Повязь часу

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

АДУКАЦЫЯ Ў КНОТАЎШЧЫНЕ

Сярод электронных калекцый польскага «NarodoweArchiwumCyfrowe» (Нацыянальнага лічбавага архіва) знаходзіцца даволі цікавы фотаздымак, апісанне якога паведамляе нам наступнае: «Knotowszczyzna (pow. Stołpce). Budowaszkołypowszechnej» (Кнотаўшчына (Стаўбцоўскі павет). Будаўніцтва пачатковай школы).

Першыя прыватныя школы з’явіліся яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст.,   дзейнічалі рухомыя школы граматы, не абышлося  ў Кнотаўшчыне і без стварэння тайнай школы (навучальныя ўстановы, што дзейнічалі без дазволу ўлады і ўтрымліваліся на сродкі бацькоў вучняў) у 1886 г.  Дарэчы, адна з такіх «нелегальных» школ дзейнічала пад кіраўніцтвам Якуба Коласа ў Цёмных Лядах у 1906-1907 гг. Варта згадаць і пра Кнотаўшчынскае народнае вучылішча, адкрытае ў 1908 годзе. Настаўніцай там працавала Настасся Булах. Увогуле ж на Стаўбцоўшчыне на пачатку дваццатага стагоддзя дзейнічала каля 30 народных вучылішчаў. Размяшчаліся яны ў грамадскіх ці арандаваных будынках.

Польская пачатковая школа была адчынена ў Кнотаўшчыне ў 1923 г. Праз пяць гадоў заняткі пачалі праводзіцца ў прыгожым мураваным будынку (верагодна, што менавіта 1928 годам і датаваны гэты фотаздымак). У 1939 г. тут пачала працу беларуская сямігадовая школа. Падчас ваеннага ліхалецця будынак школы быў знішчаны, а адукацыяй доўгі час займаліся ў наёмных памяшканнях. Толькі  ў 1972 г. у вёсцы паўстала новая васьмігадовая школа.

З 2001 г. у яе будынку дзейнічаў дзіцячы сацыяльны прытулак. Ля вытокаў стварэння гэтай важнай установы стаяў, светлай памяці, Васіль Антонавіч Курак, справы якога ўспамінаюцца самым лепшым словам.

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ

 10e-0908

З ЭНТУЗІЯЗМАМ АДНАЎЛЕННЯ

«Газета жыве адным днём».  Гэтая фраза, хоць і стала крылатай, пэўна, усё ж супярэчыць ісціне. Можа больш дакладным было б наступнае азначэнне: сённяшнія навіны назаўтра старэюць, але яны становяцца гісторыяй.

Перада мной снежаньскі за 1949 год нумар «Советской Белоруссии». Цэлая старонка газеты прысвечана калгасу імя Сталіна. Імем правадыра ўсіх народаў назвалі гаспадарку ў Засуллі. «У спаборніцтве за датэрміновае выкананне сваіх абавязкаў перад дзяржавай па здачы хлеба калгас трымае першынство, – рапартуе ў даволі аб’ёмным артыкуле старшыня М. Громаў. – Мы своечасова ўбралі і звезлі з поля ўраджай, першымі ў раёне выканалі план. Рост гаспадаркі будзе спрыяць і росту калгасных прыбыткаў. У 1950 годзе мы мяркуем давесці агульны прыбытак да 50 тысяч рублёў, павялічыўшы яго супраць 1947 года ў чатыры разы. Пройдуць два-тры гады – і нашы планы здзейсняцца. Заможнае і культурнае жыццё моцна ўвойдзе ў дом кожнага члена арцелі».

Як было і як стала – у аптымістычным духу, асабліва характэрным для прэсы другой паловы мінулага стагоддзя, складзена і падборка інфармацыі, змешчаная на гэтай старонцы газеты. Вось аб чым сведчыць хроніка.

«Савецкая дзяржава адпусціла сялянам вёскі Засулле на будаўніцтва 5 тысяч кубаметраў лесу, з іх 1500 кубаметраў бясплатна. Толькі сёлета ў вёсцы пабудавана 20 новых дамоў».

«2850 сялянам аказана бясплатна медыцынская дапамога амбулаторыяй Засульскай бальніцы ў сёлетнім годзе. Працяглае лячэнне ў бальніцы атрымалі 302 чалавекі»

«Да 1939 года большасць сялян вёскі Засулле былі непісьменнымі. Сёлета сваю непісьменнасць ліквідуюць апошнія 20 чалавек».

«Нязмерна вырасла цяга моладзі да вучобы. У вёсцы адкрыта і працуе сямігодка. Многія юнакі і дзяўчаты, скончыўшы сямігодку, «паступілі ў сярэднія навучальны ўстановы».  Браты Каласоўскія вучацца ў Мінску, Алена Самахвал – у Нясвіжскім педвучылішчы, Яраслаў Жыхар – у Полацкім лесатэхнікуме».

«Моладзь вёскі авалодвае спецыяльнасцямі. Дзеці сялян Іван Філіпчык, Аляксандр Жыткоўскі, Аляксандр Фянько, Мікалай Смоўж скончылі курсы і працуюць радыётэхнікамі, Марыя Кавальчук стала тэхнолагам, Вера Паляшчук – апаратчыкам спіртзавода, Іосіф Быкоўскі – памочнікам машыніста».

Рост, дасягненні – яны заўсёды радуюць, якія б ні былі змены і крытэрыі кожнага наступнага часу.

Ф . БАНДАРОВІЧ

 

МАТЫВЫ ЖУКАВА БАРКА

15 жніўня спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння Вінцэся Каратынскага.

Беларускі і польскі паэт, публіцыст жыў у Залуччы, каля Жукава Барка, у 1850-1852 гадах. Гэтыя кароткія біяграфічныя звесткі прыводзяцца ў энцыклапедыях. Важны і той факт, што Каратынскі быў сакратаром Уладзіслава Сыракомлі. Працай маладога чалавека было перапісванне начыста твораў знакамітага ўжо тады аўтара. Аднак жа Каратынскі пад уплывам Сыракомлі сам пачынае пісаць вершы. І неблагія, што адзначыў яго настаўнік, які і падхвальваў Вінцэся, і дзяліўся з ім сакрэтамі паэтычнага майстэрства.

Аднак жа не толькі перапевам творчасці Уладзіслава Сыракомлі, а і арыгінальнымі сталі вершы Вінцэся Каратынскага, змешчаныя ў яго зборніку «Чым хата багата, тым рада».   Падчас залучанскага перыяду творчасці і пазней, калі Вінцэсь Каратынскі стаў сам вядомым аўтарам, у яго творах нярэдка гучалі матывы наднёманскага краю, той зямлі, дзе ён нарадзіўся, правёў дзіцячыя і юнацкія гады. А гэта Турэц, што ў сённяшнім Карэліцкім раёне, і наш Жукаў Барок.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

ГІСТОРЫЯ БІБЛІЯТЭКІ Ў РОЧАВІЧАХ

У Год культуры варта прыгадаць аб тым, як пашыралася культурная асвета на сяле.

Першая бібліятэка ў вёсцы Рочавічы адкрылася ў 1954 годзе, што стала значнай падзеяй не толькі для гэтай, але і для суседніх вёсак, у той час густанаселеных, шматлюдных. У кожнай хаце – пяцёра, а то і больш, дзяцей. Пад адным дахам нярэдка жыло некалькі сем’яў розных узростаў і пакаленняў. Маладзейшыя і дужэйшыя займаліся гаспадаркай, а старэйшыя і нямоглыя забаўлялі дзяцей, выхоўвалі іх паводле традыцый народнай педагогікі. І тут трэба казаць, якую багатую спадчыну, спрадвечны духоўны скарб захоўвала і зберагала памяць дзядуляў і бабуляў. Якія цудоўныя казкі, рамантызаваныя легенды, старажытныя паданні, а то і проста былі-небыліцы, аздобленыя фантазіяй імправізаваных апавядальшчыкаў, даводзілася чуць дзіцяці, падлетку. Кнігі ж, часопісы – жаданыя, ды не частыя госці ў сялянскай сям’і. Купіць іх было накладна – даводзілася дбаць пра  больш надзённыя патрэбы.

І тут – свая, вясковая, бібліятэка! Кожны жыхар усведамляў важнасць, жыццёвую неабходнасць культурна-асветніцкай установы. Таму  і палічыў за гонар Іосіф Дзядзейка прапанову аддаць палову сваёй хаты для размяшчэння кніг. Прыслалі і бібліятэкара. Вікторыя Кавалеўская была з недалёкай вёскі Гнецькі. Спецыяльнай адукацыі не мела, закончыла 10 класаў і пайшла працаваць. Але дзяўчына апантана любіла кнігу, шмат чытала сама, магла парэкамендаваць цікавы твор чытачам розных узростаў з улікам іх інтарэсаў.

Бібліятэка хутка набыла папулярнасць у мясцовага насельніцтва, стала сапраўдным асяродкам культуры, месцам культурна-масавага адпачынку дзяцей, моладзі, людзей сталага ўзросту.  Удзень сюды прыбягалі чародкамі і паасобку дзеці. Вікторыя Якаўлеўна гуляла з імі ў лато, даміно, праводзіла розныя віктарыны і конкурсы. І ніхто з іх, зразумела, не вяртаўся дамоў без кнігі з яркімі маляўнічымі старонкамі.

Бібліятэка прыцягвала, як прыцягвае ўсё новае, хвалюючае. Спрадвеку жыла ў людзей павага да друкаванага слова. Таму вечарамі, стомленыя пасля рабочага дня, у хату на ўзгорку прыходзілі адпачыць дарослыя. Сталыя  –пагутарыць, пачытаць газеты. Маладзейшыя – знайсці, выбраць цікавую кнігу, падзяліцца ўражаннямі ад прачытанага.

Потым хата Дзядзейкаў атрымала іншае прызначэнне: тут усталявалася школа. А бібліятэка прапісалася ў светлай і прасторнай палавіне хаты Баляслава Рудовіча. Яна займала два пакоі: у адным нешта накшталт чытальнай залы з круглым сталом пасярэдзіне, на якім былі раскладзены газеты і часопісы – для дзяцей і дарослых, вакол, пры сцяне, стаялі лавы, табурэткі. У другім пакоі, праз перагародку – мясціліся стэлажы з кнігамі. Жыхары ўспамінаюць, што мелі магчымасць чытаць «Вясёлку», «Бярозку», «Работніцу і сялянку», «Вожык», «Роман-газету», «Огонёк».

Стаяла ў пакоі і радыёла. А гэта для старэйшага пакалення, калі пачалі з’яўляцца толькі чуткі пра тэлевізары, быў узор апрацаванай майстрамі слова мовы, і кругагляд, і навіны грамадска-палітычнага жыцця.

Бібліятэчную справу працягнула Ніна Стрыга. Яна прыехала са сталіцы, мела вопыт у бібіліятэцы педынстытута. Ядвіга Мінько імкнулася прадоўжыць добрыя традыцыі сваіх папярэдніц. Прыгадваецца, што яна асабліва клапацілася пра чысціню памяшканняў бібліятэкі. Тут было па-дамашняму ўтульна. З’явілася прыгожая бардовая сурвэта на стале з перыядычнымі выданнямі, кветкі. Заўсёды ўважліва ставілася Ядвіга Францаўна да пажаданняў чытачоў. Калі ў бібліятэчным фондзе не было патрэбнай кнігі, яна рабіла запыт і выпісвала літаратуру з Мінска, з абласной бібліятэкі імя Пушкіна. Рабочы час Ядвігі Мінько не быў абмежаваны пэўным распарадкам. Бібліятэка працавала да таго часу, пакуль былі наведвальнікі. А яны часам заседжваліся за гутаркай дапазна.

У 1964 годзе пабудавалі новы будынак для праўлення калгаса «Шлях да камунізму». І бібліятэка перабралася з дому Рудовічаў у былыя калгасныя «апартаменты». Іх гаспадыняй стала Юзэфа Дзядзейка (Шчарбацэвіч). Наступныя гады бібліятэкарамі працавалі Яніна Сакалоўская (Жаўткоўская), Ядвіга Матэльская. Ізноў кніжная ўстанова памяняла месца дыслакацыі. Праўленне калгаса перабралася ў новы сучасны двухпавярховы будынак на ўездзе ў вёску, а старое памяшканне было перададзена ў карыстанне аддзелу культуры Стаўбцоўскага райвыканкама. У 2007 годзе ў Рочавічах быў адкрыты клуб-бібліятэка. Яго загадчыцай стала Вольга Качановіч.

Фаіна КАЧАНОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *