Пладаводства набывае папулярнасць

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

13e-12-08

Напрыканцы ліпеня ў нашым раёне на базе фермерскай гаспадаркі «Мой сад» прайшоў рэспубліканскі конкурс-семінар акуліроўшчыкаў.

– Падобныя мерапрыемствы ладзяцца ў нашай краіне штогод, сёлетняе – дзевятнаццатае па ліку, – адзначыў генеральны дырэктар асацыяцыі «Белсадгадавальнік» Анатолій Каранько. – Правядзенне такіх прафесійных конкурсаў дае магчымасць павышаць кваліфікацыю акуліроўшчыкаў і падвязчыкаў, таму што гэтая работа даволі складаная і спецыфічная. Патрэбны майстэрства, спрытнасць, навыкі для таго, каб правільна зрабіць прышчэпкі.   

Удзельнікі вучобы і конкурсу (адначасова прыехала больш за 130 чалавек) сабраліся ў садзе ля вёскі Цвіркі. Аб асноўных накірунках і перспектывах развіцця пладаводства ў сваім садзе расказаў гасцям кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Мой сад» Уладзімір Шчэкала. Работа семінара, у прыватнасці, будавалася на асаблівасцях догляду садоў, таму размова вялася аб хімічных прэпаратах для абароны садоў ад шкоднікаў і хвароб. Прэзентавалі сваю прадукцыю некалькі замежных кампаній: «Адама», «БАСФ», «Баер» і «Сінгента». На семінары ўдзялялася ўвага і тэхніцы, якая прымяняецца ў садах. На пляцоўцы быў выстаўлены для азнаямлення шлейф машын для садаводства вытворчасці ТАА «СелАгра». Менавіта такая сучасная тэхніка выкарыстоўваецца ў садзе Уладзіміра Шчэкалы. Закраналіся і пытанні  арашэння. Ва ўмовах цяперашніх кліматычных умоў такія сістэмы патрэбны і могуць быць любых тыпаў. Самае галоўнае тут – наяўнасць воднай крыніцы.

Пакуль кіраўнікі фермерскіх гаспадарак і аграномы-садаводы, якія прыбылі з усіх абласцей рэспублікі, слухалі  прэзентацыі прадстаўнікоў фірмаў, у гадавальніку ішла напружаная работа. Удзельнікі конкурсу, усяго дванаццаць пар, спаборнічалі ў якасці і хуткасці прышчэплівання на вегетатыўны размнажальны падвой культурнага сорту, а камісія пільна сачыла за кожнай праведзенай імі аперацыяй.

– Памылак было зроблена нямала, бо акуліроўшчыкі і падвязчыкі спяшаліся, і таму не маглі сканцэнтраваць увагу, – адзначыла член журы, загадчыца аддзела бульбаводства і пладаводства РУП «Гомельская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі» Тамара Сідарэнка, – але ў цэлым вынікамі мы задаволены. 

Лепш за іншых справіліся з конкурсным заданнем і паказалі прафесійнае майстэрства садаводы  РУП «Інстытут пладаводства», якім прысуджана першае месца.

Аб асноўных момантах развіцця пладаводства ў Беларусі расказаў Анатолій Каранько. Ён згадаў, што сітуацыя сёлета склалася нялёгкая, складаныя кліматычныя ўмовы паўплывалі на сады, таму без эфектыўных сродкаў аховы проста не абысціся. Вось і скіравана сёння асаблівая ўвага на новыя хімпрэпараты.  Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы галіна пладаводства развіваецца. Сем гадоў запар не завозіцца пасадачны матэрыял. Вырашчана тры мільёны саджанцаў пладовых дрэў і столькі ж ягадных культур. Экспартавана за межы рэспублікі 168 тысяч саджанцаў. Закладваюцца сады ў асноўным айчыннымі сартамі. Яблыкі насельніцтву патрэбны, бо ўжыванне іх у ежу вельмі карысна і дарослым, і дзецям.

У асацыяцыі «Белсадгадавальнік» налічваецца больш за 120 гаспадарак, з іх 39 – фермерскія. Пры гэтым фермеры займаюць дамініруючую пазіцыю ў вытворчасці пасадачнага матэрыялу. І ён запатрабаваны, бо якасны і адаптаваны не толькі да кліматычных умоў Беларусі, а і іншых краін, у прыватнасці, Расіі, Казахстана, Узбекістана.

Удзельнікам семінара спадабаўся сад Уладзіміра Шчэкалы. Пасадкі граматна размешчаны, дагледжаны, яблыні загружаны ўраджаем. Праведзены ахоўныя апрацоўкі. Гадавальнікі выглядаюць выдатна. Бачна, што сочаць за імі добры гаспадар і адукаваны аграном.

– Вельмі хацелася б, каб усе сады ў рэспубліцы былі такія, – падкрэсліла кансультант аддзела па вытворчасці пладоваагародніннай прадукцыі Мінсельгасхарча Галіна Камінская.

Варта дадаць, што пладаводства ў краіне набывае ўсё большую папулярнасць сярод фермераў і займае другое месца пасля агароднінаводства.

– Не трэба ехаць ні ў Малдову, ні ў Польшчу, ні ў Галандыю, – падвёў вынік семінара-вучобы Анатолій Каранько, – прыязджайце ў Цвіркі і пераймайце вопыт  у садзе ХХІ стагоддзя.

НА ЗДЫМКАХ: удзельнікі семінара аглядаюць тэхніку; нараду вядзе генеральны дырэктар Асацыяцыі «Белсадгадавальнік» Анатолій Каранько (на пярэднім плане); за шчырай размовай (злева направа) дырэктар ТАА «СелАгра» Уладзімір Балвановіч, кансультант Мінсельгасхарча Галіна Камінская і фермер Уладзімір Шчэкала; член камісіі конкурсу Тамара Сідарэнка (у цэнтры) дзеліцца вопытам з маладымі акуліроўшчыкамі.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара           



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *