Хлебаробам ААТ «Радзіма Якуба Коласа» патрэбна зжаць збожжавыя і зернебабовыя на 1390 гектарах. Працаўнікі праяўляюць рупнасць, старанне і, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую хвілінку, ужо абмалацілі хлеб больш як на тысячагектарнай плошчы. Гэтымі днямі работа на палетках кіпіць, і калі дажджы крышку адступяць, то на наступным тыдні жніво тут плануюць завяршыць.
Паміж камбайнавымі экіпажамі гаспадаркі працягваецца цеснае спаборніцтва за вышэйшыя намалоты. У тройцы прызёраў і экіпаж у складзе двух Уладзіміраў Уладзіміравічаў – Пяўца і Ермаковіча, якія ўжо намалацілі звыш пяцісот тон збожжа. Уладзімір Пявец у мінулую нядзелю прымаў віншаванні з нагоды адметнага жыццёвага юбілею. На збожжавыя палеткі да юбіляра прыехалі дырэктар таварыства Дзяніс Дзішук і старшыня прафкама Валянціна Карнічэнка. Са шчырымі словамі пажаданняў усяго самага лепшага, яны ўручылі імянінніку віншавальны адрас, грашовае ўзнагароджанне і кветкі. Цёпла віншавалі Уладзіміра Уладзіміравіча і яго калегі. А работнікі Любкаўшчынскага сельскага дома культуры падарылі песні.
Уся працоўная біяграфія Уладзіміра Пяўца звязана з роднай гаспадаркай. Чалавек ён мясцовы, нарадзіўся і вырас у вёсцы Жыгалкі. Пачынаў працаваць у калгасе яшчэ да прызыву ў армію і пасля службы вярнуўся на малую радзіму. Механізатарскі стаж Уладзіміра Уладзіміравіча складае два дзесяцігоддзі, а на камбайне ён пачынаў працаваць памочнікам у свайго бацькі. Такім чынам сёлетняя ўборачная кампанія па ліку 28-я. Нялёгка сёлета даецца хлеб, але Уладзіміру Пяўцу не прывыкаць. Ён упэўнена вядзе па спелай збажыне свой новы «стэпавы карабель», які атрымаў летась. І работа ладзіцца. На працягу сельскагаспадарчага года дбайны працаўнік заняты на розных работах. У яго распараджэнні трактар «Беларус-82», да якога чапляе сеялкі і сее цукровыя буракі і кукурузу. Гэтая тэхналагічная аперацыя, можна сказаць, за ім замацавана. Падчас корманарыхтовак механізатар шчыруе з прэсам.
Уладзімір Уладзіміравіч спакойны і ўраўнаважаны чалавек. Любую даручаную работу заўсёды выканае адмыслова. І паслухмяны, ніколі не адмаўляецца, калі ёсць тэрміновая справа. Заўсёды ў перадавіках, неаднаразова выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва.
Уладзімір Пявец і працаўнік дбайны, і сем’янін добры. Разам з жонкай Святланай Канстанцінаўнай, якая працуе ў бібліятэцы, маюць двух сыноў.
Надзея БАТАЛКА
Фота Валянціны КАРНІЧЭНКА
ДОШКА ГОНАРУ
У раённым спаборніцтве з пачатку ўборкі збожжавых на 4 жніўня лепшых паказчыкаў дасягнулі:
– камбайнер ААТ «Вялікі Двор» Сяргей Сенька, які на камбайне «Лексіон-560» убраў 239,8 гектара і намалаціў 801,2 тоны збожжа;
– экіпаж камбайнераў ААТ «Агранёманскі» ў складзе Валерыя і Андрэя Жукоў, якія на камбайне «Лексіон-540» убралі 192,6 гектара і намалацілі 676,9 тоны збожжа;
– трактарыст ААТ «Дзераўное» Дзмітрый Дзям’янка, які на трактары «Джон-дзір» перавёз 971,6 тоны збожжа;
– вадзіцель ААТ «Агранёманскі» Анатолій Турко, які на аўтамашыне «ГАЗ-53» перавёз 662,2 тоны збожжа;
– машыністы ААТ «Вішнявецкі-агра» Віктар Галавач, Аляксандр Станкевіч, Сяргей Аўлохаў і Аляксандр Станкевіч, якія на збожжасушыльным комплексе «КЗС-30» дапрацавалі 2402,8 тоны збожжа.
сярод маладых удзельнікаў жніва:
– экіпаж камбайнераў ААТ «Агранёманскі» ў складзе Аляксандра Гярлоўскага і Валерыя Яўсейчыка, якія на камбайне «КЗС-1218» убралі 151 гектар і намалацілі 559,1 тоны збожжа;
– экіпаж камбайнераў ААТ «Жацерава» ў складзе Віталія Тарабэша і Віталія Ганчарэнкі, якія на камбайне «МЕГА-350» убралі 169,8 гектара і намалацілі 518,4 тоны збожжа;
– вадзіцель ААТ «Вялікі Двор» Фінат Саітгарэеў, які на аўтамашыне «МАЗ-555» перавёз 650,8 тоны збожжа.
НА ПАЛЯХ РАЁНА (інфармацыя на 4 жніўня)
Збожжавыя і зернебабовыя культуры ў гаспадарках раёна ўбраны на 9912 гектарах, што складае 45,8 працэнта. Намалочана 30271,1 тоны збожжа. У сярэднім з кожнага гектара хлебаробы атрымліваюць па 30,5 цэнтнера збожжа.
Лідзіруюць па тэмпах уборкі і па намалотах хлебаробы ААТ «Вялікі Двор». Збажына зжата на 827 гектарах – гэта 70 працэнтаў ад пасеянага. Кожны гектар аддзячвае 42 цэнтнерамі збожжа. Хутчэйшыя тэмпы на жніве таксама ў працаўнікоў ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Жацерава».
Па ўраджайнасці на другім і трэцім месцах ААТ «Агранёманскі» і «Жацерава», дзе атрымліваюць на круг адпаведна па 41,5 і 34,4 цэнтнера збожжа.
Першымі выканалі дзяржзаказ па продажу пшаніцы хлебаробы ААТ «Вялікі Двор». Услед закрылі даведзеныя планы ААТ «Вішнявецкі-агра», «Жацерава» і «Радзіма Якуба Коласа». У першых радах справіліся з заданнем па продажу жыта ААТ «Агранёманскі», «Рочавічы» і «Налібакі Агра».