Выратуе свет дабрыня

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

У раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшоў конкурс дзіцячага малюнка, прысвечаны Сусветнаму дню дабрыні. Ініцыятарам яго правядзення стала дырэктар цэнтра Святлана Леановіч. Галоўная задача конкурсу – раскрыць сутнасць прызначэння дабрыні з дапамогаю выяўленчага мастацтва. На самой справе намаляваць «дабрыню» на паперы – задача не з лёгкіх. Таму з дзецьмі праводзілася папярэдняя работа – гутаркі на тэму дабрыні, навошта людзям патрэбны добрыя ўчынкі, прыклады дабрыні і г.д. Галоўнае, што ў кожнага дзіцяці ёсць сваё ўласнае ўяўленне, што гэта значыць. Некаторыя з удзельнікаў конкурсу цікавіліся ў дарослых, маўляў, а што такое дабрыня? І многім, перш чым адказаць дзецям на гэтае пытанне, прыйшлося папярэдне добра падумаць. А вы калі-небудзь задумваліся над гэтым? Дабрыня – гэта ўнутраная патрэбнасць чалавека зрабіць бескарысліва нешта добрае, як для людзей, так і для прыроды.  І сапраўды, робячы іншым дабро, мы абавязкова ствараем цэлы ланцужок добрых спраў.

У мерапрыемстве прынялі ўздзел дзеці розных узроставых груп. Прадастаўленыя на конкурс малюнкі былі выкананы акварэллю, гуашшу, каляровымі алоўкамі, гелевымі ручкамі. Кожная работа была індывідуальная, маляўнічая. Многія з рабят паказалі дабрыню ў дзеяннях. Некаторым дзецям яна ўяўляецца як нешта абстрактнае, тое, што можна толькі адчуць. А для кагосьці дабрыня – гэта проста шчырая ўсмешка.

Фіналістамі конкурсу сталі навучэнцы народнай выяўленчай студыі «Вясёлка» (кіраўнік Таццяна Несцярук). Ва ўзроставай групе ад пяці да сямі гадоў першае месца прысуджана Саве Астрэйку, другое – Міраславу Грыгарцэвічу, трэцяе падзялілі Лізавета Баршчэўская і Ягор Янушкевіч. Ва ўзроставай групе ад васьмі да дванаццаці гадоў прызёрамі сталі Глеб Клімовіч, Юлія Варакса і Таццяна Яўсейчык, Настасся Грыгаровіч. Ва ўзроставай групе ад 13 да 16 гадоў першынствавалі Ілона Прыёмка, Аліна Гапончык і Паліна Асаёнак.

Ёсць спадзяванні, што праведзены конкурс застанецца ў памяці дзяцей і ў далейшым абавязкова яны будуць рабіць толькі добрыя справы. Дабрыня аб’ядноўвае людзей, дазваляе расці інтэлектуальна, робіць людзей шчаслівымі і духоўна багатымі.

На здымках прадстаўлены работы: 1. Савы Астрэйкі, 6 гадоў («Мая сям’я – дабрыня»); 2. Глеба Клімовіча, 8 гадоў («Дабрыня – гэта свабода»); 3. Ілоны Прыёмка, 14 гадоў («Дабрыня – галоўная якасць»).

Ганна БУРДЗЕЙКА,

намеснік дырэктара

 па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *