«Маё хобі – занятак для душы»

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

5082016-6f

У кожнага чалавека ёсць сваё хобі – любімая справа, якой людзі прысвячаюць увесь свабодны час. У Наталлі Луканкінай з Рубяжэвічаў – нястрыманае жаданне вязаць, вышываць, майстраваць розныя вырабы.

– Многае з таго, чым зараз займаюся, асвоіла яшчэ калі была школьніцай, – расказвае Наталля Мікалаеўна, да якой мы завіталі ў госці. – І менавіта ў Бярэзінскай школе-інтэрнаце, дзе вучылася апошнія чатыры гады. На канікулах у аздараўленчы лагер выязджалі, там працягвала, так бы мовіць, удасканальваць сваё майстэрства. Апошнім часам асвоіла новыя віды. Усё, што цікавае ўбачу ў інтэрнэце, то адразу загараюся жаданнем зрабіць для сябе. І раблю.

Жанчына прынесла цэлы набор эксклюзіўных вырабаў: з салёнага цеста, паперы, саломкі, мяккія цацкі. Іх нямнога, бо Наталля Мікалаеўна не калекцыяніруе створанае сваімі рукамі, а дорыць сябрам і знаёмым.

Як вядома, для кожнай работы патрэбна творчая жылка. І калі чалавек якім-небудзь мастацтвам зацікаўлены, то значыць, здатнасць у яго ёсць. Як у Наталлі Мікалаеўны, якая, да таго ж, добра малюе. Зразумела, многае залежыць і ад натхнення. І яно ў майстрыхі ёсць заўжды. Замест шпалераў на сцяне ў дзіцячым пакоі намаляваны розныя звяркі. Выкарыстаны дзеля гэтага будаўнічая пабелка і колер. Як толькі малюнкі перастаюць радаваць вока, іх замяняюць на новыя.

– Мяне пастаянна цягне да любімай справы, хоць свабоднага часу катастрафічна не хапае. Цэлы дзень – клопат па хатняй гаспадарцы. Аднак знаходжу час, бо ўстаю рана і кладуся спаць позна. А за хобі сваім я проста адпачываю. Гэта занятак для душы.

Наталля Мікалаеўна па прафесіі будаўнік-тынкоўшчык. Зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. У сям’і Луканкіных выхоўваюцца чацвёра дзяцей. Маці прывучае і іх да мастацтва. Старэйшыя хлопчыкі могуць вышываць крыжыкам. Ёсць у іх і ўласныя хобі: Жэня захапляецца мазаікай, а Валера – квілінгам. Абодва займаюцца рукадзеллем у школе. Выкананыя іх рукамі  работы выстаўляліся і мелі поспех. Малодшаму сыну Сярожу, якому восенню споўніцца тры гады, цікава назіраць за братамі, але ён пакуль што толькі гуляе з цацкамі, якія зрабіла мама. І цягне нас у дзіцячы пакой, дзе на сцяне намаляваны яго любімая малпа і жырафа.

Наталля Мікалаеўна прыехала ў Рубяжэвічы з Пухавіцкага раёна. Пазнаёмілася тут са сваім будучым мужам і засталася жыць. Луканкіны – добрыя гаспадары і вельмі працавітыя людзі. Агарод вялікі садзяць, немалую хатнюю гаспадарку трымаюць.

– У нас ёсць карова, цялё, свінні, авечкі, гусі, качкі і конь, – пералічвае Луканкіна жыўнасць, якая знаходзіцца на падворку. – Усёй сям’ёй яе кормім і даглядаем. Сена самі нарыхтоўваем. Разам з дзецьмі косім і сушым, балазе, лета вялікае.

А яшчэ Луканкіны задумалі пабудаваць свой дом і ўвасабляюць мару ў жыццё. Купілі ўчастак са старэнькай хатай. Знеслі яе і ўжо паставілі гараж для ўласнай аўтамашыны. Усе яны будаўнікі – і муж, і свёкар таксама.

– Думаю, што ўсё ў нас атрымаецца, – сказала Наталля Мікалаеўна. – Непадалёку крынічка з-пад зямлі б’е, думаем участак вакол яе добраўпарадкаваць, каб можна было тут не толькі нам, а і ўсім вяскоўцам адпачываць.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *