Рупліўцы «Вялікага Двара»

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай-2016

image_pdfimage_print

10c-0908

Хлебаробы ААТ «Вялікі Двор» намалочваюць з кожнага гектара звыш 46 цэнтнераў збожжа і займаюць па гэтым паказчыку лідзіруючую пазіцыю ў раёне. І па тэмпах жніва велікадворскія працаўнікі ў ліку першых. Варта дадаць, што ў гаспадарцы з году ў год атрымліваюць высокія ўраджаі збожжавых культур. Гэтаму спрыяе строгае выкананне тэхналогіі сяўбы, выкарыстанне перспектыўных сартоў збожжавых культур, шчыры догляд пасеваў. І, што вельмі важна, заўжды на ўроўні тут якасць уборкі.

– Жніво мы амаль завяршылі, прычым маем неблагі паказчык, хоць разлічвалі і на вышэйшы. Падвялі яравыя культуры, якія прысушыла. Не вельмі парадавалі ячмень і зернебабовыя. Нічога не зробіш: дажджы абышлі нашы палеткі, затое падчас уборачнай не міналі, – расказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Генадзій Бязушка. –  І хоць з-за дажджлівага надвор’я тэрміны ўборкі расцягнуліся, але камбайнеры пастараліся і апошнімі днямі, калі ўсталявалася сухое надвор’е, малацілі хлеб, не лічачыся з часам.

Размаўляем з галоўным спецыялістам на полі за вёскай Асіпаўшчына, дзе на 45 гектарах выспела азімае трыцікале і на 25 – азімае жыта. Тут шчыравалі шэсць экіпажаў камбайнераў, а ўсяго на жніве задзейнічалі восем. З-за неспрыяльных пагодлівых умоў прыйшлося затраціць на гэты невялікі ўчастак некалькі дзён. Глеба перавільготненая, колы камбайнаў у больш нізкіх месцах правальваліся, машыны грузлі, прыходзілася іх выцягваць.

– Нялёгкім выдалася жніво, – гаворыць камбайнер Сяргей Сенька, які першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа. – Бадай адно з самых складаных з усіх, у якіх прымаў удзел у папярэднія гады. Але нам не прывыкаць. Вырашчаны хлеб мы заўжды ўбіраем поўнасцю. 

Другі паказчык у гаспадарцы ўтрымлівае экіпаж у складзе Фіната Саітгарэева і Аляксандра Мядзведзя, трэцяе – бацька і сын Генадзь і Дзмітрый Райскія.

На адвозцы збожжа вызначыліся вопытныя вадзіцелі Васілій Ціткоў і Міхаіл Кірыкеш, якія перавезлі больш за іншых збожжа ад камбайнаў. А маладыя вадзіцелі Фінат Саітгарэеў і Раман Сцефаноўскі – у лідарах раённага спаборніцтва. Прозвішчы перадавікоў, якія вылучыліся на жніве, штодзень заносяцца на дошку перадавікоў. Для занятых на жніве арганізавана гарачае харчаванне. Раніцаю і вечарам выдаюцца падвячоркі. І абавязкова мінеральная вада.

Камбайнеры зжалі апошні пятачок збажыны і роўнай калонай рушылі на другое поле, дзе іх чакаў авёс.

– Высявалі сорт «юбіляр», – тлумачыць Генадзій Бязушка. – Ён нам падабаецца, бо ўраджайны. Вось і сёлета, думаю, атрымаем з кожнага гектара звыш 40 цэнтнераў. Палегліцы нямнога, зярняткі яшчэ моцна трымаюцца. Падсеялі пад яго канюшыну. Трава добра расце, і восенню мы зялёную масу або ў сянажную траншэю пакладзём, або ў стрэйч-плёнку запрасуем.

Генадзій Генадзьевіч гаворыць, што валавога збору ў межах пяці тысяч тон збожжа гаспадарцы цалкам дастаткова. Галоўная стаўка зараз робіцца на травяныя кармы. І ў таварыстве ім удзяляецца асаблівая ўвага. Належным чынам угнаілі глебу і пасеялі  500 гектараў шматгадовых траў, усходы добрыя. Вабіць вока кукуруза. Дадаткова пасеяна і 196 гектараў аднагадовых траў – сумесь аўса, ячменю і пялюшкі. З кармамі праблем не будзе. Штодзень дастаўляецца на фермы жывёле да 140 тон зялёнай масы.

Збожжа новага ўраджаю для дасушвання адвозіцца на збожжасклад, дзе працуюць на поўную магутнасць два збожжасушыльныя комплексы ЗСК-60 і М-819. Абслугоўваюць сушылкі энергетык Уладзімір Пазняк і інжынер па эксплуатацыі МТП Леанід Купцэвіч, які працуе ў начную змену. Пільна сочыць за станам абсталявання Ігар Мядзведзь.

– Сёлета пад збожжавымі плошчу не змяншалі, занялі пад імі 1180 гектараў, а на наступны год у любым выпадку прыйдзецца збожжавы клін урэзаць, – лічыць галоўны спецыяліст. – А вось пад азімым рапсам занялі летась удвая больш зямлі, будзем і  надалей яго вырошчваць, бо рапсавы шрот папаўняе бялок у рацыёнах жывёлы. Хоць пасевы і дрэнна перазімавалі, мы ўсю плошчу абмалацілі. Сабралі звыш 226 тон. Думаю, што рапс будзе ў нас рэнтабельным. Набліжаюцца тэрміны сяўбы рапсу, разлічваем усур’ёз заняцца гібрыдамі.

У таварыстве хуткімі тэмпамі прасуецца і звозіцца з палёў салома. Задзейнічаны тры прэсы. Вылучаецца стараннасцю Іван Цімашэнка і Васілій Лучык. Апошні шчыруе на новым рулонным прэс-падборшчыку абмотчыку «Ф’южн». Механізатар расказвае, што тэхніка падабаецца. За дзень ён запрасоўвае да 400 рулонаў. А падчас нарыхтоўкі кармоў прасуе зялёную масу, якая абгортваецца палімернай плёнкай. Грузяць і звозяць салому да фермаў работнікі рамонтна-будаўнічага ўпраўлення і ПМК-233, якія камандзіраваны ў гаспадарку разам з тэхнікай, каб дапамагчы мясцовым рупліўцам своечасова справіцца з гэтай работай. Як адзначыў Генадзь Бязушка, працуюць яны вельмі добра.

Барацьба за вялікі хлеб у гаспадарцы завяршаецца, далейшы клопат – аб будучым ураджаі.

На здымках: экіпаж камбайнераў у складзе Фіната Саітгарэева і Аляксандра Мядзведзя; малады вадзіцель Фінат Саітгарэеў; механізатары Іван Цімашэнка і Васілій Лучык; тэхніка на ўборцы.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *