Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГсам за два апошнія тыдні зарэгістраваны па раёне сямнаццаць шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі васямнаццаць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Аляксандр Сарачынскі, Бажэна Козел, Канстанцін Шкода, Яраслаў Русак, Ганна Каваленка, Мікіта Кульбіцкі, Марта Голад, Жасмін Булва, Мікіта Салавей, Павел Сацута,  Дзмітрый Шэрэш, Ягор Гасціла, Валерыя Дошчачка, Ева Камароўская, Ягор Тыкун, Віталій Пашкевіч, Ілья Сазановіч і Златаслава Каваленка.

Зямны шлях закончыўся для 20-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі чатыры вогненныя здарэнні. У Дзераўной з-за неасцярожнага абыходжання з агнём загарэлася кармакухня. У Старыне ад удару маланкі ўспыхнуў хлеў. Прычыны загарання хлявоў у Засуллі і Любкаўшчыне высвятляюцца. У Нёмане, паблізу Новага Свержаня, утапіўся дваццацішасцігадовы мінчанін. 

Міліцыяй зарэгістравана 324 паведамленні аб правапарушэннях, узбуджана восем крымінальных спраў. У Кондратавічах злодзей вынес з дома грамадзянкі грошы. З пад’езда дома ў пасёлку Нёман знік веласіпед, а з аўтамабіля ў райцэнтры – аўтамагнітола і акумулятар. У Дзярэчынцах абрабаваны магазін. З двара ў Рубяжэвічах украдзены індычаняты, а ў Новым Свержані хаўруснік паквапіўся на будаўнічыя інструменты, металічныя трубы і іншую маёмасць.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету затрыманы жыхар Мінска, які на вадаёме ў Скамарошках здабываў забароненым спосабам і ў забаронены час вузкапалага рака. Парушальніку пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь. За парушэнне тэхнікі бяспекі пры правядзенні палявання прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці службовая асоба.

ДАІ выявіла 332 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трынаццаць нецвярозых вадзіцеляў (трое папаліся паўторна на працягу года), 22 вадзіцелі-бяспраўнікі і 38 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарыліся 23 дарожныя аварыі, адна – з пацярпелым. Вадзіцель аўтамабіля «Рэно» не прапусціў «Сітраэн», які рухаўся па галоўнай дарозе. На трасе Брэст – Масква адбыліся два сутыкненні аўтамашын з дзікімі жывёлінамі – ласём і казуляй.

«Хуткая» выязджала 436 разоў. Да медыкаў звяртаецца шмат людзей з алергічнымі рэакцыямі на ўкусы насякомых, а таксама па дапамогу ў выдаленні кляшчоў. Дачніка з Бярозаўкі пасля ўкусу змяі змясцілі ў рэанімацыйнае аддзяленне.

 Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *