Стабільнасць дасягаецца разам

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

У райаддзеле міліцыі прайшло падвядзенне вынікаў дзейнасці за шэсць месяцаў 2016 года, удзел у якім узялі першы намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Вадзім Мурын, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, прадстаўнікі ўсіх раённых падраздзяленняў сілавых структур – пракурор раёна Сяргей Грыцук, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Мікалай Скрыган, старшыня суда раёна Вячаслаў Тулейка.

З дакладам аб праведзенай рабоце выступіў начальнік райаддзела міліцыі Іван Мамайка, яго намеснікі па розных накірунках дзейнасці. Ішоў канструктыўны абмен думкамі, абмеркаванне праблемных момантаў, якія маюць істотны ўплыў на стан аператыўнай абстаноўкі ў раёне. Узнімаліся і пытанні эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж рознымі праваахоўнымі структурамі, каб дабіцца максімальнага зніжэння злачыннасці, забяспечыць выкананне тых агульнадзяржаўных задач, якія акрэслены кіраўніком краіны. 

Іван Мамайка ў прыватнасці спыніўся на наступных праблемах: 

– За шэсць месяцаў 2016 года райаддзелам міліцыі ў цесным узаемадзеянні з раённым выканаўчым камітэтам, праваахоўнымі структурамі і ўсімі зацікаўленымі ведамствамі рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні ў раёне правапарадку і грамадскай бяспекі. У цэлым асабовы састаў райаддзела добрасумленна выконвае службовыя абавязкі, што і пацвярджаюць даныя маніторынгу: узровень поўнага даверу жыхароў раёна павялічыўся ў параўнанні з 2015 годам і склаў 30 працэнтаў.  У той жа час ёсць над чым працаваць, ёсць што ўдасканальваць.

Пры зніжэнні агульнай колькасці заяў і паведамленняў аб злачынствах вырасла колькасць адмененых пракуратурай пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, на дадатковую праверку. Асноўная прычына гэтага – недастаткова якасны збор матэрыялаў з боку супрацоўнікаў. Для дасягнення максімальнай усебаковасці і аб’ектыўнасці прынятых рашэнняў у райаддзеле выпрацаваны арганізацыйна-практычныя меры, своеасаблівы алгарытм кантролю, які ўжо засведчыў сваю эфектыўнасць. На працягу апошніх двух гадоў стабільна захоўваецца дастаткова эфектыўны механізм узаемадзеяння з раённым аддзелам Следчага камітэта, які быў выпрацаваны на каардынацыйнай нарадзе на чале з пракурорам раёна.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў раёне зменшылася колькасць злачынстваў па ўсіх лініях службаў, у тым ліку і па лініі крымінальнага вышуку. Аднак пры значным зніжэнні колькасці пагоршылася (з 65 да 61,2 працэнта) раскрывальнасць злачынстваў, у прыватнасці, звязаных з крадзяжамі маёмасці ўсіх формаў уласнасці, хуліганстваў, грабяжоў. На 100 працэнтаў устаноўлены падазраваемыя ва ўчыненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Адчувальныя вынікі работы і ў раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў. На працягу апошніх пяці гадоў станоўчая дынаміка назіраецца ў дзейнасці групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Можна казаць і пра напрацоўкі групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, але гэты напрамак у сучасных умовах набывае такую злабадзённасць, што стаіць задача шырокага маштабу – выяўлення каналаў паступлення наркотыкаў, вывазу грамадзян за межы рэспублікі з мэтай сексуальнай і іншай эксплуатацыі.

Важнейшым складнікам стабільнасці крымінагеннай абстаноўкі з’яўляецца забеспячэнне аховы грамадскага парадку і прафілактыка правапарушэнняў. Турбуе павелічэнне колькасці злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку. Застаецца актуальным далейшае правядзенне работы з асобамі з групы рызыкі – раней судзімымі, асуджанымі да пакарання, якое не звязана з пазбаўленнем волі, і т. п. 28 асоб, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм (18 з іх стаялі на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі), былі накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Немалаважна, што наладжаны сістэмны кантроль, праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні і спыненні каналаў пастаўкі ў раён, а таксама вырабу і рэалізацыі безакцызнай алкагольнай прадукцыі, у тым ліку замежнай вытворчасці. Усімі службамі райаддзела выяўлены 31 факт рэалізацыі алкагольных напіткаў і іншых спіртаўтрымліваючых вадкасцяў.                  

Не меншае значэнне маюць пытанні прафілактыкі рэцыдыўнай злачыннасці. Апошнім часам павялічылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі. У гэтым напрамку павінны быць аб’яднаны намаганні ўчастковых інспектараў міліцыі, оперупаўнаважаных крымінальнага вышуку і супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. З гэтай мэтай у райаддзеле распрацаваны сумесныя мерапрыемствы.

Інспекцыі па справах непаўналетніх неабходна больш працаваць у плане выяўлення дарослых, якія ўцягваюць падлеткаў у антыграмадскія паводзіны, рэалізуюць ім спіртныя напіткі.

Кіраўніцтва РАУС надае асобую ўвагу якаснаму камплектаванню вакантных пасад, захаванню асабовым саставам дысцыпліны і законнасці. Пытанне падбору кандыдатаў на службу не выклікае заклапочанасці, таму што створаны пэўны рэзерв у вучэбным цэнтры, навучальных установах Міністэрства ўнутраных спраў. У жніўні ў райаддзел прыбываюць для далейшага праходжання службы два выпускнікі акадэміі і выпускнік Магілёўскага інстытута. Склалася традыцыя, што звальненне і ратацыя кадраў адбываюцца планава. Асноўная ўвага скіравана на работу з маладымі супрацоўнікамі і супрацоўнікамі, якія прыбываюць з іншых падраздзяленняў, на пытанні службовай дысцыпліны і этыкі паводзін на службе, замацавання іх у міліцэйскім калектыве.

Райаддзел міліцыі гатовы вырашаць актуальныя задачы аператыўна, на высокім прафесійным узроўні.        

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *