы сезон. «Любім мы «Церамок», – гаворыць Анастасія  і прызнаецца: – Хто аднойчы праглынуў лагерны «мікроб», той заражаецца ім на ўсё жыццё».

Штодзённа ў «Церамку» ладзяцца агульнаатрадныя і агульналагерныя мерапрыемствы. Квэст-гульні, «малыя церамкоўскія гульні», фестывалі, агляд строю і песні, 7D атракцыён, кіно – гэта далёка не ўсё, чым зацікаўліваюць дзяцей. Ва ўсе змены тут працягваюць адзначаць 50-ты, юбілейны, дзень нараджэння лагера. Запамінальна прайшла таварыская сустрэча на спартыўным полі педагогаў і дзяцей двух лагераў на тэрыторыі раёна – «Церамка» і імя Я. М. Чайкі.

Дзеці не толькі спяваюць, танцуюць, а і з задавальненнем наведваюць гурткі. Вельмі папулярны гурток «Чароўны свет паперы», які вядзе дасведчаны ў гэтай справе спецыяліст Наталля Чэкман і з якога яны ніколі не выходзяць з пустымі рукамі. Ствараюць, без нажніц і клея, маленькія шэдэўры, а да бацькоўскага дня падрыхтавалі паштоўкі для мамы і для таты. «Стараюся знайсці такую работу, якую можна завяршыць за занятак у 45 мінут», – тлумачыць кіраўнік гуртка. За 18-дзённую змену праходзіць 15 заняткаў, і кожны з іх можна назваць майстар-класам. У «Церамку» нават дарослыя бяруць урокі ў Наталлі Чэкман. 

Стаўбчанін Улад з пятага атрада – пачынаючы мастак. Яго малюнак адабраны на выстаўку, яго творчасцю можа палюбавацца мама. У бацькоўскі дзень яна прыехала да сына разам з малодшым сынам. У конкурсах прымалі ўдзел абодва хлопчыкі і зарабілі аж пяць «церамкоўскіх мільёнаў». Матуля задаволена, што і сёлета адправіла сына ў лагер: «Тут добрае харчаванне, свежае паветра. Я прыязджаю сюды і сама адпачываю. У летніку дзеці пад наглядам, з імі пастаянна займаюцца педагогі. У наступным годзе буду адпраўляць у «Церамок» і малодшага. Кошт пуцёўкі даступны – яго часткова кампенсуюць дзяржава і маторны завод. Бацькі плацяць толькі 10 працэнтаў».

Дзевяцікласніца Віка з Мінска – проста рэкардсмен па наведванні летнікаў (бывала там ужо 12 разоў!). У лагер яна едзе адпачываць. «Самае лепшае для мяне – адпачываць ад вучобы, гаджэтаў. Мама дала з сабою не мой «наварочаны» тэлефон, а старэнькі – каб званіць, – кажа Віка. – У нас дружны атрад. За важатых мы стаім гарою». Разам з тым, як высвятляецца ў размове, два падручнікі па хііміі Віка ўсё такі ўзяла з сабою. «У «ціхі час» чытаю – хачу падцягнуць гэты прадмет».      

Колькі вакол вясёлых і сур’ёзных, забаўных і цікаўных дзяцей!  

Таццяна Пяткевіч 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *