Чалавек і справа

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ШЧЫРУЕ СЯМЕЙНЫ ДУЭТ

Уся працоўная біяграфія Таццяны і Віктара Трацэнкаў звязана з жывёлагадоўляй. Больш за чвэрць стагоддзя рупяцца яны на ферме. Таццяна Віктараўна пачынала працаваць на МТФ «Шахноўшчына» даяркай, а Віктар Мікалаевіч – даглядчыкам. Шчыравалі разам раней і цяпер побач працуюць. Толькі профіль прафесіі крыху змянілі – цялятак гадуюць. Работа нялёгкая. Раніцаю прыходзяць на працу разам з даяркамі і вяртаюцца дадому позна. Асабліва затрымліваюцца ў тыя дні, калі жывёлу пераважваюць.

Шмат у іх  ручной работы і, зразумела, муж тут выручае жонку: дапамагае малако, кармы і ваду прынесці, падаслаць жывёлу саломай. Таццяна Віктараўна менавіта маленькіх цялятак паднімае на ногі. У яе групе гадаванцы ад нараджэння да дасягнення месячнага ўзросту. Пасля Віктар Мікалаевіч забірае іх у сваю групу і гадуе да таго часу, пакуль ім споўніцца паўгода.

Кіраўніцтва таварыства і брыгадзір фермы задаволены работай сваіх падначаленых. Муж і жонка Трацэнкі неаднаразова перамагалі ў раённым спаборніцтве сярод калег, бо добрасумленна адносяцца да сваіх абавязкаў і маюць высокія вынікі. І сёлета атрымліваюць неблагія сярэднясутачныя прывагі. У Таццяны Віктараўны яны складаюць каля 735 грамаў, а ў Віктара Мікалаевіча – звыш 630 грамаў.

 17c-17-08

ДАСЯГНУТА СТАРАННАЙ ПРАЦАЙ

Падведзены вынікі работы жывёлаводаў рэспублікі за студзень – чэрвень бягучага года. Сярод 118 раёнаў Стаўбцоўскі займае 23-ю прыступку. Па-ранейшаму лідзіруе Нясвіжскі раён, у аўтсайдарах – Чэрыкаўскі. Па таварнасці малака мы дзелім чацвёртае-пятае месца ў вобласці і 18-19 – у рэспубліцы з дзяржынцамі, прададзена 90,8 працэнта ад надоенага. На першым месцы па таварнасці малака Самалявіцкі раён з паказчыкам 91,7 працэнта.

Сярод 510 сельгасарганізацый з прадукцыйнасцю дойнага статка вышэй сярэднерэспубліканскай дзевяць нашых гаспадарак. Гэта ТАА «СЖК «Налібакі» (8-е месца), ААТ «Вялікі Двор» (46-е месца), ААТ «Каганец» (58-е месца), ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (142-е месца), ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» (155-е месца), ААТ «Жацерава» (157-е месца), ААТ «Агранёманскі» (219-е месца), ААТ «Вішнявецкі-агра» – ( 501-е месца) і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» – (505-е месца). Першынство тут утрымлівае СГК ЗАТ «Вітэк» Уздзенскага раёна, дзе за паўгоддзе ў сярэднім ад кожнай каровы атрымана па 5358 кілаграмаў малака.

Комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ «Вялікі Двор» у рэйтынгу дваццаць пяты, а комплекс ААТ «Дзераўное» – семдзесят першы. На першай прыступцы ААТ «Старыца-агра» (Капыльскі раён), а на апошняй – ААТ «Урэцкі» (Любанскі раён).

 

КАНТРАЛЮЕ ЯКАСЦЬ MAS-D-TEC

З мэтай паляпшэння якасці малака, у прыватнасці, вызначэння ў ім колькасці саматычных клетак, выяўлення і своечасовага лячэння субклінічнага мастыту вымені кароў на ранняй стадыі, кіраўніцтва ААТ «Рочавічы» закупіла тры партатыўныя сістэмы MAS-D-TEC замежнай вытворчасці.

– Прыборы кампактныя і простыя ў рабоце, – гаворыць галоўны заатэхнік Вікторыя Касцюкевіч. – Вызначаюцца паказчыкі малака асобна па кожнай карове. Карыстаюцца аналізатарамі брыгадзіры фермаў і ветспецыялісты, перыядычна тэсціруючы малако.

Наладжаны кантроль дазволіў жывёлаводам палепшыць якасць малака. Зразумела, стараюцца і самі людзі, бо адчулі, што заработная плата стала вышэйшай. І ў далейшым работнікі фермаў будуць прыкладаць намаганні для таго, каб пастаўляць перапрацоўшчыкам малако і гатункам «экстра». Апошнім часам гаспадарка адгружае сваю прадукцыю на малочны завод вышэйшым гатункам.

 

ДОБРА КАРМІЦЬ І ДАГЛЯДАЦЬ

Падвядзенне вынікаў работы жывёлаводаў раёна за сем месяцаў бягучага года праходзіла ў ААТ «Жацерава». З дасянутымі за адпаведны перыяд паказчыкамі азнаёміла прысутных начальнік аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галіна Шуранкова, якая назвала і прычыны зніжэння вытворчасці малака і мяса ў асобных гаспадарках.  Па малаку раён у цэлым плюсуе, змінусавалі па валавых надоях толькі чатыры гаспадаркі: ААТ «Вялікі Двор», «Жацерава», «Вішнявецкі-агра» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Узнаўленчая работа ў вышэйназваных таварыствах вядзецца на ўзроўні,  прадукцыя ж недабрана за кошт пралікаў у кармленні. Высокаўдойных кароў, у прыватнасці, трэба забяспечваць бялком пад іх тэхналагічную прадукцыйнасць (гэта тычыцца «Вялікага Двара» і «Профі-Аграцэнтра»). Адна з прычын нестабільнай работы жывёлаводаў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», дзе дапушчаны самы вялікі мінус, – высокае выбыццё пяршачак. Захваральнасць кароў павялічылася за кошт парушэння тэхналогіі кармлення. Толькі за ліпень здадзена 45 галоў. У «Жацераве» і «Вішнявецкім-агра» праблема ў перабоях з кармленнем. У абодвух выпадках недапрацавалі спецыялісты.

Узнімалася і пытанне якасці малака, якая жадае быць вышэйшай. Не лепшым чынам  ідуць справы ў ААТ «Шашкі», «Рубяжэвічы» і «Дзераўное». Кіраўнікі гэтых гаспадарак падвяргаліся крытыцы з боку старшыні райвыканкама Юрыя Горлава. Нізкая гатунковасць малака адбіваецца на даходах. Сёння здадзены перапрацоўшчыкам вышэйшым гатункам літр малака каштуе 42 капейкі, а першым гатункам – на дзесяць капеек менш. Арыфметыка простая. Не гаворачы аб «экстры», за якую плацяць па 49 капеек. І зноў жа размова вялася пра наладжванне строгага кантролю  за працай жывёлаводаў з боку спецыялістаў і кіраўнікоў. Чалавечы фактар тут адыгрывае галоўную ролю. У ліпені найбольш здалі малака гатункам «экстра» працаўнікі фермаў  ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – 82 працэнты, ААТ «Вішнявецкі-агра» – 68, «Каганец» – 62, «Вялікі Двор» – 40 і ТАА «СЖК «Налібакі» – 21 працэнт. Адгрузілі пэўную колькасць малака найвышэйшым гатункам жывёлаводы ААТ «Агранёманскі» і «Жацерава».

У вытворчасці мяса ялавічыны не выйшлі на мінулагоднія паказчыкі толькі тры гаспадаркі – «Вішнявецкі-агра», «Дзераўное» і «Рочавічы». У першым таварыстве не хапіла ў зімовы перыяд кармоў, у маладняку не было паўнацэннага рацыёну. Двум другім неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу на ўмовы ўтрымання цялят: у памяшканнях заўжды павінна быць чыста і суха. Своечасова трэба рабіць ветэрынарныя апрацоўкі.  Адчувальныя недахоп мінеральных дабавак і перабоі з камбікормам КР-1, што аказвае негатыўны ўплыў на здароўе маленькіх цялят. Даследаванні крыві жывёлы ў «Рочавічах», «Шашках» і «Дзераўной» паказваюць на паніжанае ўтрыманне ў ёй караціну, кальцыю, фосфару. У тых жа гаспадарках, дзе ўсё робіцца ў комплексе, – і вынікі адпаведныя.  Гэта ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Вялікі Двор», «Жацерава»,  «Каганец», «Агранёманскі», «Радзіма Якуба Коласа», дзе дасягнуты самыя высокія сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы. У цэлым жа ў мясным цэху раёна справы ідуць няблага, вырашчана мяса больш, чым за адпаведны перыяд летась.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *