Не дапусціць няшчасных выпадкаў

Ахова працы Нумары

image_pdfimage_print

На гэтым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама прайшоў раённы семінар на тэму: «Аб прытрымліванні правілаў аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі на ўборцы збожжавых культур». Жніво з’яўляецца адной з самых адказных і напружаных работ. Патрабаванні бяспекі да арганізацыі ўборачнай кампаніі, да абслуговага персаналу, тэхналагічных працэсаў, стану ўборачнай тэхнікі, палёў, санітарна-бытавога забеспячэння рэгламентаваны нарматыўнымі, прававымі і тэхнічна-прававымі актамі. Арганізатары мерапрыемства накіравалі размову на галоўную мэту: не дапусціць падчас напружанай работы на жніве няшчасных выпадкаў, траўматызму і гібелі людзей, стварыць належныя бяспечныя ўмовы работы, папярэдзіць загаранне тэхнікі і абсталявання.

На семінар запрасілі спецыялістаў па ахове працы і старшыняў пярвічных прафсаюзных камітэтаў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Адкрыла семінар галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Людміла Магер, якая адзначыла, што адной з абавязковых умоў у забеспячэнні бяспекі працы ў перыяд уборкі збожжавых культур на сельгаспрадпрыемствах з’яўляецца ажыццяўленне дзейснага кантролю за прытрымліваннем устаноўленых для службовых асоб і работнікаў абавязкаў, патрабаванняў працоўнай і вытворчай дысцыпліны.

Аб забеспячэнні пажарнай бяспекі на жніве расказала інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч.  Галоўны дзяржаўны інспектар Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі працы Уладзімір Савіцкі засяродзіў увагу на забеспячэнні работнікам бяспечных умоў працы пры рабоце на збожжаўборачных камбайнах і збожжатаках.

Ён прывёў прыклады парушэнняў правілаў бяспекі, якія прыводзяць да няшчасных выпадкаў. Летась падчас уборачнай у рэспубліцы загінулі тры работнікі і восем атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Дапоўніў прамоўцу галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Філіповіч. Разглядалі і пытанні электрабяспекі. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч закранула асноўныя задачы, пастаўленыя перад прафсаюзамі.

Пытанні транспартнай бяспекі  ў перыяд уборачнай кампаніі ўзнімалі на пасяджэнні раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху, якая прайшла на мінулым тыдні з запрашэннем кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, галоўных інжынераў і спецыялістаў па ахове працы. Пасяджэнне праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі. Начальнік аддзела ДАІ Дзмітрый Воранаў засяродзіў асаблівую ўвагу на арганізацыі перадрэйсавага і паслярэйсавага кантролю фізічнага стану механізатараў і вадзіцеляў, з прымяненнем павераных ва ўстаноўленым парадку прыбораў. Тэхніка павінна прайсці дзяржаўны тэхнічны агляд, камбайнеры – мець адпаведную катэгорыю «D» на права кіравання збожжаўборачнай тэхнікай. Спецадзенне павінна мець святлоадбівальныя элементы. Забараняецца стаянка спецыяльнай тэхнікі па месцы жыхарства працаўнікоў. З мэтай выканання рашэння аблвыканкама, на перыяд уборачнай кампаніі, з мэтай кантролю ўсіх вышэйузнятых пытанняў, арганізаваны сумесныя рэйды, якія будуць праводзіцца не радзей двух разоў на тыдзень. У іх прымуць удзел прадстаўнікі ўпраўлення райсельгасхарча, дзяржтэхнагляду, дзяржаўтаінспекцыі і ўрач-нарколаг райбальніцы.

Галоўная задача, якая стаіць сёння перад усімі службамі раёна, – правесці ўборачную кампанію без няшчасных выпадкаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *