Шчодрасць нівы – умелым і старанным

Нумары Ураджай-2016

image_pdfimage_print

2.08.2016_3dЯк і ў папярэднія гады, у ААТ «Агранёманскі» зараз атрымліваюць самую высокую ў раёне ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур. У таварыстве пасеяна і падлягае ўборцы 2286 гектараў, трэцяя частка з іх ужо зжата. На круг намалочваюць па 41,7 цэнтнера збожжа, а ўсяго сабралі каля 2600 тон. Задзейнічана на полі дзесяць камбайнаў. Тэхніка надзейна падрыхтавана. Экіпажы камбайнераў  укамплектаваны вопытнымі механізатарамі, поруч з якімі праяўляе стараннасць і моладзь.

НЕ СКАРДЗЯЦЦАНА НАДВОР’Е

Разам з намеснікам дырэктара па раслінаводстве Іванам Скварчэўскім  выехалі на поле за вёскай Градкі, дзе шчыравалі тры экіпажы: Міхаіл Таяноўскі і Юрый Сідорык, Аляксандр Гярлоўскі і Валерый Яўсейчык, Валерый і Андрэй Жукі. На 35-гектарным полі ўбіралі азімае жыта. Іван Іванавіч засведчыў, што ўраджайнасць неблагая. А сорт «галубка», які  ўбралі на насенне ў першы дзень жніва, аддзячыў 50-цю цэнтнерамі з гектара. Намалацілі 250 тон.

– Высявалі мы яго ўпершыню. Набылі гадавальнік размнажэння і заклалі ўраджайнасць у межах 70-ці цэнтнераў, – расказвае галоўны спецыяліст. – Аднак працяглае засушлівае надвор’е не паспрыяла раслінам. Калі б падчас іх росту прайшоў хоць адзін дожджык, то, без сумнення, колас быў бы больш важкім. Мы задаволены пасевамі азімага трыцікале, дзе правялі дзве фунгіцыдныя апрацоўкі. Уборачная кампанія ў гэтым годзе складаная: выкарыстоўваем кожную пагодлівую хвілінку, каб хутчэй убраць збожжавыя. 

І сапраўды, не паспелі мы даехаць да поля, як набегла хмара і лінуў дождж.

Іван Іванавіч расчараваны: цяпер прыйдзецца да вечара чакаць, пакуль збажына тут прасохне. І ў камбайнераў настрой крышку сапсаваўся: прыйдзецца «пазагараць». Таму галоўны спецыяліст накіроўвае тэхніку на другое поле, куды дождж яшчэ не дабраўся. Прыходзіцца лавіраваць, каб камбайны менш прастойвалі.

У камбайнера Міхаіла Таяноўскага стаж работы на жніве звыш сарака гадоў. Ён не здзіўляецца, бо любая ўборачная адметная па-свойму. Бывалі  і спякотныя, і даволі халодныя, і дажджлівыя. Адным словам, розныя, але хлеб у полі ніколі не заставаўся.

 Варта згадаць, што для Івана Скварчэўскага сёлетняя ўборачная кампанія юбілейная, дваццаць пятая ў яго працоўнай біяграфіі. І ён успамінае, як дзевяць гадоў таму камбайнеры нават начавалі з камбайнамі ў полі, чакаючы спрыяльнага надвор’я. Два тыдні тады патрацілі, каб убраць бабова-злакавыя сумесі.

– Колькі часу затрацім на гэтую ўборачную – залежыць ад надвор’я, – сказаў Іван Скварчэўскі, – а яно павінна ўсталявацца. Хуткасць нам не патрэбна – нам патрэбна якасць. І людзі гэта разумеюць. Па заканчэнні жніва кожны, хто стараўся і без страт ўбіраў, атрымае неблагую прэмію – да пяцісот рублёў (новымі).

Заехалі на збожжасклад у Залужжа. Іван Іванавіч гаворыць, што ўсё збожжа паступае з поля  вільготнае і ў адрозненне ад мінулага года яго прыходзіцца дасушваць. Дзеля гэтага ў гаспадарцы  задзейнічаны тры збожжасушыльныя комплексы. Ёсць і рэзервовы чацвёрты – на экстранны выпадак.

ПАРАДАВАЛІ«ДЗІНАРА» І «ГАЛУБКА»

Сельгаставарыства з’яўляецца элітгасам па вырошчванні насення збожжавых культур, рапсу. А значыць, хлебаробы маюць у засеках новыя перспектыўныя сарты. І высяваюць на палетках пераважна гадавальнік размнажэння і суперэліту. З кожным годам перавагу тут аддаюць сартам айчыннай селекцыі. Іван Іванавіч расказвае, што гэта звязана з перазімоўкай культур – беларускія сарты больш устоўлівыя да моцных маразоў. Сёлета будуць рэалізоўваць новыя сарты азімай пшаніцы «ода» і «ядвіга», а таксама «канвеер». З азімага трыцікале – «дзінару» –  адзін з самых перспектыўных беларускіх сартоў. З ячменю – «фэст», «бацька», «магутны» і «дзівосны». Апошні – позні сорт, і Іван Скварчэўскі з’яўляецца яго прыхільнікам. Ячмень падчас жніва ўбіраецца звычайна першым, а сорту «дзівосны», калі трэба, можа і пачакаць.

Для давядзення насення да адпаведных пасяўных кандыцый у таварыстве ўстаноўлена лінія па яго ачыстцы. Аператарам тут працуе Аляксандр Савасцянкевіч. Ужо сёння ён рыхтуе насенне да сяўбы азімых і рапсу.

 Нездарма ў народзе кажуць: якія зярняткі кінеш у глебу, такі і ўраджай атрымаеш. За кошт якаснага насення можна мець на кожным гектары прыбаўку ўраджаю да 10 працэнтаў.

Адначасова ў гаспадарцы прасуецца і звозіцца салома, вядзецца лушчэнне ржышча і ворыва глебы. Выконваюцца і іншыя тэхналагічныя аперацыі –  закладваецца падмурак новаму ўраджаю.

– Гавораць, што аграномам быць лёгка – можна ўсе свае недапрацоўкі спісаць на надвор’е. Але як ні круці, а ўсе нашы паказчыкі ў многім залежаць ад кліматычных умоў. Сёлета вось нам не пашанцавала спаўна сабраць вырашчаны неблагі ўраджай азімага рапсу, бо пасевы пабіла градам. І ўвогуле сеяць, вырошчваць і ўбіраць хлеб – нялёгкая справа. Удзячны ўсім нашым людзям, хто шчыруе на хлебнай ніве, за старанне і ўменне – тое, што дазваляе штогод атрымліваць высокія ўраджаі.

На здымках: задаволены ўраджаем намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі (злева) і трактарыст Леанід Міткевіч, які працуе на філіяле «Стаўбцоўскае РБУ», а на перыяд уборачнай дапамагае гаспадарцы; экіпаж камбайнераў у складзе Валерыя і Андрэя Жукоў – неаднаразовы пераможца спаборніцтва; злева направа – памочнік камбайнера Валерый Яўсейчык, малады камбайнер Аляксандр Гярлоўскі і вопытны Міхаіл Таяноўскі, памочнік камбайнера Юрый Сідорык; вадзіцель Анатолій Турко заняты на адвозцы збожжа ад камбайнаў;  аператар лініі ачысткі насення  Аляксандр Савасцянкевіч (злева) і машыніст збожжасушыльнага комплексу Аляксандр Хука; загружаецца збожжа новага ўраджаю; на сувязі – загадчык Залужскага збожжасклада Аляксандр Турок.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *