Збожжа – у дзяржаўныя засекі

Нумары Ураджай-2016 Факты, падзеi, людзi

Аднымі з першых пачалі жніво і адпаведна продаж збожжа новага ўраджаю ў лік дзяржзаказу хлебаробы ААТ «Вішнявецкі-агра». У мінулы аўторак аўтамашыну таварыства ўрачыста сустрэла кіраўніцтва Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў». Суправаджаў груз галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Клаўшун. Па добрай традыцыі, якая склалася на філіяле, вішнявецкіх аграрыяў сустрэлі караваем і ўручылі сноп збажыны.

– Дзякуй за вырашчаны хлеб, – сказаў дырэктар Мікалай Пуляк, – сёння вы далі ход збожжу новага ўраджаю, і такім чынам прадпрыемства пачало прымаць яго ад хлебаробаў нашага раёна. Жадаем, каб уборачная кампанія прайшла без праблем, каб паспрыяла надвор’е і ўсё вырашчанае збожжа сабралі без страт.

Услед за вішнявецкімі хлебаробамі адгружаць збожжа ў дзяржаўныя засекі пачалі працаўнікі палёў ААТ «Агранёманскі», «Радзіма Якуба Коласа» і «Каганец». Паступова ўключаюцца ў гэту работу і іншыя гаспадаркі.

Адначасова прымаецца і насенне рапсу. Першымі прывезлі гэтую тэхнічную культуру рупліўцы палёў ААТ «Жацерава». Як адзначае дырэктар філіяла, рапс, згодна з праведзенымі ў лабараторыі аналізамі (напярэдадні ўборачнай тут была зроблена рэканструкцыя), адпавядае стандарту. І ў зярнятках пшаніцы, дарэчы, высокае ўтрыманне клейкавіны, а значыць хлеб з яе спякуць якасны.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: дырэктар філіяла Мікалай Пуляк уручае каравай галоўнаму аграному ААТ «Вішнявецкі-агра» Мікалаю Клаўшуну; адбор збожжа для вызначэння яго якасных паказчыкаў вядуць лабарант філіяла Алена Конюх і вадзіцель сельгаставарыства Віталій Супрун.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *