Стаўбчане, наперад!

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

ВЫСТУПІЎ НА ЧЭМПІЯНАЦЕ СВЕТУ

У польскім горадзе Быдгошчы адбыўся маладзёжны чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы. У медальным заліку зборная Беларусі на 12-м месцы. Другое месца ў дзесяцібор’і заняў Максім Андралойць, трэцяе – у кіданні дыска – Глеб Жук.

А самай высокай, залатой узнагароды ўдастоена Эльвіра Герман, якая апярэдзіла ўсіх у бегу на 100 метраў з бар’ерамі.

Бег з бар’ерамі паспяхова асвойвае і стаўбчанін Кірыл Борыс. Наш зямляк, першыя спартыўныя ўрокі якому даваў трэнер Стаўбцоўскай ДЮСШ Анатоль Турчановіч, нядаўна выканаў нарматыў майстра спорту. На кароннай бар’ернай дыстанцыі 400 метраў стартаваў Кірыл і ў Быдгошчы. Праўда, трапіць у кагорту мацнейшых юных лёгкаатлетаў свету цяпер не ўдалося. Дала ведаць аб сабе не зусім залечаная траўма. Аднак вопыт удзелу ў такім прадстаўнічым міжнародным форуме – выдатная школа. Вядома, і прэстыж. Кірыл Борыс настойліва трэніруецца, наперадзе новыя спаборніцтвы.

Юны спартсмен добра разумее, што давер, аказаны прадстаўленнем права ўдзельнічаць у такіх знакавых стартах, як чэмпіянат свету, – толькі першая прыступка да прызнання трэнерамі кандыдатуры рэзерву лёгкаатлетычнай зборнай рэспублікі. Патрэбна вялікая сістэматычная работа, каб выходзіць на стабільна высокі ўзровень. Урокам майстэрства і для Кірыла, і для іншых перспектыўных маладых спартсменаў стане аналіз выступленняў мацнейшых на Алімпійскіх гульнях, якія днямі выйдуць на арэны Бразіліі. І ўсе мы жадаем поспеху нашым беларускім алімпійцам.

 

ПАД ВЫСОКАЙ ХВАЛЯЙ

Пінск даўно мае славу спартыўнага. У гэтым горадзе праводзяць трэніроўкі нават хакеісты расійскіх камандаў, атлеты па водных відах спорту. І футбольны стадыён у ліку лепшых у рэспубліцы. А вось футбольная каманда «Хваля» («Волна») пакуль не мае асаблівай знакамітасці. Выступала ў першай лізе рэспубліканскага першынства, скацілася ў другую. І цяпер імкнецца адтуль зноў вырвацца наверх. Трэба сказаць, калектыву гэта відавочна ўдаецца. Пасля дзесяці гульняў пінчане з’яўляюцца лідарамі турніру ў другой лізе. Яны набралі 28 ачкоў пры адметнай рознасці забітых і прапушчаных мячоў – 39:6. Павысіць такую статыстыку дапамагла і апошняя сустрэча «Хвалі» з «Нёманам-Агра».

Можа, усё ж спадзяваліся нашы футбалісты на поспех, калі адпраўляліся ў Пінск. А яшчэ і пачатак гульні абнадзейваў. На пятай мінуце сустрэчы трапны ўдар удаецца Дзмітрыю Даўбейку, нашы павялі – 1:0. Але ўжо праз дзесяць мінут гаспадары поля зраўнялі лік. Перад перапынкам футбалісты «Хвалі» забіваюць у вароты стаўбчан яшчэ два мячы. Калі быў дадзены фінальны свісток, на табло стадыёна ў Пінску значылася – 5:1 на карысць «Хвалі».

Няхай на роўных гуляць з класнымі камандамі стаўбцоўскім футбалістам яшчэ ранавата. Прыгадаем і сустрэчу з гродзенскім «Нёманам», дзе нашы ўступілі – 0:5. Пасля 10 тураў першынства ў другой лізе «Нёман-Агра» займаў шостае месца з 16 набранымі ачкамі. А вось сустрэча, якая адбылася ў мінулую суботу, парадавала. Каманда «Нёман-Агра» перамагла «Вертыкаль» з Калінкавіч – 6:0.

Неўзабаве ж і фініш першага круга першынства, калі больш выразна акрэсляцца перспектывы кожнай з камандаў-удзельніц. Прыхільнікі стаўбчан жадаюць, каб нашы былі сярод лепшых.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *