Тавар «з іголачкі» – і са скідкай

Гандаль Нумары

image_pdfimage_print

17b-17-08

Хоць і турботная, але вельмі прыемная справа рабіць пакупкі да новага навучальнага года. Загадчыца магазіна «Дзіцячы свет» Таіса Пляскач ужо трыццаць гадоў перажывае разам са сваімі пакупнікамі гэтыя прыемныя моманты і гаворыць, што дзіцячая энергетыка – лепшая пілюля для аднаўлення сіл і пазітыўнага настрою.

Магазін «Дзіцячы свет» перад вераснем сустракае наведвальнікаў адноўленым, светлым, прасторным, прыгожым. Райспажыўтаварыства працягвае тэндэнцыю максімальнага выкарыстання вялікіх складскіх памяшканняў для пашырэння гандлёвых плошчаў. У магазіне «Дзіцячы свет» такім чынам з’явіўся раней дадатковы аддзел, дзе размясцілася фірменная секцыя «Марк Фармэль». Цяпер гэтая секцыя пераехала ў рэканструяванае памяшканне магазіна «Забота», таксама на месца былых складоў. А ў магазіне «Дзіцячы свет» у гэтай нішы з’явіліся вітрыны і стэлажы з трыкатажам для ўсёй сям’і.

Будаўнічая брыгада райспажыўтаварыства прафесійна ўмела і хутка адрамантавала яшчэ адно памяшканне з былога склада, дзе нядаўна адкрылася новая секцыя – абутковая.

Як расказвае Таіса Уладзіміраўна, тут прадстаўлены скураны абутак для дзяцей айчынных абутковых фабрык. У секцыі разам з абуткам суседнічаюць і шкарпэткавыя вырабы, галантарэя.

Пасля рэканструкцыі вольна размясцілася асобая вітрына для канцылярскіх вырабаў і школьных прыладаў. Тавару для немаўлят таксама адведзена дастойная вітрына. Для дзіцячых цацак – гэтак жа. У магазіне прасторна, можна без спешкі выбраць тавар, прыцаніцца, прымераць. Агульная гандлёвая плошча крамы складае цяпер 310 квадратных метраў. Заказана сучасная рэклама, якая аздобіць і ажывіць інтэр’ер. Пакуль яна «даязджае» да спецыялізаванага магазіна, вопытныя прадаўцы Ірына Уласік, Наташа Каспяровіч, Таццяна Паплаўская, Таццяна Крэнь, Алена Грыгаровіч, Жанна Грамыка з радасцю падкажуць, зарыентуюць, дапамогуць выбраць тавар.

– Асноўнымі пастаўшчыкамі тавараў для школьнікаў, – знаёміць нас з вітрынамі і стэлажамі Таіса Пляскач, – з’яўляюцца 14 айчынных прадпрыемстваў швейнай галіны і дзевяць – трыкатажнай, дзесяць буйных абутковых фабрык, шэсць прадпрыемстваў скургалантарэі. З прадпрыемствамі-вытворцамі мы працуем напрамую. Сёння вось чакаем тавар з магілёўскай фабрыкі «Шагавіта» з абуткам для дзяцей рознага школьнага ўзросту. У гэтым сезоне асабліва хочацца пахваліць салігорскую швейную фабрыку «Калінка». Яна прапанавала выдатнае, сучаснае школьнае адзенне як для дзяўчынак, так і для хлопчыкаў. Гэта новыя эксклюзіўныя мадэлі, з камбінаваных тканін, з прыгожай аддзелкай. Люба прапанаваць іх пакупнікам. У нашым магазіне прадстаўлена якасная прадукцыя і іншых беларускіх прадпрыемстваў. Адзенне выканана ў патрэбнай колеравай гаме, фасоны – дзелавога стылю, пашыты з натуральных тканін, якія адпавядаюць адзіным санітарна-гігіенічным патрабаванням Мытнага саюза. Сёлета ў нас багата прадстаўлены канцылярскія тавары, можна набыць усё для школы ў адным аддзеле. Хачу звярнуць увагу, што мы гандлюем добрушскімі сшыткамі, яны самыя танныя і адпавядаюць патрабаванням устаноў адукацыі па дзелавым дызайне. Практыкуем гандаль пад адкрытым небам, дзе пакупнікі таксама могуць набыць дзіцячае адзенне, вучнёўскую галантарэю, канцылярскія тавары і іншыя рэчы для школьнікаў.

У адносінах да вучнёўскіх сшыткаў лічым патрэбным дапоўніць Таісу Пляскач. Міністэрства адукацыі краіны рэкамендуе бацькам не набываць вучнёўскія сшыткі з яркімі вокладкамі, на якіх адлюстраваны героі папулярных дзіцячых фільмаў. Сшыткі павінны быць строгімі, без яркіх элементаў, каб не адцягваць увагу дзяцей ад работы.

Не ўпусцім сказаць і аб такім важным моманце. Магазін практыкуе выставы-продажы, дэманстрацыі школьнага адзення, абутку і вучнёўскай галантарэі, акцыі са скідкамі. Напрыклад, на працягу ўсяго жніўня ў суботу і нядзелю школьны тавар прадаецца з 15-працэнтнай скідкай. А на летні тавар штодзень існуе 15-працэнтная скідка. Да паслуг пакупнікоў – беспрацэнтны крэдыт на тры месяцы на ўвесь школьны тавар. Пакупка пры гэтым прадугледжана на суму сто рублёў і вышэй.

У тых, хто не паспеў пакуль набыць усё неабходнае да новага навучальнага года, яшчэ ёсць час. Магазін «Дзіцячы свет» чакае пакупнікоў і гатоў прыемна здзівіць наведвальнікаў і ўтульным ітэр’ерам, і багатым асартыментам, і гасціннасцю прадаўцоў. Прыемных пакупак!

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: каб выбраць неабходнае для сваёй другакласніцы Надзеі, на школьны кірмаш завітала Анастасія Бернатовіч. Тут прафесіянальна прапаноўвае канцылярскія прылады для вучняў Таццяна Паплаўская.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *