Гадалі на рамонках усім дваром

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

3-1

У двары шматпавярховых дамоў жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў «Стоўбцы-2», «Стоўбцы-3» і «Стоўбцы-4» прайшло ў выхадныя свята двара. Яно было прысвечана Дню сям’і, кахання і вернасці, а сімвалам яго стала кветка рамонак. Зладзіла прыгожае «пялёсткавае» свята старшыня гэтых кааператываў Іна Юхнель.

Жыльцы выходзілі са сваіх кватэраў з букетамі рамонкаў, вянкамі, сплеценымі з гэтых кветак. Старшыня, яна ж і вядучая свята, расказала гісторыю кахання святых Пятра і Фяўронні, арганізавала конкурсы як для дзетвары, так і для дарослых. Усе гадалі на рамонках, каб даведацца імёны сваіх блізкіх, пацяшаліся загадкамі. Дзяцей запрасілі памаляваць мялкамі на асфальце, ад чаго яны былі ў захапленні.

А яшчэ на свяце двара былі падведзены вынікі дзіцячага конкурсу малюнкаў, аб’яўленага з 1-га чэрвеня па 1-га ліпеня на тэму – «Мой дом. Мая сям’я». Паступіла шмат конкурсных работ, аўтары лепшых з іх былі адзначаны на свяце дыпломамі і памятнымі падарункамі. Старшыня кааператываў прапанавала ўпрыгожыць дзіцячымі малюнкамі пад’езды дамоў.        

На свяце прысутнічала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіна Радзіон, якая жыльцам уручыла дыпломы і граматы: «За чысціню і прыгажосць у пад’ездах», «За дружбу і ініцыятыўнасць», «За шматдзетнасць у пад’ездзе», «За афармленне клумбы», а таксама за актыўны ўдзел у жыцці свайго дома.

Ва ўсіх названых шматпавярховых дамах (гэта 180 кватэр) пражываюць пераважна маладыя сем’і. Ключы ад новых кватэр, пабудаваных з дзяржаўнай падтрымкай, яны атрымалі адносна нядаўна – два-тры гады таму. За гэты час у сем’ях навасёлаў нарадзіліся 45 дзетак, 23 сям’і – са статусам шматдзетнай.      



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *