Не даюць баравікі спакою

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

13h-12-08

Каму ж у летнюю спякотную пару не хочацца схавацца ў водарных зялёных засенях лясных абшараў, нацешыцьць душу і сэрца зборам багатых дароў, што шчодра прапануюць таямнічыя бярозавыя гаі ці сасоннікі. Толькі добра ўгледзься, азірніся навокал, і вочы заіскрацца радасцю ад убачаных баравікоў. Сапраўдны грыбнік іх чакае, уяўляе ў спакуслівых думках. А гэтыя духмяныя «чорнагаловікі»  сціпленька – скупым ураджаем усяго на нейкі дзянёк – падражніліся ў хлебаробскую пару, калі пачынала каласіцца збажына. Іх і завуць каласавікамі.

А вось жнівень ужо ўдосталь выкідвае баравіковае багацце, толькі прыпільнуй, не праспі той досвіткавы ранак, шыбуй паляўнічым крокам у прыгледжаныя месцы, ды напаўняй у ранкавай цішыні ёмісты кошык, памятаючы, што і гэты баравіковы тэрмін таксама кароткі. Ён жа летні і залежыць ад цёплых навальнічных дажджоў.

 ***

Прыемна прайсціся басанож па роснай, напоўненай ранішняй прахалодай летняй траве. У гэтай прыемнай задаволенасці не часта задумваемся, уяўляем, што травяны дыван, малы ці рослы, – нібыта джунглі  для дробнага жывёльнага свету. Сцішце  крок, прыгледзьцеся – убачыце цэлы наземны арганізм, які кішыць разнастайнымі насякомымі, што  палююць адно на аднаго, падтрымліваючы прыродную раўнавагу.

Вось сядзеў на ўсыпанай роснымі кропелькамі травіне  стракаты асцярожны конік. Калі чалавечая постаць з апаратам наблізілася, перайшла дыстанцыйную граніцу, ён скокнуў убок, у бяспечнасць, як яму здавалася. А выйшла, што яго на ляту абвіў павуцінай, захінуў у белы моцны  кокан, павук. Гэты паляўнічы толькі і чакаў свайго часу.

Васіль Зянько, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *