На надзейных стальных магістралях

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У першую нядзелю жніўня адзначаюць сваё прафесійнае свята людзі, ад якіх залежыць бесперабойная і надзейная работа транспарту на стальных магістралях. На станцыі Стоўбцы Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі гэтыя адказныя абавязкі ў рэжыме кругласутачнай дзейнасці па зменах выконвае 41 чалавек – саставіцелі цягнікоў, дзяжурныя па станцыі, прыёмшчыкі грузаў і багажу, білетныя і таварныя касіры, прыбіральшчыкі памяшканняў і электрацягнікоў. Калектыў складаецца як з прафесіяналаў з вялікім вопытам работы, у ліку якіх намеснік начальніка станцыі Таццяна Санько, білетны касір Алена Казакевіч, дзяжурны па станцыі Людміла Клачко, таварны касір Ірына Бойка, так і з прадстаўнікоў маладога пакалення, як Хрысціна Носава, Алена Талашка. Начальніка станцыі Стоўбцы таксама можна аднесці да катэгорыі маладых членаў калектыву. Анатоль Навумовіч у нашым райцэнтры на пасадзе кіраўніка працуе крыху больш за год, а наогул стаж работы на Беларускай чыгунцы выпускніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту складае каля дзесяці гадоў.

5082016-6e

Сёлетняе прафесійнае свята калектыў сустракае з вытворчымі паказчыкамі, якія значна вышэйшыя, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Толькі перавозка грузаў у працэнтных адносінах дала скачок на 177 працэнтаў. Электрацягнікамі рэгіянальных ліній эканом-класа, межрэгіянальных цягнікоў эканом- і бізнес-класаў са станцыі Стоўбцы за першае паўгоддзе адпраўлена ў дарогу каля 172 тысяч пасажыраў. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца электрацягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа вытворчасці швейцарскай кампаніі Stadler Group AG: у пятніцу і выхадныя дні не застаецца свабодных месцаў.

Круглы год станцыя Стоўбцы адпраўляе і прымае вагоны з грузамі. Асабліва гарачы час у жніўні, падчас уборачнай кампаніі. Збожжа новага ўраджаю адпраўляецца на Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў, засыпаецца ў сховішча Стаўбцоўскага хлебапрыёмнага пункта. Адрасатам стаўбцоўскіх вагонаў з’яўляецца піўзавод «Крыніца». Гэтае вытворчае прадпрыемства набывае якасны ячмень у сельскагаспадчых прадпрыемстваў Стаўбцоўшчыны, сыравіна адпраўляецца вялікімі аб’ёмамі – да тысячы тон піваварнага ячменю ў сезон.

Сур’ёзнымі заказчыкамі на працягу ўсяго каляндарнага года з’яўляюцца Стаўбцоўскі лясгас, які адпраўляе вагонамі драўніну, і Уторчармет, вытворчая база якога суседнічае з чыгункай.

Для кожнага прадпрыемства вялікі плюс – развіццё вытворчай базы, укараненне новага, уменне паспяваць за часам. У гэтым плане стаўбцоўскія чыгуначнікі паспелі замяніць чатырнаццаць з пятнаццаці існуючых стрэлачных пераводаў, паставілі іх на бетонныя брусы. Выкананы сур’ёзны аб’ём пуцявых работ, што дазволіць забяспечыць больш высокі хуткасны рэжым чыгуначнага транспарту. Адрамантаваны санітарныя памяшканні агульнага карыстання з заменай дзвярэй. Цяпер праводзіцца чыстка даху будынка вакзала. Хутка з’явіцца пляцоўка для велапаркоўкі, якой могуць карыстацца пасажыры і тыя, хто іх сустракае і праводзіць.

Парадак на станцыі, ажыццяўленне перспектыўных задач па рамонце і ўтрыманні ведамасных будынкаў дапамагаюць ажыццяўляць і будаўнікі дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. У сучасны момант Сяргей Панякоўскі, Іван Паўлоўскі і іх калегі праводзяць рамонт у будынку таварнай канторы, дзе будуць абсталяваны камфортныя кабінеты для работы спецыялістаў. Новыя інфармацыйныя тэхналогіі таксама дапамагаюць чынучнікам удасканальваць паслугі. У білетных касах устаноўлены тэрміналы, з нядаўняга часу білеты на цягнікі міжнародных ліній можна заказаць (і пры вападку здаць) па інтэрнэце, зайшоўшы на сайт poezd.rw.by.

Па-ранейшаму чыгуначны транспарт застаецца самым запатрабаваным у пасажыраў і вытворцаў прадукцыі. Гэта стымулюе чыгуначнікаў актыўна і ініцыятыўна працаваць для забеспячэння сучаснага высокага ўзроўню паслуг.

На здымку: вопытныя білетныя касіры Наталля Вялічка і Вольга Немчык заўсёды ў выдатнай форме; начальнік станцыі «Стоўбцы» Анатоль Навумовіч (справа налева) знайшоў хвілінку перакінуцца словам з вопытным саставіцелем цягнікоў Ігарам Якаўлевым; машыніст другога класа Сяргей Пуставалаў упэўнена садзіцца за штурвал свайго цеплавоза манеўровага руху.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *