На жніве шчыруе моладзь

Нумары Ураджай-2016 Факты, падзеi, людзi

Па тэмпах уборкі збожжавых культур лідзіруюць хлебаробы ААТ «Жацерава». І па ўраджайнасці шчырыя рупліўцы палеткаў уваходзяць ў першую тройку, атрымліваюць з кожнага гектара па 34,5 цэнтнера збожжа.

Самае ўмалотнае ў гаспадарцы азімае трыцікале, якое аддзячвае амаль 44 цэнтнерамі на круг. Як і летась перавага тут была аддадзена азімым культурам, якія, як вядома, больш ураджайныя.

– Камбайнерам трэба зжаць збожжавыя і зернебабовыя на плошчы 978 гектараў, – расказвае галоўны аграном Іна Леўкавец. –  Уборачная  даволі складаная. Перашкаджае жніву дажджлівае надвор’е. А ўвогуле, ураджай для сёлетняга года вырашчаны неблагі. Дзеля гэтага было многа зроблена: належным чынам заправілі глебу, праведзены падкормкі раслін, апрацавалі пасевы супраць шкоднікаў і хвароб. Зараз самы адказны перыяд – убраць збожжа без страт.

На полі ва ўрочышчы Асіпаўшчына шчыравалі тры маладзёжныя экіпажы камбайнераў. Работа ў іх спорылася, аднак неба зноў пачалі зацягваць хмары. У галоўнага спецыяліста і ў работнікаў асаблівыя хваляванні – паспець абмалаціць гэты ўчастак.

 – Вось так і працуем, ловім кожную пагодлівую хвілінку, – тлумачыць Іна Анатольеўна. – Аднак камбайнеры не спяшаюцца, ўбіраюць якасна, ведаюць, што за гэта ім будзе налічвацца дадатковая аплата. Дарэчы, на сёлетняй уборачнай камбайнерам і вадзіцелям павялічаны расцэнкі. Ёсць за што старацца. Для занятых на жніве арганізавана двухразовае гарачае харчаванне.

Збожжа новага ўраджаю вадзіцелі дастаўляюць на збожжасушыльныя комплексы. Іх у таварыстве два, размяшчаюцца яны ў Саванях і задзейнічаны кругласутачна. Збожжа вільготнае, таму папрацаваць машыністам   прыйдзецца сёлета нямала.

Вынікі арганізаванага спаборніцтва на жніве падводзяцца ў гаспадарцы штодзень, і кожны экіпаж, каб выйсці пераможцам, стараецца намалаціць больш за калег.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: (злева направа) камбайнер Сяргей Амельчыц, галоўны аграном Іна Леўкавец, памочнікі камбайнераў Аляксандр Касмовіч і Яўгеній Гунько, камбайнер Максім Леўкавец.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *