Ідуць служыць і афіцэры запасу

Нумары

image_pdfimage_print

У гэтым годзе на ваенную службу прызавуць да 100 афіцэраў запасу. Такі Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2016 года  № 276. У рэдакцыю газеты «Прамень» паступіла шмат пытанняў: хто пападае пад прызыў, колькі будзе доўжыцца служба афіцэраў па прызыве? У сувязі з гэтым мы сустрэліся з намеснікам ваеннага камісара Стаўбцоўскага раёна Аляксандрам Кахновічам  з просьбай даць некаторыя тлумачэнні-каментарыі па ўказе.

– Аляксандр Іванавіч, у рэдакцыю паступаюць пытанні наконт Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб прызыве на ваенную службу афіцэраў запасу». Скажыце, калі ласка, чаму будуць прызывацца на  службу афіцэры запасу?

– Міністэрства абароны называе некалькі асноўных прычын, чаму афіцэры запасу павінны прайсці ваенную службу. Па-першае, гэта павысіць укамплектаванасць пярвічных пасад афіцэрскага саставу. Па-другое, гэта дазволіць праверыць якасць падрыхтоўкі на ваенных факультэтах і кафедрах грамадзянскіх ВНУ. Афіцэры запасу замацуюць веды, якія атрымалі за час навучання, і ўзровень прафпадрыхтоўкі мабілізацыйнага рэзерву павысіцца.

–  А хто трапляе пад прызыў?

– Пад прызыў трапляюць грамадзяне Беларусі мужчынскага полу маладзейшыя за 27 гадоў. Гэта, прыкладна, маладыя людзі 1990 года нараджэння, якія вучыліся па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу на ваенных кафедрах ці факультэтах грамадзянскіх ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, здалі выпускныя экзамены і былі залічаны ў запас з прысваеннем звання афіцэра. Сярод выпускнікоў ваенных факультэтаў і кафедраў будуць прызываць тых, хто не прайшоў тэрміновую ваенную слуюбу, не мае права на адтэрміноўку ад прызыву і годны па стане здароўя.

– Колькі афіцэраў запасу прызавуць на службу?

– Узброеным сілам патрэбны спецыялісты па асобных ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Па рэспубліцы гэта да 100 чалавек.

– Колькі прыйдзецца служыць афіцэру запасу?

– Тэрмін устаноўлены арт. 45 закона аб воінскім абавязку і воінскай службе. Ён складае 12 месяцаў.

– Малады чалавек трапляе на ваенную службу. На якой пасадзе ён будзе служыць?

– Афіцэры запасу, якія прызваны на ваенную службу, будуць назначаны на афіцэрскія пасады.

– Аляксандр Іванавіч, у маладога чалавека, г. зн. афіцэра запасу, могуць складвацца розныя абставіны: бытавыя, сямейныя. Скажыце, калі ласка, хто мае адтэрміноўку ад прызыву? Ці будуць прызываць тых, хто мае фінансавыя абавязкі, напрыклад, крэдыт?

– Вызваляюцца ад прызыву на ваенную службу ці маюць адтэрміноўку катэгорыі грамадзян, якія пералічаны ў арт. 31 і 32 «Закона аб воінскім абавязку і ваенный службе». Заканадаўства не прадугледжвае вызвалення ад прызыву на такіх падставах, як банкаўскія крэдыты, неаплачаныя штрафы, аліменты і г. д.

– А афіцэрам па прызыве будуць плаціць зарплату за службу?

– Так. Яны будуць атрымліваць зарплату як і афіцэры-«кантрактнікі». Акрамя таго, ім кампенсуюць расходы па арэндзе жылля, калі яны не будуць забяспечаны жыллём па месцы праходжання службы.

– Уявім, што год службы прайшоў. Ці захаваецца за прызыўнікамі іх былое рабочае месца на час службы? Ці могуць яны вярнуцца на папярэдняе месца працы?

– Так, могуць. Захоўваецца месца працы за тымі, хто працаваў у дзяржаўных арганізацыях. Арыткул 342 Працоўнага кодэкса прадугледжвае, што на працягу трох месяцаў пасля заканчэння ваеннай службы яны маюць права паступіць да того ж працадаўцы, на тую ж пасаду ці раўназначную ёй.

– Паважаны Аляксандр Іванавіч, дзякуй за гутарку, за тлумачэнні-каментарыі ўказа. А мы нагадаем нашым чытачам што ў гісторыі сучаснай Беларусі на ваенную службу афіцэраў запасу прызывалі і ў 2002 годзе (260 чалавек на два гады), і ў 2005 годзе.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *