Сядзіба патанае ў кветках

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

5082016-6g

Двухпавярховы дом па вуліцы Садовай у Налібаках годна вылучаецца сярод іншых у вёсцы. Гэтая вялікая сядзіба належыць Феліксу і Ганне Мазунам – неаднаразовым прызёрам конкурсу  «Дом узорнага парадку», які штогод арганізоўваецца мясцовым сельвыканкамам. Муж і жонка пабудавалі  жыллё сваімі рукамі. І адмыслова добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол яго. Прыкмячаем, што на фасадзе дома замацавана кола, на  якім намаляваны парадкавы нумар – 55.  Пасля наведвання сядзібы разумеем, што лічбы гэтыя красуюцца тут нездарма. Менавіта само жыццё паставіла такім гаспадарлівым людзям дзве выдатныя адзнакі за іх старанне і ўменне.

– Дзесяць гадоў дом будавалі і ўжо споўнілася дзесяць гадоў, як у ім жывём, але ўсё нешта даробліваем, пераробліваем, – сказала гаспадыня, гасцінна запрашаючы прайсці ў хату. – Паглядзіце, ацаніце. Усё тут  – ад столі да падлогі, уключаючы мэблю, – зроблена маім мужам. Сам склаў два каміны і печ. Толькі тэлевізар купілі і акварыум.

Ганна Іванаўна з гонарам пазірае на Фелікса Валянцінавіча, маўляў, паглядзіце, які гаспадар мне дастаўся. Той, у сваю чаргу, хваліць жонку, згадваючы, што Ганна Іванаўна не толькі як прараб кантроль ажыццяўляла – паказвала, што трэба зрабіць, а і сама прымала самы непасрэдны ўдзел у будаўніцтве.

 – Мы з ёю на вяроўцы будаўнічыя матэрыялы наверх паднімалі, – успамінае Фелікс Валянцінавіч. – Была ў мяне падсобнікам: падтрымлівала, прыносіла, перакладвала, размешвала. Усякай работы мне і ёй хапіла. Лазню з парылкай зрабілі.

І двор аформілі з густам. Азярцо выкапалі, альтанку прыгожую паставілі. Былыя сельгаспрылады і мотакаляска, цяпер рарытэтныя, удала ўпісаліся ў агульны інтэр’ер. А з вясны да восені сядзіба Мазуноў патанае ў кветках. Дарэчы, зусім нядаўна муж і жонка займаліся іх вырошчваннем, вялі сваю справу. У цяпліцах раслі тысячы ружаў і гваздзікаў. Даход ад рэалізацыі  кветак і дазволіў пачаць будаўніцтва.

Зараз Фелікс Валянцінавіч на пенсіі, а быў лесніком. Як і раней, любіць пахадзіць па лесе са стрэльбай. Заўсёды прыносіць дадому паляўнічыя трафеі. Ганна Іванаўна працуе сацыяльным работнікам. Людзі яны ветлівыя і вясёлыя. Любяць пажартаваць і заўсёды рады гасцям. А пастаянныя госці ў бацькоўскім доме – тры дачкі з зяцямі і дзевяць унукаў, якія часта збіраюцца  на святы за вялікім, спецыяльна змайстраваным драўляным сталом. 

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *