Хатаву накрыла песенная хваля

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Вёска Хатава, як і ўсе населеныя пункты Стаўбцоўшчыны, мае своеасаблівую гісторыю. Васямнаццаць гадоў яна была ў складзе Польшчы, што таксама пакінула след у культурнай спадчыне мясцовага насельніцтва. Пастаянна пражываюць у вёсцы 182 чалавекі, не лічачы дачнікаў. Прыгожыя душой, сваімі ўмелымі рукамі, мудрай разважлівасцю і сардэчнай шчырасцю. У мінулую суботу ў гэтай вёсцы пушчанскага краю ладзілася свята. Да бацькоў прыехалі дзеці з унукамі і праўнукамі. Запрасілі хатаўчане і шаноўных гасцей, каб паказаць свае здатнасць і ўменне.

5082016-6b

На цэнтральнай вуліцы з назвай Паўднёвая, якая расцягнулася на некалькі кіламетраў, – шматлюдна. Людзі праявілі бязмежную фантазію і выдумку ў афармленні сваіх двароў. Духавы аркестр Дзераўнянскай школы мастацтваў склікаў сяльчан. Першымі сустрэлі гасцей караваем сем’і Ровіных, Грышаноў, Гарохавікаў, Недзеняў. Яны накрылі багаты стол. На тое была і яшчэ адна нагода. Святаслаў Міхайлавіч Грышан у гэты дзень адзначаў свой адметны жыццёвы юбілей. Юбіляру былі прысвечаны шчырыя словы віншаванняў і, зразумела, уручаны  падарунак. Эстафету прыняла шматдзетная сям’я Пракаповічаў, у якой выхоўваюцца пяцёра дзяцей. Жывуць яны ў Дзераўной, а прыехалі на свята ў родную хату. Апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, яны спявалі песні, старэйшыя дзяўчынкі чыталі вершы. А ля падворкаў Сушко-Недзеняў-Грышаноў-Ключнікаў усе нібыта апынуліся ў імправізаванай вясковай хаце. Жалезны ложак з вышыванкамі, калыска з немаляўткам. А побач – гаспадыня Ядвіга Лук’янаўна, якой сёлета споўнілася 92 гады. Яна самая старэйшая жыхарка вёскі. Аднак маладым не саступіць у спевах. Разам з роднымі праспявала даўнейшую песню. Яе таксама ўшанавалі.

Старэйшыны вёскі – носьбіты мясцовых традыцый і жыццёвага ўкладу, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. У іх ліку і Леанід Пятровіч Сачынскі.

Іван і Браніслава Недзені выгадавалі пяцярых дзяцей, маюць шаснаццаць унукаў і чатырнаццаць праўнукаў. Амаль усе яны прыехалі на свята, умела танцавалі і весяліліся, запрашаючы адведаць прысмакі. Тэрэза Гарохавік спякла на свята каравай хлеба, а яе дачка Ірына выканала песню пра Беларусь. І ўвогуле, на свяце прагучала шмат твораў, якія спявалі не толькі работнікі Дзераўнянскага і Наваколасаўскага цэнтраў культуры, Навасвержанскага СДК, а і самі вяскоўцы. Можна сказаць, Хатаву накрыла песенная хваля.

Бацькоўская хата, бацькоўскі парог, няхай зберагаюць іх неба і Бог. У якой бы старонцы ні пасяліўся жыць чалавек, дзе б ні звіў сваё сямейнае гняздзечка, а памятаць родны куток, дзе нарадзіўся, дзе жывуць бацька з маці, абавязаны. І вельмі прыемна было назіраць, з якой любоўю, цеплынёй і шанаваннем дзеці адносяцца да сваіх бацькоў. Не адрывацца ад сваіх каранёў прызваў вяскоўцаў і ксёндз Аляксандр. І пажадаў, каб вёска  стараннямі людзей з году ў год станавілася ўсё прыгажэйшай.

Ад двара да двара, а ўсіх сталоў было накрыта адзінаццаць, людскі паток папаўняўся і ператварыўся ў сапраўдную калону. Як трапна падмеціў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, столькі людзей сабралася, нібыта на першамайскай дэманстрацыі ў горадзе. Усе годна падрыхтаваліся да свята, добраўпарадкавалі сваю вёску, дастойна аформілі падворкі. Кожная сям’я вельмі гасцінная, дружная і шчырая.

– Такія святы згуртоўваюць усіх жыхароў вёскі, іх родных, блізкіх, знаёмых, суседзяў, – сказала старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая. – Дамы і прысядзібныя ўчасткі нашых вяскоўцаў дагледжаныя. Дзякуй усім, хто пастараўся. Асаблівай жа адметнасцю падворкаў з’яўляюцца кветкі, якіх багата пасаджана ў дварах.

У конкурсе на лепшае афармленне падворка  дыпломам па праву ўнагародзілі сям’ю Алега і Таццяны Грышаноў. Іх домаўладанне ўпрыгожыць шыльдачка «Дом узорнага парадку». Падзякі за добраўпарадкаванне ўручаны Станіславу і Вользе Пажогам, Уладзіславу і Алене Купцам.

Але па-сапраўднаму ўпрыгожваюць вёску яе людзі. Былі ўшанаваны сямейныя пары, якія пражылі разам больш за 50 гадоў. Гэта Міхаіл Вікенцьевіч і Бернадэта Юльянаўна Гарэлікі, Антон Адольфавіч і Ванда Іосіфаўна Чэмкі, Іван Юльянавіч і Браніслава Вікенцьеўна Недзені.

Прывітаў былых і сённяшніх працаўнікоў таварыства дырэктар Юрый Тарасевіч. Падарункі былі ўручаны 39 чалавекам, сярод якіх ардэнаносец  Міхаіл Эдуардавіч Гарохавік. Чэмкі, Гарохавікі, Недзені, Мішкевічы, Грышаны, Гарэлікі, Сушко, Талэйкі, Сабалеўскія, Ліпніцкія, Ламакі – пераважна такія прозвішчы носяць працавітыя хатаўскія людзі.

Была ўшанавана і шматдзетная сям’я Вадзіма і Чаславы Талэйкаў. У гэтай сям’і расце і самы маленькі жыхар вёскі Мацвейка, якому споўніўся толькі годзік.

Словы ўдзячнасці выказалі сваім работнікам і ветэранам працы, уручылі падарункі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Кульскога  псіханеўралагічнага дома-інтэрната, Хатаўскога спіртзавода, лясгаса, райспажыўтаварыства, аддзялення паштовай сувязі, сельвыканкама. Для дзяцей працавалі атракцыёны. Завяршылася свята музычнай дыскатэкай.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *