Не спадзявацца на авось

Ахова працы Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

Адбылася прамая лінія з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Людмілай Магер па пытаннях аховы працы на жніве.

Жыхар раёна пацікавіўся, наколькі высокі ўзровень траўматызму ў сельскагаспадарчай вытворчасці.

– Работа ў сельскай гаспадарцы у ліку самых траўманебяспечных. Летась у вобласці адбыліся два смяротныя выпадкі і дзевятнаццаць з цяжкім зыходам. За сем месяцаў сёлетняга года, паводле аператыўных даных, на вытворчасці загінулі чатыры работнікі,  шаснаццаць атрымалі цяжкія траўмы. 

Уборка ўраджаю – адказная пара, і строгае прытрымліванне правілаў тэхнікі бяспекі ў перыяд жніва – не толькі патрабаванне спецыяльна распрацаваных у гэтай сферы нормаў, а і самога жыцця. Галоўная задача – не толькі сабраць вырашчанае, а і захаваць жыцці і здароўе саміх работнікаў. Аднак колькі б ні гаварылі аб строгім прытрымліванні правілаў тэхнікі бяспекі падчас правядзення сельскагаспадарчых работ, статыстыка, на жаль, пацвярджае, што няшчасныя выпадкі па-ранейшаму маюць месца. У апошні дзень ліпеня смяротную траўму атрымаў малады камбайнер КСУП «Беразіно-аграпрадукт», які парушыў інструкцыю па эксплуатацыі тэхнікі. Гэта той самы выпадак, калі ўдзельнікі жніва спадзяюцца, як гаворыцца, на авось, што і прыводзіць да трагедыі.

–  Ці былі ў нашым раёне выпадкі загарання збожжавых палёў па прычыне няспраўнасці тэхнікі? І хто кантралюе супрацьпажарную бяспеку ў перыяд жніва?

– Летась у ТАА «СЖК «Налібакі» падчас прасавання з-за няспраўнасці трактара занялася салома,  затым агонь перакінуўся на тэхніку. Пажар быў патушаны на месцы, але трактар пацярпеў. Адказнасць за ўраджай і прытрымліваннне пажарных нормаў на ўборцы перш за ўсё нясуць кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак. У кожным таварыстве загадам назначаны адказныя за бяспечнае правядзенне работ. Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання створана спецыяльная камісія, якая ажыццяўляе кантроль за тэхнічным станам камбайнаў, трактароў і агрэгатаў, якія эксплуатуюцца. І, зразумела, пытанні супрацьпажарнай бяспекі на строгім кантролі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях (на полі дзяжураць пажарныя машыны) і ў раённым аддзеле ўнутраных спраў.

– З якога ўзросту падлеткам можна працаваць на збожжатаку?

– Непаўналетнім можна выконваць лёгкую работу падчас уборкі ўраджаю, пачынаючы з 14-гадовага ўзросту, але толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў. Патрэбна і  ўзгадненне з прафсаюзным камітэтам гаспадаркі  пасля праходжання медыцынскага агляду. Пры гэтым работа падлеткаў пад пастаянным кантролем спецыялістаў па ахове працы і адказных за бяспечнае выкананне даручаных работ.

– Якія абавязкі выконвае грамадскі інспектар па ахове працы?

– Грамадскі інспектар у першую чаргу ажыццяўляе грамадскі кантроль за прытрымліваннем работнікамі правілаў аховы працы і робіць гэта самастойна або ў складзе камісій. Мэта грамадскага кантролю – папераджэнне няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, своечасовае і правільнае расследаванне няшчасных выпадкаў і іншых пытанняў аховы працы. Грамадскімі інспектарамі выбіраюцца работнікі прафсаюзных органаў, прафсаюзныя актывісты і члены прафсаюза.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *