Прыём грамадзян. Чым можам – дапаможам

Нумары Улада. Слова. Справа

image_pdfimage_print

Яшчэ К. Каліноўскі пісаў: «Урад для народа». Так. Улада робіць усё для таго, каб народ жыў лепш, багацей, камфортней.  Але многія лічаць, что дзяржава павінна рамантаваць і індывідуальнае жыллё, пракладваць асфальт, дзе каму ўздумаецца, самавольна будавацца, г. зн. можна вырашыць уласныя праблемы за кошт дзяржавы.

Да старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта на асабісты прыём, які прайшоў у нашым раёне, звярнуліся 14 чалавек. Што ж хвалюе стаўбчан?

Традыцыйныя для выязных прыёмаў праблемы – гэта пытанні рамонту дарог, ЖКГ, землекарыстання, падтапленняў, водазабеспячэння.

Самавольныя пабудовы – пад знос

На прыём да губернатара прыйшла жанчына ўжо шаноўнага ўзросту. Яна расказала гісторыю свайго будаўніцтва ў таварыстве «Лясное» і агучыла праблему: яшчэ яе памерлы муж пабудаваў гараж і лазню, самавольна захапіўшы кавалак зямлі. Пабудовы аказаліся за межамі зямельнага ўчастка. З райвыканкама жанчына атрымала папярэджанне, што самавольна пабудаванае патрэбна знесці. А зносіць будынак не хочацца. Захопленая зямля – зямля І катэгорыі Стаўбцоўскага лясгаса. Яна не можа быць выкарыстана па іншым назначэнні.

Сямён Шапіра пацвердзіў правільнасць дзеянняў райвыканкама і яшчэ раз нагадаў, што прынята рашэнне аблвыканкама аб самавольных пабудовах, згодна з якім усё самавольна пабудаванае ідзе пад знос. Рашэнне дзейнічае ўжо доўгі час.

Актуальнае

Пытанні прыватызацыі жылля і выкарыстання чэкаў «Жыллё» для пагашэння крэдыту на капітальны рамонт жылога дома таксама балючыя для гараджан. Сямён Барысавіч растлумачыў, што той, хто атрымаў ільготны крэдыт на капітальны рамонт жылога дома ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.02.2006 № 75 «Аб прадастаўленні грамадзянам, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, ільготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў», не можа выкарыстаць чэкі «Жыллё» на яго пагашэнне. Чэкі «Жыллё» выкарыстоўваюцца грамадзянамі, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15.11.2006 № 1529).

Ах, дарогі…

Усім грамадзянам, хто звяртаўся па пытанні добраўпарадкавання дарог, адразу ж раіў пачытаць раённую газету «Прамень», дзе вельмі падрабязна надрукаваны спіс, што і калі будзе рамантавацца, будавацца, грэйдзіравацца. (№ 11 за 13.02.2016). У раёне створана камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі ўлады, дарожных службаў і грамадскасці. Яны праінспектавалі дарогі ў раёне і вызначылі, дзе ёсць праблема з іх рамонтам. Пытанне добраўпарадкавання часта абмяркоўваецца і на нарадзе ў старшыні райвыканкама. Сямён Шапіра даў распараджэнне яшчэ раз прапрацаваць праблему і, калі патрэбна, то ўнесці змены, а, увогуле, праводзіць рамонт вуліц па чарзе, згодна з публікацыяй у раённай газеце.

Акцэнт на шматдзетнасць

Шматдзетная сям’я пражывае ў доме, дзе зусім нядаўна быў зроблены яго капітальны рамонт. Падчас правядзення капітальнага рамонту даху пашкоджана столь кватэры. Усе недахопы былі ліквідаваны, столь адрамантавана. Але на ёй зноў з’явіліся пашкоджанні. Столь патрабуе рамонту. У кватэры пражывае маці з чатырма дзецьмі, але чамусьці інтарэсы гэтай шматдзетнай сям’і прадстаўляла бабуля, якая пражывае ў гэтым жа доме. Як высветлілася, кватэра гэтая прыватызавана, а шматдзетная сям’я яшчэ ў мінулым годзе атрымала новую кватэру, але там не пражывае. Ці патрэбна гаварыць, што вырашэння кватэрнага пытання наконт рамонту заяўніца не сустрэла?

Апошнім часам вельмі часта статус шматдзетнай сям’і некаторыя імкнуцца выкарыстаць як рычаг ціску на прадстаўнікоў улады.

– Я буду скардзіцца ў Адміністрацыю Прэзідэнта, – заявіла бабуля чатырох унукаў.

А перш чым скардзіцца і шантажыраваць, бабуля падумала б, як дапамагчы дзецям пераехаць у новую кватэру, якую яны атрымалі як шматдзетная сям’я. Ці не ўтрыманства гэта?

Вынікі стыхіі

На прыём да губернатара звярнулася некалькі стаўбчан, якіх хвалявала адно і тое ж пытанне: падтапленне дамоў. Гараджанам прыбавілі клопату і трывогі апошнія ліўні. Пазалівала не толькі дарогі, агароды, але вада трапіла нават у дамы.

Выслухаўшы заяўнікаў, прагледзеўшы фота- і відэаздымкі, Сямён Барысавіч даў даручэнне адказным службам райвыканкама знайсці ўсе магчымыя варыянты, каб дапамагчы людзям і аказаць садзейнічанне ў вырашэнні іх праблемы.

Да Сямёна Шапіры звярталіся і з пытаннямі-праблемамі, якія насілі прыватны характар, а таксама з пытаннямі водазабеспячэння, дзейнасці Стаўбцоўскай раённай арганізацыі РГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў».

А пытанне ўводу ў эксплуатацыю індывідуальнага жылля Сямён Барысавіч паабяцаў узяць пад кантроль і напісаць пісьмо-хадайніцтва ў Савет Рэспублікі аб удасканаленні заканадаўства аб уводзе ў эксплуатацыю індывідуальнага жылля.

Трэба адзначыць, што некаторыя вострыя пытанні вырашаны, па многіх дадзены канкрэтныя даручэнні.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *