Стаўбцоўшчына ўраджайная

Нумары Сельская гаспадарка Ураджай-2016

image_pdfimage_print

ТЫСЯЧНІКАЎ ПРЫБАЎЛЯЕЦЦА

З кожным днём прыбаўляецца экіпажаў камбайнераў, якія намалацілі тысячу тон збожжжа. Услед за сямейнымі экіпажамі Сенькаў і Жукоў, тысячны намалот перасягнулі Фінат Саітгарэеў і Аляксандр Мядзведзь (ААТ «Вялікі Двор»), Ігар Рокаш і Мікалай Амельчыц (ААТ «Жацерава»). А таксама маладзёжны экіпаж з ААТ «Агранёманскі» ў складзе Аляксандра Гярлоўскага і Валерыя Яўсейчыка, якіх урачыста ўшаноўвалі ў мінулую сераду. Маладыя людзі атрымалі падзячныя пісьмы і падарункі ад Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, ГА БРСМ, кіраўніцтва і прафкама сельгаставарыства. На ўборачнай ужо перавезлі па тысячы тон пятнаццаць вадзіцеляў. Усе перадавікі жніва заахвочаны маральна і матэрыяльна.

 

У ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЗАСЕКІ

Першымі выканалі дзяржаўны заказ па продажу збожжа хлебаробы ААТ «Вялікі Двор». З гэтага таварыства на філіял «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» адгружана 355 тон пшаніцы лепшым у раёне трэцім класам. ААТ «Каганец», «Радзіма Якуба Коласа» і «Жацерава» таксама хутка завершаць пастаўкі збожжа ў дзяржаўныя засекі. Усяго з гаспадарак раёна прадпрыемствам прынята 3200 тон збожжа новага ўраджаю пры плане 5800 тон. Дастаўляецца збожжа  тэхнікай ДУП «Аўтапарк № 17».

Пр

 

НА ПАЛЯХ РАЁНА(інфармацыя на 11 жніўня)

Збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны з плошчы 17 457 гектараў, што складае 80,4 працэнта да плана. Намалочана 54280,7 тоны збожжа, пры сярэдняй ураджайнасці 31,1 цэнтнера з гектара.

Справіліся з уборкай хлеба працаўнікі ААТ «Вялікі Двор»: атрымана на круг па 46,5 цэнтнера збожжа, сабрана 5482,1 тоны. Самая ўмалотная ў гаспадарцы азімая пшаніца, якая аддзячыла 58,7 цэнтнера.

Блізкія да завяршэння жніва хлебаробы ААТ «Жацерава» і «Радзіма Якуба Коласа». Жацераўцам застаецца абмалаціць зернебабовыя, ураджайнасць якіх пакуль што самая высокая ў раёне, намалочваюць на круг звыш 55 цэнтнераў.

Салома ўбрана з плошчы 6967 гектараў, што складае 39,9 працэнта да зжатай збажыны. Вышэйшыя тэмпы ў ААТ «Вялікі Двор», «Радзіма Якуба Коласа», «Рубяжэвічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Прыступілі да сяўбы азімага рапсу ААТ «Рубяжэвічы, «Жацерава», «Каганец» і «Рочавічы», а ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Вішнявецкі-агра» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» – да сяўбы азімай свірэпіцы.

Гліфасаты ўнесены ў глебу на плошчы 3583 гектары, больш за іншых – у ААТ «Шашкі» і «Жацерава».

Вапнаванне глебы зроблена на плошчы 1227,4 гектар. Выкананы планы па правядзенні гэтай работы ў ААТ «Каганец», «Шашкі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

Другі ўкос траў завяршылі шэсць гаспадарак, а ўсяго гэтая работа праведзена на 8446 гектарах, што складае 87,1 працэнта. Насушана 6830 тон сена. Закладзена 79 101 тона сенажу (у т. л. 14 929 тон запрасавана ў палімерную плёнку) і 280 тон сіласу.

На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана ў сярэднім па раёне 7,43 цэнтнера кармавых адзінак.

 

ДАПАМОГА КАМБАЙНАМІ

Хлебаробы Нясвіжчыны і Капыльшчыны, якія завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых у сваіх гаспадарках, дапамагаюць аграрыям нашага раёна хутчэй убраць вырашчаны хлеб. Дажджлівае надвор’е не дазволіла зжаць збажыну ў сціслыя тэрміны, і ў бліжэйшы час сіноптыкі не радуюць суцяшальным прагнозам. Каб не дапусціць страт на жніве і ўшчыльную заняцца падрыхтоўкай глебы да сяўбы азімых культур, спатрэбілася дапамога бліжэйшых суседзяў. Васямнаццаць экіпажаў камбайнераў рупяцца на палетках сямі сельгаставарыстваў: чатыры – у «Вішнявецкім-агра», па тры – у «Рочавічах», «Радзіме Дзяржынскага» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», па два – у «Шашках» і «Дзераўной» і адзін – у «Каганцы». На дзераўнянскай хлебнай ніве шчыравалі і два камбайны з ААТ «Вялікі Двор».

 

ВЫГАДНАЯ КУЛЬТУРА

Надышлі тэрміны сяўбы азімага рапсу. Гэта самая каштоўная і эканамічна выгадная алейная і кармавая культура – крыніца высакаякаснага алею і кармавога бялку. Рапс, да таго ж, добры папярэднік пад іншыя культуры на палях. Высяваюць яго і гаспадары на прысядзібных участках: для абагачэння глебы азотам і як санітарную культуру супраць пустазелля.

Пад азімым рапсам у сельгаставарыствах сёлета будзе занята 3460 гектараў. Самыя вялікія плошчы адведзены пад гэтую культуру ў ААТ «Радзіма Дзяржынскага», «Вішнявецкі-агра», «Шашкі», «Дзераўное» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – па 300 гектараў у кожным.

– Для таго каб атрымаць высокую ўраджайнасць, пасеяць патрэбна насеннем толькі высокіх рэпрадукцый, пажадана гібрыдамі, – падкрэслівае начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарча Барыс Барысевіч. –  Толькі ў такім выпадку ў насенні будзе менш шкодных рэчываў – глюказіналатаў і эрукавай кіслаты, што з’яўляецца гарантыяй высокай якасці алею. Трэба абавязкова апрацаваць насенне інсектыцыднымі і фунгіцыднымі пратручвальнікамі.

Гаспадаркам раёна пад сяўбу азімага рапсу аказана дапамога з бюджэту раёна на набыццё фосфарных і калійных угнаенняў.

Пр

 

ЗБЕРАГЧЫ ЎРАДЖАЙ

Вырасціць ураджай, выпеставаць у хлебаробскіх клопатах – адно. Важна ў барацьбе з  прыроднымі кліматычнымі праявамі яго ўбраць, захаваць у проціпажарнай бяспецы дарагую сельскагаспадарчую тэхніку. Таму ля камбайнавых звенняў на збожжавых палетках ААТ «Агранёманскі» ўвесь светлавы дзень дзяжураць пажарныя службы гаспадаркі  і раёна.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *