Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

5082016-6d

«АСТРАВОК БЯСПЕКІ»І ПЕТУНІЙ

Стаўбчане заўважылі, што на вуліцы Ленінскай, побач з цэнтральнай раённай бальніцай, вядуцца работы па абсталяванні раздзяляльнай паласы.

– Падыход да вырашэння гэтай праблемы выбраны комплексны: каб было  эстэтычна і, адначасова, бяспечна, – заўважае намеснік дырэктара АКС па адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай рабоце Валерый Бохан. – Пешаходна-транспартны рух у гэтым шматпавярховым мікрараёне горада ў ліку самых інтэнсіўных, таму пад эгідай аддзела ДАІ райаддзела міліцыі былі прыняты меры па пашырэнні праезджай часткі, стварэнні «астраўка бяспекі», які абазначаны дэкаратыўнай металічнай агароджай. Апошняя стрымлівае імпэт недысцыплінаваных пешаходаў, якія прызвычаіліся перабягаць праезджую частку дарогі ў неўстаноўленых месцах (хаця для гэтага паблізу, з абодвух бакоў, прадугледжаны два пешаходныя пераходы-«зебры»).

Каб надаць дэкаратыўнай агароджы жывых фарбаў, яе ўпрыгожылі навяснымі металічнымі кветачніцамі. Цяпер у іх цвітуць петуніі, высаджаныя кветкаводамі аб’яднання камунальных службаў. Укладкай тратуарнай пліткі на раздзяляльнай паласе займалася брыгада АКС пад кіраўніцтвам Анатоля Покі. Неабходныя матэрыялы набыты за сродкі, сабраныя падчас суботніка.     

Дарожная агароджа даўжынёю больш за 35 м устаноўлена АКС і па вуліцы Сацыялістычнай (насупраць былога хлебазавода). Работы праведзены брыгадай на чале з майстрам Віталем Хамічонкам.

Пр

 

 У АЛІМПІЙСКАЙ КАМАНДЗЕ

Учора ў Рыа-дэ-Жанэйра ўспыхнуў агонь Алімпійскіх гульняў. На спартыўных арэнах Бразіліі, дзе пачынаюцца найбуйнейшыя спаборніцтвы чатырохгоддзя, за перамогу будуць змагацца мацнейшыя атлеты свету.

У алімпійскай камандзе Беларусі прадстаўлена і наша зямлячка. Марына Карніцкая – гонар Дзераўнянскай ДЮСШ, дзе яна пачынала свой спартыўны шлях. Цяпер Марына (прозвішча па мужу – Даманцэвіч) жыве ў Мінску. У яе паслужным спісе значацца перамогі на многіх прэстыжных спаборніцтвах. Спартсменцы падуладны адзін з самых складаных відаў лёгкай атлетыкі – марафонскі бег. Яна падтрымлівае высокую спартыўную форму. І нядаўна на чэмпіянаце Еўропы Марына паказала добры вынік, пераадолела 42-кіламетровую бегавую дыстанцыю за 2 гадзіны 32 мінуты 11 секунд.

Зразумела, выступаць на паўднёваамерыканскім кантыненце будзе няпроста – гарачыня, высокая вільготнасць паветра. І моцныя саперніцы з розных краін свету, з якімі спартсменка рыхтуецца весці спартыўную спрэчку. Разам з Марынай Даманцэвіч у алімпійскай зборнай Беларусі для ўдзелу ў марафонскім бегу заяўлены Вольга Мазуронак і Анастасія Іванова, якія выканалі алімпійскія нарматывы. Пажадаем усім беларускім спартсменам поспеху.

Пр

 

АБ ЗАРПЛАЦЕ

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Стаўбцоўскага раёна ў першым паўгоддзі 2016 года (у недэнамінаваным вылічэнні) склала 5 967 900 рублёў, у тым ліку ў чэрвені – 6 425 000 рублёў.

Вышэй сярэднераённага ўзроўню аплата працы ў першым паўгоддзі сёлета склалася ў работнікаў фінансавай і страхавой дзейнасці  (9 838 600 руб.), інфармацыі і сувязі (9 246 400 руб.), занятых забеспячэннем электраэнергіяй, газам, гарачай вадой (8 227 500 руб.).

Паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці

 

 УРАЧЫСТАСЦЬ І БУДНІ

Напярэдадні ўборачнай, і гэта стала традыцыяй, у ААТ «Дзераўное» ладзілася ўрачыстае свята «Зажынкі», якое падрыхтавалі работнікі Дзераўнянскага цэнтра культуры сумесна з  прафсаюзным камітэтам таварыства.  На тэрыторыі гаража былі выстраены ў рад камбайны і аўтамашыны, якія задзейнічаны зараз на жніве. Экіпажы камбайнераў і вадзіцелі ў новым спецадзенні з чырвона-зялёнымі лентамі ўдзельнікаў жніва. Дырэктару таварыства Юрыю Тарасевічу ўручаецца каравай. Кіраўнік гаспадаркі пажадаў хлебаробам лёгкай уборкі, каб надвор’е паспрыяла і здароўе не падвяло. І, зразумела, важкіх намалотаў, падкрэсліваючы, што ўраджай залежыць менавіта ад саміх удзельнікаў жніва – убраць хлеб трэба без страт. Камбайнерам і вадзіцелям ад кіраўніцтва гаспадаркі ўручылі падарункі, а дзяўчынкі падарылі ім кветкі. Усіх прысутных на свяце частавалі смачнымі булкамі і квасам. Ксёндз Сяргей Лянга асвяціў камбайны, якія рушылі ў поле.

Гэтымі жнівеньскімі днямі ўборачная кампанія ў таварыстве ў самым разгары. Экіпажам камбайнераў неабходна ўбраць збожжавыя і зернебабовыя на 2192 гектарах. Гэта адна з самых вялікіх плошчаў у раёне. Задзейнічаны на жніве восем камбайнаў. Хлеб ужо ўбраны з большай паловы збожжавага кліна. Таварыства ў ліку тых гаспадарак, дзе перавышаны трохтысячныя намалоты збожжа. У лідарах на жніве сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Валерыя і Івана Гарэлікаў, і камбайнер Мікалай Сяліцкі. На адвозцы збожжа ад камбайнаў першае месца не толькі ў гаспадарцы, а і ў раёне ўтрымлівае трактарыст Дзмітрый Дзям’янка, вызначаецца рупнасцю вадзіцель Казімір Шумчык.

Пр

 

ДЗЯРЖЗАКАЗ –УСІХ КОЛЕРАЎ ШКЛО

У гэтым годзе стаўбцоўскімі камунальнікамі нарыхтавана і здадзена канцэрну «Белрэсурсы» амаль 200 тон адходаў шкла.  Збор іх працягваецца. Створаны дадатковыя пляцоўкі, вядзецца сартаванне адходаў шкла па колерах. Участак сартавання цвёрдых камунальных адходаў, які ўзначальвае майстар Андрэй Смоўж, перайшоў на двухзменны рэжым работы. Стараюцца рабочыя Анатоль Рабкевіч, Аляксандр Жывіцкі, Аляксандр Жыбуль, Мікалай Канкаловіч, Юлія Бусько, вадзіцель пагрузчыка Раман Душкевіч. Адзіная просьба да здатчыкаў – зрываць з бутэлек рэшткі пробак (металічнае кальцо) і дазатары.

Аб’яднаннем камунальных службаў у першым паўгоддзі таксама нарыхтавана і здадзена на завод «Альберцін» 73,3 тоны паперы і кардону, 8,4 тоны палімерных адходаў (на прадпрыемства RePlas-M). Прадпрыемства нарыхтавала амаль 130 тон зношаных шынаў.

У гэтым годзе АКС пачаў прымаць адходы электрычнага і электроннага абсталявання. Вага сабраных і адгружаных старых прасаў, тэлевізараў і халадзільнікаў склала 3,6 тоны. Столькі ж назапашана і адпрацаванага масла, якое забірае для далейшай  транспарціроўкі ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

– Паўгадавы план па здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў розных відаў выкананы аб’яднаннем камунальных службаў і, адпаведна, нашым раёнам. Аднак не ўсе прадпрыемствы раёна выконваюць даведзеныя планавыя заданні па зборы макулатуры і палімерных адходаў, – выказаў занепакоенасць намеснік дырэктара АКС па адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай рабоце Валерый Бохан.

У аб’яднанні камунальных службаў створаны ўсе ўмовы для поўнага і аператыўнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. Дзейнічаюць тры пункты іх збору – у Наваколасаве, Дзераўной і Стоўбцах (на базе былой вайсковай часці). Працуе і перасоўны пункт збору,  нарыхтоўшчыца якога Алена Юзафатава і вадзіцель Мар’ян Бычкоўскі гатовы выехаць па першым тэлефонным званку здатчыка ў зручны для яго час. Выконваюцца графікі вывазу цвёрдых камунальных адходаў: штодзённа ачышчаюцца кантэйнеры ў горадзе, штомесяц арганізаваны цэнтралізаваны збор цвёрдых камунальных адходаў. На вывазцы шчыруюць вадзіцелі: Дзмітрый Азановіч, Аляксандр Вайдзілевіч, Іван Жыцкі, Сяргей Семянчук, Уладзімір Ноек, а таксама Сяргей Жыбуль, які нядаўна ўліўся ў калектыў і разам з бацькам, вадзіцелем аўтамабіля МАЗ, утварылі рабочую дынастыю. Традыцыйна ў зборы другаснай сыравіны аказвае дапамогу ўчастак па добраўпарадкаванні пад кіраўніцтвам Валерыя Красоўскага.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАД ШКВАЛІСТЫМ ВЕТРАМ

Навальніцы з моцнымі парывамі ветру, якія праносяцца ледзьве не кожны дзень па Беларусі, не мінаюць і Стаўбцоўшчыну. Так, у Стоўбцах не вытрымаў націску ветру дах гарадскога Цэнтра культуры. Вынікі стыхіі былі аператыўна ліквідаваны. У ААТ «Жацерава» давялося рамантаваць дахі дзвюх малочнатаварных фермаў. Шквал пранёсся па вёсках Жацерава і Савоні. Сельгаспрадпрыемства дапамагае па магчымасці будматэрыяламі, каб падлатаць агрэхі. Бачны сляды стыхіі і ў лясах. Месцамі, да прыкладу, ужо двойчы за гэтае лета ў раёне Акінчыцаў паваленымі дрэвамі загароджвала дарогу. Неадкладнай работы прыбаўляецца работнікам РАНС, лясгаса, дарожных арганізацый.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *