СМІ – актыўныя ўдзельнікі пераўтварэнняў у краіне

Нумары

image_pdfimage_print

Чацвёртага і пятага жніўня ў горадзе Гродна праходзіў рэспубліканскі семінар «Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі па рэалізацыі задач дзяржаўнай палітыкі». Удзел у ім прымалі кіраўнікі і прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

Перад прадстаўнікамі СМІ выступіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч з дакладам «Роля сродкаў масавай інфармацыі ў інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны».

Лілія Станіславаўна адзначыла, што беларускае медыйнае поле неабходна пашыраць нацыянальным кантэнтам. «Мы жывём у даволі канкурэнтным асяроддзі: спажыўцам даступны тысячы і сотні перыядычных выданняў і тэлеканалаў, як беларускіх, так і замежных. Менавіта таму нашым медыя неабходна павялічваць колькасць нацыянальнага кантэнту. Ужо сёння работа будуецца ў фармаце канвергенцыі сродкаў масавай інфармацыі… Для таго каб газета ці інтэрнэт-рэсурс заставаліся канкурэнтаздольнымі, патрэбна развівацца дынамічна і актыўна». Паводле слоў міністра, тым жа тэлеканалам, якія больш за 60% насельніцтва краіны лічыць асноўнай крыніцай інфармацыі, неабходна замахнуцца на сур’ёзныя праекты: размова аб стварэнні беларускіх серыялаў і тэлефільмаў. «Трэба ўдзяліць увагу слаўнай беларускай гісторыі, гаварыць аб сацыяльных дасягненнях дзяржавы, даносіць да кожнага думку, што мы самі адказныя за сябе, сваю сям’ю і краіну. Журналісты павінны глядзець на ўсе працэсы, што адбываюцца  ў краіне, усебакова і глыбока. Прэса павінна бачыць усё і дапамагаць вырашаць задачы, якія стаяць перад краінай», –  падкрэсліла Лілія Ананіч.

У сваім выступленні міністр інфармацыі засяродзіла ўвагу, што СМІ – гэта не пабочныя наглядальнікі, а актыўныя ўдзельнікі пераўтварэнняў у краіне. У цэнтры ўвагі прэсы заўсёды павінны заставацца важнейшыя сацыяльныя праблемы, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. СМІ павінны расказваць не толькі аб станоўчым вопыце. Яны павінны бачыць вострыя тэмы і разам з уладай разбірацца ў іх. «Размова не аб крытыканстве,  а аб разглядзе праблемы з мэтай знайсці шляхі вырашэнняў», – падкрэсліла Лілія Ананіч.

На рэспубліканскім семінары разгледжаны актуальныя пытанні работы СМІ, узаемадзеяння з дзяржорганамі, асвятлення сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, удасканалення работы ў інтэрнэце.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч падзяліўся напрацоўкамі інфармацыйнага суправаджэння рэгіянальнага развіцця СМІ Гродзеншчыны. Падчас работы семінара журналісты адправілі беларускім спартсменам – удзельнікам Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра – тэлеграму з пажаданнем: «Перамог!»

Групы кіраўнікоў рэспубліканскіх, абласных і раённых СМІ наведалі розныя аб’екты. Дэлегацыя рэдактараў Мінскай вобласці пад кіраўніцтвам намесніка начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяны Хмель наведала КУП «Лідскае телерадыёаб’яднанне», пабывала ў Лідскім замку з праглядам рыцарскага турніру, а таксама наведала ААТ «Лакафарба», Лядовы палац і краязнаўчы музей горада Ліда. Старшыня Лідскага райвыканкама пазнаёміў журналістаў Міншчыны з развіццём свайго рэгіёна.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *