Калі глядзець па вертыкалі

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Нарэшце каманда «Нёман-Агра» парадавала сваіх балельшчыкаў разгромнай перамогай над «Вертыкаллю» з Калінкавіч – 6:0.

Калінкавічы – райцэнтр у Гомельскай вобласці. Па колькасці насельніцтва яны ў разы тры меншыя за суседні прамысловы  Мазыр. Але і для Мазыра, і для іншых гарадоў і паселішчаў цэнтральнага Палесся Калінкавічы служаць важным чыгуначным вузлом. І стаўбчанам зручна туды дабірацца, паколькі дзейнічае прамы чыгуначны маршрут: поезд Баранавічы – Калінкавічы, вядома ж, праз Стоўбцы.

Лёгка пра гэта расказваць, бо неаднаразова бываў у гэтых мясцінах над Прыпяццю, дзе жывуць родзічы. А ўвогуле ж цікавасць да выступленняў футбольнай каманды ў чэмпіянаце рэспублікі міжволі пашырае геаграфічны кругагляд заўзятараў. Пэўна ж, і пра нашы Стоўбцы цяпер стараюцца больш даведацца і ў Гомелі, і ў Пінску, і ў Асіповічах, і ў Жыткавічах, і ў тых жа Калінкавічах. Гэты пасаж пра таксама сацыяльную ролю футбола – збліжаць людзей, і не толькі адной краіны, але і тых, хто далёка за яе межамі. Барысаў, дзякуючы чэмпіёнскаму БАТЭ, вядомы ва ўсёй Еўропе. У міжнародных клубных турнірах сёлета задзейнічаны Салігорск, Жодзіна. Стоўбцам да шырокага прызнання яшчэ далёка? Як сказаць. Наш зямляк Алег Чыкун у якасці суддзі міжнароднай катэгорыі абслугоўваў матчы еўрапейскіх зборных і клубных камандаў. І на стадыёнах далёкіх краін, калі называлі прозвішча рэферы, гучала «Стоўбцы». А знакамітыя футбалісты-стаўбчане? Вядома ж, адразу назавём Аляксандра Карніцкага. Які цяпер на вядучых ролях у БАТЭ. Можа, славутай стане калі і футбольная каманда са Стоўбцаў…

Пара спыняць лірычныя мроі, скажа нецярплівы чытач. Канкрэтна сёння «Нёман-Агра» выступае ў другой лізе першынства рэспублікі. І пакуль не лідзіруе. Аднак жа калі далей справы пойдуць так, як у матчы з калінкавіцкімі гасцямі, то па вертыкалі нашы могуць падняцца бліжэй да верху турнірнай табліцы.

Лёгка аналізаваць сустрэчу, у якой для гаспадароў поля ўсё ішло паспяхова. Ужо на дзявятай мінуце матча Дзмітрый Даўбейка адкрывае лік. Нашы не збаўляюць тэмпу, атакі хвалямі накатваюцца на вароты каманды гасцей. Пасля 16-й мінуты на табло ўжо бачым – 2:0. «Гол забіў Віктар Лагуцін!» – аб’яўляе дыктар на стадыёне.

У ходзе гульні гэтае імя і прозвішча называлі яшчэ двойчы. Калі гэты нападаючы будзе дзейнічаць так і далей, то шанцы нашай каманды на поспех толькі павысяцца. Дарэчы, на рахунку Віктара Лагуціна цяпер 11 мячоў у сезоне. Восем з іх ён правёў, выступаючы за каманду Рагачова. І тое, што здольны нападаючы згадзіўся на пераход у стаўбцоўскі клуб, – плён намаганняў трэнера Андрэя Мікалаевіча. Селекцыйная, дыпламатычная справа таксама вельмі важная ў футболе. Яшчэ адзін мяч у вароты гасцей правёў Павел Сёмкін – таксама новае імя ў стаўбцоўскім футболе. Трапным стаў і ўдар Аляксандра Палешчука. Усяго, падсумуем, шэсць «сухіх» мячоў – у вароты сапернікаў. Можа гасцям паслужыць апраўданнем, што большую частку гульні яны правялі не ў поўным саставе. З поля быў выдалены іх абаронца. Аднак жа не выпадкова, а за сур’ёзную правіннасць – з парушэннямі правілаў спыніў каля ўласнай штрафной пляцоўкі нашага нападаючага.

Гэта ўсё выдатна. Але рана спяваць дыфірамбы. Кожны наступны матч – сур’ёзны экзамен. А ў апошнім туры першага круга спаборніцтваў нашы выступаюць у Маладзечне. Недалёка ехаць, добра знаёмы ў першынстве вобласці сапернік. Атрымаў шостую перамогу запар і з 22 набранымі ачкамі займае трэці радок у турнірнай табліцы. На першым – пінская «Хваля», якая нечакана згуляла ўнічыю з аўтсайдарам, гомельскім «ДЮСШ-ДСК». У пінчан 29 ачкоў, 22 ачкі ў ФК «Асіповічы» – другое месца, 21 ачко і чацвёртае месца ў ФК «Клецк». І на пятым месцы «Нёман-Агра» з 19 ачкамі. Барацьба, відавочна, толькі разгараецца, і, спадзяёмся, што нашы футбалісты тут таксама будуць на галоўных ролях.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *