Дары – бяры, але і правярай

Медыцына Нумары

У сувязі з сезонам масавай нарыхтоўкі «дароў лесу» варта памятаць, што ягады і грыбы здольны назапашваць радыенукліды. Аб гэтым важна ведаць на толькі тым, хто адпраўляецца ў  лес, але і тым, хто набывае дзікарослыя грыбы і ягады, асабліва ў несанкцыянаваных месцах вулічнага гандлю: каля магазінаў, на прыпынках, уздоўж транспартных магістраляў.

У дзікарослай прадукцыі нарміруецца ўтрыманне радыенуклідаў цэзію-137. Згодна з гігіенічным нарматывам (РДУ-99) дапушчальны ўзровень утрымання цэзію-137 у лясных ягадах і кансерваваных прадуктах з іх складае 185 Бк/кг (бекерэляў на кілаграм); у свежых грыбах і кансерваваных прадуктах з іх – 370 Бк/кг; у сушаных грыбах – 2500 Бк/кг.

Па здольнасці назапашваць цэзій-137 грыбы ўмоўна можна падзяліць на чатыры групы:

– акумулятары – гаркуша, каўлак кольчаты (курачка), польскі грыб, масляк, свінушка тонкая, махавік;

– моцна назапашваюць – сыраежка, грузд, валнушка, зялёнка, рашэтнік, скрыпніца;

– сярэдне назапашваюць – падбярозавік, падасінавік, лісічка, баравік, падзялёнка, рыжык;

– слаба назапашваюць – дажджавік, «зонцік», апенькі, шампіньёны.

Па інтэнсіўнасці назапашвання цэзію-137 у парадку павелічэння дзкарослыя ягады размяшчаюцца наступным чынам: каліна, рабіна, суніцы, ажына (ежевика),   маліна, брусніцы, буякі (голубика), журавіны, чарніцы.

Найбольш аптымальны спосаб прадухіліць небяспеку для сябе і сваіх блізкіх – правесці праверку сабраных ці купленых у вулічных гандляроў дзікарослых ягад і грыбоў на ўтрыманне радыенуклідаў.

Даследаванне дзікарослай прадукцыі для насельніцтва праводзіцца ў радыелагічнай лабараторыі ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» (г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 19). Аб’ём пробы для даследавання павінен складаць не менш за 0,5 л. Інфармацыя аб выніках даследавання прадукцыі выдаецца ў дзень звароту.

Алена ЛОЙКА, урач-гігіеніст



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *