Разлічыцца з даўгамі

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

2016 год – Год культуры. Органы прымусовага выканання заклікаюць даўжнікоў быць культурнымі ў першую чаргу ў адносінах да саміх сябе і, безумоўна, дзяржавы.

Пры добраахвотнай аплаце запазычанасці ёсць і матэрыяльныя «бонусы» – не спаганяюцца дадатковыя 10 працэнтаў ад сумы доўгу за прымусовае выкананне.

З якімі неплацельшчыкамі вам даводзіцца сутыкацца? – цікавімся ў начальніка аддзела прымусовага выканання Стаўбцоўскага раёна Вольгі ЧАСНОЎСКАЙ.

– Неплацельшчыкі ўмоўна дзеляцца на дзве групы. Першая – гэта добрасумленныя грамадзяне, якія не разлічыліся з даўгамі з-за якіх-небудзь жыццёвых сітуцый, няведання, што гасіць доўг можна ў тым ліку і паступова. Другую групу неплацельшчыкаў я называю «ідэйнай». Гэта тыя, хто гадамі не плаціць за кватэру, ухіляецца ад аліментаў ці ўстаноўленай судом матэрыяльнай кампенсацыі. Але прымушаць іх разлічвацца з даўгамі – трэба.

З чым працуюць судовыя выканаўцы?

– Як правіла, гэта выканаўчыя лісты, выдадзеныя на падставе рашэння суда, выканаўчыя надпісы натарыусаў і пастановы дзяржорганаў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях. Асноўная катэгорыя – пастановы па адміністрацыйных справах, з якіх большая частка – штрафы ДАІ, не аплачаныя ў тэрмін. Запазычанасць за камунальныя плацяжы спаганяецца праз выканаўчы надпіс натарыуса. Калі чалавек з прэтэнзіямі не згодзен, ён мае права аспрэчыць выканаўчы надпіс у судзе.    

Калі зірнуць на агульную структуру даўгоў…

– На першым месцы – адміністрацыйныя штрафы. Значнае месца займаюць спагнанні за паслугі сувязі, кватэрныя і камунальныя плацяжы, аліменты на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, на карысць банкаў і крэдытных устаноў. Да даўжнікоў прымяняем розныя меры ўздзеяння: адключэнне мабільнай сувязі і інтэрнэту, абмежаванне выезду за мяжу і інш.

Многіх цікавіць, наколькі законныя меры, калі абанент ператвараецца ў часова недаступнага або вымушаны жыць без інтэрнэту?

– Неабавязкова адключаць мабільную сувязь, калі доўг нязначны. Але калі даўжнік пры гэтым ухіляецца ад кантактаў з судовым выканаўцам?.. Згодна з артыкуламі 375 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса і 501 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса судовы выканаўца мае права абярнуць спагнанне доўгу на грашовыя сумы, якія знаходзяцца на абаненцкім рахунку аператара мабільнай сувязі, на паштовыя грашовыя пераводы, якія падлягаюць уручэнню даўжніку. Артыкулы 348 і 482  названых кодэксаў (адпаведна) дазваляюць судоваму выканаўцу забараніць іншым асобам выконваць абавязацельствы ў адносінах да даўжніка. Трэба сказаць, што Мінюст праводзіць работу па арганізацыі доступу судовых выканаўцаў да базы даных старонніх дзяржаўных органаў і арганізацый, і такі доступ ужо арганізаваны да 13 баз даных.

Многія турбуюцца аб забароне на выезд за мяжу.

– Сапраўды, забарона на выезд можа быць вынесена нават у тым выпадку, калі судовае разбіральніцтва не праводзілася. Нявыезд пагражае таму, у каго ёсць даўгі па падатках, крэдытах, штрафах, спагнанне па якіх праводзіцца ў большасці выпадкаў па несудовых выканаўчых дакументах. Да прыкладу, існуе тэрмін на аплату штрафу ДАІ – адзін месяц. Гэты тэрмін сыходзіць і, пры адсутнасці аплаты, узбуджаецца выканаўчая вытворчасць, аднак грамадзянін па-ранейшаму ігнаруе патрабаванне аб аплаце штрафу. Калі ён выязджае за мяжу, акурат на граніцы даведваецца, што ён у спісе «невыязных». Мера гэтая з’яўляецца выключнай і прымяняецца пераважна да злосных даўжнікоў, з буйнымі сумамі запазычанасці.

Бываюць выпадкі, калі даўжнікі не ведаюць пра свой доўг і не падазраюць аб узбуджэнні ў адносінах да іх выканаўчай вытворчасці?

– Падобная праблема можа ўзнікнуць, напрыклад, пры прымусовым выкананні выканаўчых надпісаў натарыусаў, а таксама штрафаў па выніках эксплуатацыі адзінай сістэмы фотафіксацыі парушэнняў хуткаснага рэжыму. Такая сітуацыя ў большасці выпадкаў выклікана  па віне саміх даўжнікоў, якія не пражываюць па месцы рэгістрацыі, куды накіроўваецца адпаведнае паведамленне. Каб выключыць выпадкі накіравання ў органы прымусовага выканання ўжо спагнаных штрафаў, ідзе ўдасканаленне парадку паступлення інфармацыі, узаемадзеяння паміж ДАІ і органамі прымусовага выканання.

У перспектыве, магчыма, будуць якія-небудзь новаўвядзенні ў адносінах да даўжнікоў?

– Згодна з праектам закона «Аб выканаўчай вытворчасці», які рыхтуецца ў парламенце да другога чытання, з’явіцца магчымасць спагнання запазычанасці па выканаўчых вытворчасцях за кошт электронных сродкаў даўжніка. Праект закона дапускае таксама магчымасць звароту спагнання на адзінае жыллё, калі забяспечанасць агульнай плошчай жылога дома або кватэры перавышае 20 м2 на аднаго чалавека, затрыманне і прымусовую адбуксіроўку на ахоўную стаянку арыштаванага транспартнага сродку даўжніка. 

Як пазбегнуць нечаканасцяў?

– Летась у тэставым рэжыме на партале Міністэрства юстыцыі быў запушчаны сэрвіс «Рэестр даўжнікоў». Перайсці на яго можна па ссылцы – http://minjust.gov.by/vipclient. Затым уносіцца прозвішча, імя і імя па бацьку, ідэнтыфікацыйны нумар фізічнай асобы або назва, уліковы нумар плацельшчыка юрыдычнай асобы і, калі ласка, – папярэднія звесткі аб выканаўчых вытворчасцях, якія знаходзяцца на выкананні працяглы час (больш за тры месяцы) і закончаных без выканання выканаўчых вытворчасцяў у адносінах да згаданых асоб, а таксама каардынаты судовага выканаўцы, у якога можна атрымаць пацвярджэнне гэтай папярэдняй інфармацыі.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Да ведама

Аддзел прымусовага выканання Стаўбцоўскага раёна працуе з панядзелка па пятніцу з 09.00 да 18.00 (перапынак на абед – з 13.00 да 14.00).

Адзіны дзень адказаў на тэлефонныя звароты – пятніца. Тэлефон канцылярыі 7-18-04.

Дні асабістага прыёму: начальнікам аддзела прымусовага выканання Часноўскай Вольгай Аляксандраўнай – панядзелак (каб. 22, тэл. 7-18-03); судовым выканаўцам Кухарчык Вольгай Уладзіміраўнай – чацвер (каб. 23, тэл. 7-30-27); судовым выканаўцам Тугушавай Юліяй Аляксандраўнай – аўторак (каб. 23, тэл. 2-52-37); судовым выканаўцам Трасцянка Ірынай Іосіфаўнай – серада (каб. 23, тэл.  2-52-36).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *