Нявырашальных праблем няма

Нумары

У г. Маладзечна адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры для журналістаў рэспубліканскіх, абласнога і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Перад прэс-канферэнцыяй журналісты мелі магчымасць наведаць ААТ «Радашковіцкі керамічны завод», аб’ект прыдарожнага сэрвісу ТАА «Зорка аўтастрады», ТАА «Фабрыка Блауз», ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат», беларуска-германскае вытворчае сумеснае прадпрыемства «Мінскі мэблевы цэнтр ТАА», СААТ «Белор-дызайн» і пазнаёміцца з іх работай.

Наступствы стыхіі на Міншчыне ліквідаваны

Асноўнае пытанне, якое хвалявала журналістаў, – як Міншчына справілася са стыхіяй.

Старшыня Мінскага аблвыканкама паведаміў, што ўраган, які прайшоў на тэрыторыі Мінскай вобласці 13 ліпеня, нанёс урон прыкладна на 6 млн руб. Каля 1 млн руб. выплаціць Белдзяржстарх, астатнія сродкі на будаўніцтва жылля і аб’ектаў інфраструктуры возьмуць на рамонт рэспубліканскі і абласны бюджэты. «Жыхары ўсіх пацярпелых дамоў плаціць свае грошы за абнаўленне жылля не будуць. За гэта заплаціць дзяржава. У любой цывілізаванай краіне для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый сродкі існуюць», – зазначыў губернатар.

Наступствы стыхіі ацэньваліся пры дапамозе беспілотных лятальных апаратаў. 11 жыхароў цэнтральнага рэгіёна атрымалі траўмы. Будматэрыялы, шыфер атрымлівалі з цэментных заводаў. Былі задзейнічаны рэзервы са складоў МНС. Было прынята рашэнне адпускаць неабходныя матэрыялы з магазінаў без аплаты па даверанасці. Разлікі за іх ужо пачаліся.

Губернатар паведаміў, што амаль за суткі былі завершаны ўсе аварыйныя работы ў энергасістэме. Кіраўнік вобласці адзначыў якасць узаемадзеянняў розных службаў і органаў улады. Старшыні райвыканкамаў Смалявіцкага, Бярэзінскага і Чэрвеньскага раёнаў у момант разгулу стыхіі былі ў працоўных адпачынках, але яны перарвалі адпачынак і адразу ж прыступілі да работы. У аблвыканкаме працаваў штаб па ліквідацыі наступстваў стыхіі.

Сямён Шапіра паведаміў, што ад шквалістых вятроў у вобласці пацярпела 8,5 тыс. га лесу, на 10 тыс. га пасевы прызнаны палеглымі. Аднак гэтыя страты, як адзначыў губернатар, не крытычныя.

Найбольш пацярпелі ў Мінскай вобласці ад урагану Бярэзінскі, Дзяржынскі, Мінскі, Смалявіцкі і Чэрвеньскі раёны.

Каля 1,5 тыс. беларусаў ужо атрымалі страхоўкі пасля ўраганаў 13-14 ліпеня. Грамадзян цэнтральнага рэгіёна падтрымалі і кітайскія партнёры.

Карпарацыі інжынірынга САМСЕ, а таксама машынабудаўнічай кампаніі СИНОМАЧ пералічылі ў распараджэнне аблвыканкама 250 тыс. долараў і гатовы прадаставіць будаўнічую ці іншую тэхніку для хутчэйшага вяртання пацярпелых раёнаў да нармальнага жыцця.

Уборачная кампаніястартавала

Мінская вобласць у бягучым годзе разлічвае атрымаць ураджай не меншы, чым у мінулым.

Па словах губернатара, сярэдняя ўраджайнасць пакуль складае 34 ц/га. «У мінулым годзе на аналагічны перыяд сярэдняя ўраджайнасць складала 27 ц/га, а калі ўборка была закончана, паказчык дасягнуў 41,6 ц/га. Хлебны каравай рэгіёна склаў 2 млн 177 тыс. тон збожжа», – напомніў Сямён Шапіра.

У гэтым годзе ўраджайнасць ужо вышэйшая. Пакуль убіраюцца не лепшыя палі. «Калі надвор’е не прынясе новых катаклізмаў і мы прымем правільныя тэхналагічныя рашэнні, то ў бягучым годзе будзе атрымана больш за 2 млн тон збожжа», – падкрэсліў кіраўнік Мінскай вобласці.

Таксама Сямён Барысавіч зазначыў, што нават больш важна, чым збожжа, – гэта корм для жывёлагадоўлі. «Калі мы сёння ўсю «адналетку» ўбяром у  сянажныя ямы, то будзе больш карысная сумесь збожжа і расліннай масы для жывёлы. Я настойваю на ўсё большай нарыхтоўцы травяных кармоў, бо праблемы збожжа няма», – рэзюмаваў Сямён Шапіра.

ВРП будзе расці

У мінулым годзе Мінская вобласць з’яўлялася лідарам па паказчыку валавага рэгіянальнага прадукту (ВРП). «У канцы той пяцігодкі мы дабавілі 122% у параўнанні з пачаткам. Гэта значны прырост, бо на працягу пяці гадоў паказчык павялічваўся на 4-5%, – напомніў Сямён Шапіра. – Па выніках першага паўгоддзя бягучага года Мінская вобласць па ВРП займае не лідзіруючыя пазіцыі. Паказчык ВРП  Мінскай вобласці ў новай пяцігодцы будзе меншым, чым у  мінулай. Гэта выклікана прасяданнем калійных рынкаў і тым, што ААТ «Беларуськалій» мае значную ўдзельную вагу ў  ВРП вобласці. Замяніць гэты аб’ём чымсьці іншым няпроста».

Па словах старшыні Мінаблвыканкама, з-за зніжэння кошту калійных угнаенняў на знешніх рынках аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў вобласці знаходзіцца на ўзроўні 80% у параўнанні з мінулым годам, але ўся астатняя прамысловасць прадэманстравала тэмп росту 105%. ВРП у вобласці расце з кожным месяцам і зараз складае амаль 93%. Робяцца ўсе намаганні, каб паказчыкі павялічыліся за лік іншых прадпрыемстваў. Станоўчую дынаміку дэманструе, напрыклад, БелАЗ і іншыя», – падкрэсліў губернатар.

Сямён Барысавіч адзначыў, што разлічвае на дынамічнае развіццё бізнесу ў Мінскай вобласці ў бягучай пяцігодцы, што таксама забяспечыць прырост ВРП.

«Вобласць развіваецца, таму я думаю, што за гэтую пяцігодку мы дабавім не менш, чым за папярэднюю», – канстатаваў старшыня Мінаблвыканкама.

У заканчэнне мерапрыемства Сямён Шапіра ўручыў дыпломы пераможцам штогадовага абласнога спаборніцтва сярод супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі.

Дыпломам Мінскага абласнога камітэта ўзнагароджана і наша ўстанова «Рэдакцыя газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы» за перамогу ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гісторыка-краязнаўчай тэматыкі».

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *