Працуюць з прыбаўкай

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

2.08.2016_3fЛадзяцца сёлета справы на малочнатаварнай ферме «Шахноўшчына» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». За першае паўгоддзе жывёлаводы атрымалі ў сярэднім ад кожнай каровы па 3305 кілаграмаў малака, што на 373 кілаграмы больш за адпаведны перыяд летась.

– Дасягнуты даволі неблагі плюс, а якія фактары паўплывалі на павелічэнне надояў?

– Карміць жывёлу пачалі лепш, – расказвае брыгадзір Ганна Атрушкевіч. – Рацыён стаў больш збалансаваным па пажыўных рэчывах. З канца мінулага года кормасумесі рыхтуюцца ў Пагарэлым з дапамогай новага кормараздатчыка-змешвальніка. Каровы ядуць іх з ахвотаю. І жывёлаводы стараюцца атрымаць прадукцыі па максімуме, бо ад надояў напрамую залежыць іх заработная плата.

– Ці паўплывала спякотнае надвор’е на надоі?

– Нашы жывёлаводы пастараліся не знізіць вытворчасць прадукцыі. Былі, зразумела, збоі, але кожны на сваім участку рабіў усё магчымае для таго, каб надоі асабліва не падалі. Каровам прывозілі падкормку – здробненую зялёную масу. Даём каровам на літр надоенага малака па 300 грамаў канцэнтратаў. Усе гэтыя фактары дазволілі  пратрымацца на ўзроўні, а пасля таго як прайшлі дажджы і на пашы пачала адрастаць трава, і настрой у людзей палепшыўся. Думаю, што справы нашы пойдуць угару і калектыў здолее ў бліжэйшы час дасягнуць яшчэ ямчэйшай прыбаўкі. Гэтымі ліпеньскімі днямі штодзённы надой складае ў нас васямнаццаць з паловай кілаграмаў, але ў самы бліжэйшы час разлічваем даіць на кілаграм больш.

– І за год абавязкова перасягнуць рубеж  у 6,5 тысячы кілаграмаў ад каровы?   

– Думаю, што нашаму згуртаванаму калектыву гэта цалкам па сіле. На ферме працуюць восем аператараў машыннага даення, дзве падменныя даяркі і адна работніца падмяняе даярак, якія ідуць у водпуск. Дойны статак налічвае 400 галоў.  Пастаянна праводзім яго абнаўленне, уводзім пяршачак. Даяркі самі іх раздойваюць.

– Ганна Міхайлаўна, а як ідуць справы з якасцю малака?  Продаж перапрацоўшчыкам прадукцыі гатункам «экстра» – гэта дадатковая крыніца папаўнення не толькі асабістага кашалька, а і паляпшэнне фінансавага стану таварыства.

– Робіцца многае для таго, каб павысіць якасць прадукцыі, але да «экстры» пакуль не дацягваем. Практычна ўсё малако адгружаем на малаказавод вышэйшым гатункам. Даяркі разумеюць, што можна зарабіць больш грошай на гатунковасці, але пакуль што  недапрацоўваюць у гэтым плане. Будзем прыкладаць намаганні, узмоцнім кантроль, бо вельмі многае залежыць ад людзей.

На здымку: аператары машыннага даення Марына Ус, Таццяна Бутрымовіч, Любоў Валанцэвіч, Ірына Крывашэй, Ганна Атрушкевіч (брыгадзір), Наталля Новікава, Святлана Андронава, Валянціна Данілава, Ала Калевіч і Эрна Фішэр (тэхнік-асемянатар).

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *